«Усё, што адбываецца на тэрыторыі Данецкай вобласьці, — гэта вялікая тэхналёгія. Тэхналёгія ўтрыманьня рэжыму Пуціна пры ўладзе, тэхналёгія помсты Ўкраіне за свабодны выбар на Эўрамайдане і ўцёкі Януковіча. Тэхналёгія помсты за тое, што Ўкраіна выйшла з крамлёўскай кішэні, а Беларусь, на жаль, у другой кішэні яшчэ застаецца», — канстатуе ён.
3 лістапада ў падкантрольных баевікам раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей прайшлі «выбары», якія Ўкраіна, ЭЗ і ЗША лічаць нелегітымнымі.
Паводле словаў Аляксея Мацукі, тое, што адбывалася ў Данбасе, цяжка назваць выбарамі. Бюлетэні можна было раздрукаваць на прынтэры, на шмат якіх выбарчых участках не было урнаў і кабінак для галасаваньня, адсутнічалі сьпісы выбарцаў.
«Усё гэта пастаноўка для тэлекамэраў, выключна каб пасьля гэтага расейскія СМІ маглі рабіць выгадную карцінку для свайго спажыўца, каб можна было абгрунтаваць агрэсію рэжыму Пуціна ў адносінах да Ўкраіны. Таму складана назваць выбарамі той працэс, які ўчора адбываўся. Мы нават пыталіся ў сэпаратыстаў: чаму няма апазыцыі ў вас? А яны сказалі, што, аказваецца, гэта яшчэ не актуальна, каб была апазыцыя. Насамрэч — ну якая можа быць апазыцыя, якая можа быць грамадзянская супольнасьць ва ўмовах, калі любое іншадумства душыцца зброяй, падвалам, слупом (як у выпадку Ірыны Доўгань) або проста забойствам чалавека (як у выпадку дэпутата з Горлаўкі Ўладзімера Рыбака, якому распаролі жывот)?», — кажа Мацука.
Каб атрымалася «карцінка» і людзі прыйшлі на «выбары», сэпаратысты раздавалі на выбарчых участках танныя прадукты:
«Было дзьве чаргі на кожным участку: адна — каб узяць паперку і прагаласаваць, а другая — па прадукты. Напрыклад, кіляграм бульбы, цыбулі, капусты або морквы можна было купіць за 1 грыўню. Гэта вельмі танна, амаль бясплатна».
Паводле Мацукі, гэтыя прадукты прывёз апошні расейскі гуманітарны канвой. Таксама на некаторых участках выдавалі бясплатна кашу і піражкі.
«Насамрэч гэта зьневажальна для чалавечай годнасьці, калі вакол няма ежы ў прамым доступе, калі дэфіцыт прадуктаў. Сэпаратысты проста на гэтым нажываюцца, гуляюць на беднасьці, галечы, выкідваюць на ўчасткі свае мяхі з бульбай і морквай, якую ім прыслалі іх сябры з Расеі», — адзначае ён.
Але, як кажа Мацука, людзі прыходзілі на выбарчыя ўчасткі ня толькі дзеля танных прадуктаў:
Як бы пры Брэжневу хтосьці на вуліцы спытаў: ці вы падтрымліваеце савецкую ўладу? І вам бы ўсе адказалі: так, падтрымліваем. Тое ж самае цяпер у Данецку
«Людзі прыходзілі на ўчасткі ў рашучасьці, што калі яны зробяць гэты сакральны акт з аркушыкам A4, раздрукаваным на прынтэры, тады пачнуць выплачваць зарплату. Яны імкнуцца да таго, каб хоць нейкае кіраўніцтва было, і тады будзе ўсё добра. Ёсьць такая лёгіка ў нашых людзей: вось сядзе чалавек у пінжаку, хай у яго пры гэтым будзе аўтамат, але ён будзе дырэктарам. І гэты дырэктар будзе вырашаць іх праблемы, і яны будуць атрымліваць свае 3–4 тысячы грыўняў. Вядома, усё гэта складаецца ва ўмовах татальнага страху і адсутнасьці іншадумства. То бок — як бы пры Брэжневу хтосьці на вуліцы спытаў: ці вы падтрымліваеце савецкую ўладу? І вам бы ўсе адказалі: так, падтрымліваем. Тое ж самае цяпер у Данецку».
Паводле Мацукі, чэргі, якімі хваляцца сэпаратысты, ствараліся на «выбарах» штучна: напрыклад, у Варашылаўскім раёне Данецку зарэгістравана 120 участкаў, але адкрытыя былі толькі 12. Усё гэта данецкі журналіст лічыць прыкладам тых брудных тэхналёгіяў, якія выкарыстоўвае Крэмль у адносінах да Ўкраіны.
Мацука адзначае, што ніякай сапраўднай канкурэнцыі на «выбарах» у ДНР, дзе перамог «прэм’ер-міністар» Аляксандар Захарчанка, не было. Іншыя кандыдаты — Аляксандар Кофман і Юры Сіваконенка — былі хутчэй сымбалічнымі фігурамі.
Хоць саміх Сіваконенку і Кофмана журналіст называе людзьмі невыпадковымі для «сэпаратысцкай тусоўкі». У мінулыя гады яны адзначаліся ў прарасейскіх акцыях у Данецку. Але ўсе іх лічылі абсалютнымі маргіналамі.
«Гэтыя людзі ніколі не вызначалі лякальную палітычную карціну. Мы іх заўсёды ўспрымалі як гарадзкіх вар’ятаў. Але яны на гэтую ролю і прэтэндавалі, таму што іх рыторыка не адпавядала запытам грамадзтва. Яны заўсёды зь нейкімі мітамі ўзьнікалі, змовамі, тэорыямі ўсеагульнага глябальнага прыгнёту і гэтак далей, што заўсёды выклікае ўсьмешку ў нармальным грамадзтве. Але як толькі зьявілася зброя ў руках гэтых людзей, як толькі спатрэбілася іх рыторыка краіне з агрэсіўным рэжымам Пуціна, яны сябе адчулі гаспадарамі жыцьця. Пры іх крымінальны сьвет, які быў раней схаваны, выплыў на паверхню. Напрыклад, некаторыя злодзеі, якія ў Данецку сядзелі ў турме, яны сёньня на свабодзе і на „Майбаху“ разьяжджаюць па вуліцы Арцёма (галоўная вуліца Данецку. — РС) зь нейкімі жанчынамі. Гэта карыкатурны вобраз, але ён рэальны. І гэта стала магчыма дзякуючы гэтым людзям. Паняцьці свабоды слова, дэмакратычнай працэдуры, грамадзянскай супольнасьці не існуюць у іх лексыконе і сьветаадчуваньні. У іх існуюць зусім іншыя паняцьці, якія маюць мала агульнага з цывілізаваным разьвіцьцём чалавецтва», — кажа журналіст.