У кастрычніку ўлада зноў, чарговым разам, распачала кампанію барацьбы з так званымі «дармаедамі» — асобамі, якія афіцыйна нідзе не працуюць, а таму ня плацяць падаткі і не папаўняюць пэнсійны фонд. Такіх чыноўнікі налічылі каля паўмільёна — гэта ледзь не 15 працэнтаў ад усіх працаздольных насельнікаў Беларусі.
Што рабіць з гэтымі дармаедамі? І ці дармаеды яны ўвогуле, калі большасьць зь іх — зусім не жабракі і не галадранцы, а вельмі нават заможныя грамадзяне, якія зарабляюць свой хлеб цяжкой працай на расейскіх будоўлях ды нафтавых і газавых радовішчах?
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў піша:
«Дармаеды (або, па-расейску, „тунеядцы“) — ворагі ня новыя, яны былі ў нас і раней, нават у сталінскія часы. Толькі пры Сталіну называліся яны па-іншаму — „нетрудовой элемент“.
Але мяне зьдзіўляе і засмучае не наяўнасьць у нашай краіне дармаедаў, а іх вялізная колькасьць: нават паводле сьведчаньня вялікага аптыміста Аляксандра Рыгоравіча, іх у нас ажно паўмільёна! А паводле ацэнак незалежных экспэртаў, нават нашмат больш — кажуць, толькі за мяжой, пераважна ў Расеі, іх хаваецца ледзь не мільён!
Відавочна, што сама сабой, бяз дай прычыны, такая армія дармаедаў утварыцца не магла. Вінаватыя (ці вінаваты), якія паспрыялі гэтай бруднай справе, абавязкова павінны быць. Гэта вам не трагедыя на Нямізе ў траўні дзевяноста дзявятага, дзе было пяцьдзясят тры нябожчыкі і ніводнага вінаватага.
Такім чынам, пачнём сьледзтва. Перш-наперш трэба звузіць кола падазраваных. Відавочна, што атрымаць мільён дармаедаў у спадчыну ад СССР мы не маглі — пры СССР дармаеды хоць і былі, але не ў такой колькасьці. Зваліць усё на Шушкевіча з Пазьняком не атрымаецца — першы даўно не пры справах, а другі наагул у эміграцыі. Абвінаваціць Афрыку ці які іншы кантынэнт таксама не выпадае — гэта не чума сьвіней, не птушыны грып і нават не ліхаманка Эбола.
Я, шаноўнае спадарства, проста вантробамі адчуваю, што вінаватага трэба шукаць ня звонку, а ўнутры краіны. Прычым, улічваючы маштабы злачынства, гэта павінен быць не звычайны сьлесар-сантэхнік, а ўладальнік вялікага і тоўстага партфэля. Аляксандра Рыгоравіча са сьпісу выключаем адразу — ён ня можа быць вінаваты ніколі, таму што сьвяцейшы за папу Рымскага. І наагул, ён ніколі не памыляецца і ні за што не адказвае — для гэтага існуюць падначаленыя. Рукі прэч ад Аляксандра Рыгоравіча!
Зь ліку падазраваных трэба выключыць увесь Саўмін і адміністрацыю прэзыдэнта: там ідзе такая ратацыя кадраў, што не пасьпее чыноўнік раскласьці паперы на стале і пабудаваць утульны і цёплы катэдж у Драздах ці іншым прэстыжным месцы, як ужо трэба тыя паперы зьбіраць, або нават і самому перасяляцца з катэджа ва ўтульную, цёплую камэру. Няма часу ім яшчэ і дармаедамі займацца. Застаецца хіба толькі Міхаіл Уладзімеравіч, але ён ужо столькі разоў прызначаўся „стрэлачнікам“, што набыў імунітэт.
Давайце іх усіх пакараем, вашамосьць! Жэстачайшэ! А разам зь імі пакараем яшчэ сама меней два мільёны іх родных, якіх яны кормяць і падтрымліваюць
Парлямэнт таксама трэба выключыць — гэта такі ляжачы камень, пад які не пацячэ ня толькі звычайная вада, а нават газаваная з сыропам. Яны нават просты закон аб абыходжаньні з жывёламі ўжо дванаццаць год ня могуць прыняць, дзе ім выгадаваць паўмільёна дармаедаў!
...Застаецца адзінае выйсьце: абвінаваціць у пандэміі дармаедзтва пяцьсот тысяч саміх „дармаедаў“. У тым ліку беларускіх будаўнікоў, якія працуюць не складаючы рук на расейскіх будоўлях, беларускіх дальнабойшчыкаў, што кіруюць фурамі з расейскімі нумарамі, тысячы і тысячы іншых беларусаў, якія працуюць у блізкім і далёкім замежжы — усе яны плацяць падаткі там, дзе працуюць, і, наколькі я ведаю, не абавязаныя плаціць нешта яшчэ і тут. Застаецца абвінаваціць былых беларускіх сялян, якія страцілі працу на беларускіх зьнішчаных сьвінакомплексах і ў распушчаных калгасах, былых беларускіх настаўнікаў з зачыненых беларускіх школ, былых беларускіх рабочых са збанкрутаваных прадпрыемстваў, тысячы і тысячы іншых людзей, якіх дзяржава вышпурнула на ўзбочыну жыцьця, а часам і ў прыдарожную канаву.
Давайце іх усіх пакараем, вашамосьць! Жэстачайшэ! А разам зь імі пакараем яшчэ сама меней два мільёны іх родных, якіх яны кормяць і падтрымліваюць!».
Чыноўнікі ўжо падлічылі, што з кожнага такога дармаеда варта спагнаць сама меней каля тысячы даляраў падатку за год. Памнажаем гэтую тысячу на паўмільёна дармаедаў — выходзіць 500 мільёнаў даляраў дадатковага прыбытку зь ніадкуль. На такія грошы можна яшчэ зь дзясятак лядовых палацаў пабудаваць...
Але гэта — толькі ў пражэктах віцэ-прэм’ера Тозіка. Насамрэч спагнаць гэтыя грошы надзвычай цяжка, а ў шэрагу выпадкаў і немагчыма. Наіўна спадзявацца, што які-небудзь муляр Вася, які паўгода зарабляе цяжкай працай свае 10 тысяч даляраў, будуючы ў Падмаскоўі палацы для расейскіх алігархаў, паслухмяна адшчыкне ад свайго заробку тысячу і панясе ў падатковую інспэкцыю. Ды ён хутчэй за сто даляраў купіць даведку ў мясцовым збанкрутаваным калгасе — пра тое, што працуе ў гэтым калгасе сэзонным вартаўніком на чвэрць стаўкі. Ахоўвае, напрыклад, капуснае поле.
Каб спагнаць з муляра Васі тую тысячу даляраў, спатрэбіцца патраціць удвая болей на пошукі, доказы і сьледчыя ды судовыя працэдуры
Вядома, можна паспрабаваць вывесьці хітрага Васю на чыстую ваду. Але дзеля гэтага трэба прыцягнуць кантралёраў зь міліцыі, сьледчага камітэту, падатковай інспэкцыі — і ўсім заплаціць за працу немалыя грошы (бо за малыя грошы чыноўнікі ды сілавікі не працуюць). І выявіцца: каб спагнаць з муляра Васі тую тысячу даляраў, спатрэбіцца патраціць удвая болей на пошукі, доказы і сьледчыя ды судовыя працэдуры.
Вядома, ёсьць і іншы шлях: працаўладкаваць муляра Васю ў ягоным родным калгасе на такое месца, дзе ён за паўгода атрымліваў бы тыя ж дзесяць тысяч даляраў. Зразумела, што ў такім выпадку ён ні ў якую Расею не паедзе, а ўсе падаткі застануцца ў Беларусі — і праблема дармаедаў адпадзе сама сабой. Але дзе ты знойдзеш такую працу ў беларускім калгасе? Такія грошы тут атрымліваюць хіба што калгасны старшыня ды ягоны намесьнік па ідэалёгіі...
✉ ✉ ✉Наступны допіс даслаў нам Уладзімер Паўлаў зь Менску — пачуўшы адну зь нядаўніх праграмаў, у якой ішла размова пра тое, як чыноўнікі рэагуюць на звароты і скаргі шараговых грамадзянаў. Слухач піша:
«Дарагія таварышы па няшчасьці! Коратка распавяду ўласную гісторыю таго, як нас падманваюць. Я адпрацаваў да пэнсіі 43 гады. І потым яшчэ пяць, ужо на пэнсіі — аж да таго моманту, калі праз інсульт стаў інвалідам другой групы. І што ж у выніку? Адмалаціў на дзяржаву паўстагодзьдзя — а пэнсія ўсяго два „лімоны“, як у якога дармаеда зь дзесяцігадовым стажам. Напісаў у Адміністрацыю прэзыдэнта. У адказ прыйшла адпіска: зьвяртайцеся ў суд.
Ну, у судзе доўга разьбіраліся, паднімалі дакумэнты — у выніку падвысілі мне пэнсію на 250 тысяч. Нічога ня скажаш, вялікае дасягненьне.
Карацей кажучы, дасьледаваў я гэтае пытаньне, размаўляў са многімі людзьмі — і зразумеў: каб атрымаць у нашай „квітнеючай“ добрую пэнсію, трэба не працоўны стаж мець, а зусім іншае. А менавіта: працаваць „мянтом“, спэцназаўцам, чыноўнікам. Карацей, у той структуры, якая абараняе гэты рэжым. Нават калі там адпрацуеш 10 гадоў — атрымаеш пэнсію ўтрая большую, чым той, хто простым рабацягам адтрубіў 50 год, як я... І што гэта за сацыяльная справядлівасьць у нас?».
Маеце рацыю, спадар Уладзімер. Высокапастаўленыя чыноўнікі разам з дэпутатамі распрацавалі і зацьвердзілі такую пэнсійную сыстэму, у якой самі яны займаюць абсалютна выключнае, прывілеяванае становішча. У выніку пасьля выхаду ў адстаўку яны атрымліваюць пэнсіі, несувымерныя ня толькі з пэнсіямі «простых сьмяротных» (настаўнікаў, рабочых, мэдыкаў), але нават зь сярэднімі заробкамі па краіне. У шэрагу выпадкаў пэнсіі былых высокапастаўленых чыноўнікаў перавышаюць тысячу даляраў — у той час як шараговыя пэнсіянэры рэдка атрымліваюць больш за 200.
✉ ✉ ✉Аўтар наступнага ліста — Ігнат Гавенскі з Полацку — зь цікавасьцю сочыць за бягучымі палітычнымі падзеямі і спрабуе спрагназаваць, якая будучыня чакае беларускую дзяржаву:
«Агульная грамадзка-палітычная сытуацыя, што склалася ў сёньняшняй Беларусі, нагадвае мне старую дзіцячую гульню. Гучыць музыка, дзеці сталі ў кола і ходзяць ці бегаюць вакол крэслаў, якіх на адно меней, чым удзельнікаў гульні. Музыка сьціхне — усе кінуцца да крэслаў, але камусьці месца ня хопіць...
Калі сьціхне палітычная музыка? Тады, калі скончацца (зь вядомым для ўсіх вынікам) прэзыдэнцкія выбары 2015 году. Што стане ясна пасьля выбараў? Тое, наколькі моцна Лукашэнка баіцца Пуціна і ягонай барацьбы за аб’яднаньне так званага „рускага сьвету“. Таксама стане больш зразумела, ці была беларуская афіцыйная пазыцыя па Ўкраіне толькі выпрошваньнем грошай на Захадзе.
Які вынік будзе, калі ўсе гэтыя тры сілы сыдуцца ў цэнтры Менску? 45 000 трупаў, зь якіх 30 000 — у вышыванках?
...Часта задумваюся над будучыняй Беларусі. Ну, праседзіць Лукашэнка ў прэзыдэнцкім крэсьле яшчэ 10 (ці 20, ці нават 30) год. Але ж настане і ягоны апошні дзень. І што тады? Камандзір якой-небудзь „амонаўскай“ часьці падніме свой полк і пойдзе захопліваць цэнтар Менску? А ў гэты момант расейскае кіраўніцтва, якое таксама зразумее выключнасьць моманту, накіруе сюды ж сваіх „зялёных чалавечкаў“, якіх дзякуючы расейскім вайсковым базам будзе тут дастаткова. А нашы нацыянальна сьвядомыя змагары, зноў жа разумеючы гістарычнасьць моманту, пачнуць чарговую пераможную Плошчу-2024 (ці 2034)... І чым усё скончыцца? Які вынік будзе, калі ўсе гэтыя тры сілы сыдуцца ў цэнтры Менску? 45 000 трупаў, зь якіх 30 000 — у вышыванках?».
Фінал аўтарытарных рэжымаў бывае розны, спадар Ігнат. Як паказвае гістарычны досьвед, беларускае грамадзтва ў сваёй масе ня схільнае да ўзрушэньняў ды рэвалюцыяў, і звычайна кардынальныя зьмены палітычнага ладу адбываюцца тут як вынік гістарычнага пералому ў больш магутных суседзяў. Так было на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя. І вельмі падобна да таго, што гэтак жа будзе і цяпер. Беларускі рэжым (як, зрэшты, і ў цэлым беларускае грамадзтва) застаецца ў цеснай залежнасьці ад Расеі — залежнасьці ня толькі эканамічнай і палітычнай, але і культурнай, моўнай, духоўнай дый любой іншай. Адбудуцца кардынальныя зьмены там — немінуча адаб’юцца яны і на лёсе Беларусі. І па-іншаму тут наўрад ці здарыцца.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.