Кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алена Танкачова 30 кастрычніка атрымала апавяшчэньне пра ануляваньне віду на жыхарства ў Беларусі. На 5 лістапада прызначаны разгляд пытаньня аб высылцы праваабаронцы за межы Беларусі. Фармальнай прычынай такога захаду адміністрацыя Першамайскага раёну называе парушэньне правілаў дарожнага руху.
У інтэрвію сайту «ЭўраБеларусь» Алена Танкачова паведаміла, што падставай для рашэньня ануляваць від на жыхарства паслужылі адміністрацыйныя правапарушэньні — нязначныя перавышэньні хуткаснага рэжыму падчас кіраваньня аўтамабілем, зафіксаваныя відэакамэрамі.
Алена Танкачова вырашыла пакуль больш не кантактаваць са СМІ ў справе пазбаўленьня яе віду на жыхарства і пагрозы дэпартацыі ў Расею, чыё грамадзянства яна мае:
«Я абсалютна асэнсавана выбрала стратэгію аднаго эксклюзіўнага інтэрвію. Больш мне няма чаго дадаць. Таму што любыя размовы з гэтай нагоды адымаюць у мяне вельмі шмат чалавечых сіл. А мне трэба мець сілы для таго, каб нейкім чынам рацыяналізаваць сябе».
Пра пагрозу, што яе могуць пазбавіць віду на жыхарства і дэпартаваць зь Беларусі, праваабаронцы Алены Танкачовай, якая пражывае ў Беларусі з 1985 году, але мае расейскае грамадзянства, стала вядома яшчэ ў верасьні.
Тады Алена Танкачова заявіла, што спадзяецца станоўча вырашыць гэтыя праблемы і вельмі разьлічвае застацца ў Беларусі.
Пражыўшы ў Беларусі амаль 30 гадоў, праваабаронца заставалася грамадзянкай Расеі. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна патлумачыла: «...мне ўсе гэтыя гады было псыхалягічна складана папрасіць аб беларускім грамадзянстве менавіта таго чалавека, які ў маім уяўленьні быў ня варты маёй пэрсанальнай просьбы...».
Калега Алены Танкачовай па праваабарончай дзейнасьці, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што такія дзеяньні з боку беларускіх уладаў не адпавядаюць тэндэнцыі на паляпшэньне беларуска-эўрапейскіх стасункаў, якое прывяло, напрыклад, да значнага скарачэньня «чорнага сьпісу» чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз:
«Мне невядомыя выпадкі, калі за невялікія і без наступстваў адміністрацыйныя парушэньні правілаў дарожнага руху людзей пазбаўлялі б віду на жыхарства. Таму тут напрошваецца здагадка пра іншую падаплёку гэтага дзеяньня з боку ўладаў. Аднак гэтае дзеяньне вельмі несугучнае з актывізацыяй беларуска-эўрапейскіх адносінаў, якую мы цяпер назіраем і пазытыўна ацэньваем. Вельмі прыкра, што дзеяньні ў дачыненьні да Алены Танкачовай не адпавядаюць гэтай актывізацыі. У тым ліку якраз сёньня быў значна скарочаны „чорны сьпіс“ беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі Эўразьвязу. Пазбаўленьне віду на жыхарства Алены Танкачовай — гэта вельмі несяброўскі крок у дачыненьні да беларускіх праваабаронцаў».
У інтэрвію «ЭўраБеларусі» Алена Танкачова паведаміла, што на працягу бліжэйшых некалькіх дзён яна заключыць пагадненьне з адвакатам, які мае досьвед працы ў справах, зьвязаных з пытаньнямі міграцыі, і з дадатковай юрыдычнай падтрымкай прыступіць да працэдуры абскарджваньня прынятага рашэньня аб пазбаўленьні яе віду на жыхарства.
Алена Танкачова таксама адзначыла, што раней прадстаўляла ў аддзел па міграцыі і грамадзянстве дастаткова падрабязныя тлумачэньні адносна таго, якім чынам яе жыцьцё зьвязанае зь Беларусьсю, дзе яна жыве з 15-гадовага ўзросту, дзе скончыла школу і атрымала вышэйшую адукацыю, дзе мае сям’ю, кватэру і сталае месца працы. Праваабаронца адзначыла, што, відаць, усіх гэтых аргумэнтаў не хапіла — і рашэньне аб пазбаўленьні віду на жыхарства было прынята.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі бачыць у перасьледзе Алены Танкачовай падрыхтоўку ўладаў да прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца налета:
«Праваабаронцы робяць агульную ацэнку сытуацыі, якая заўсёды абавязкова ўлічваецца пры ацэнцы аб’ектыўнасьці і празрыстасьці выбараў. Калі гэтая сытуацыя паганая, то казаць пра справядлівасьць выбараў не выпадае. Калі няма грамадзянскіх свабодаў, пра што сьведчаць ацэнкі праваабарончых арганізацыяў, то няма і свабодных выбараў. І, вядома, улады вельмі нэрвова рэагуюць на нашы ацэнкі. Урэшце, і маё зьняволеньне было зьвязанае з выбарамі, таму ў тым, што адбываецца цяпер з Аленай Танкачовай, нічога дзіўнага я ня бачу. Я думаю, такія паводзіны ўладаў зьвязаныя з тым, што ў наступным годзе адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Улады пачынаюць распраўляцца з праваабарончымі арганізацыямі і з праваабаронцамі. Пачалася падрыхтоўка да перадвыбарчай кампаніі. Тут можна ўзгадаць сэрыю закрыцьцяў праваабарончых і грамадзкіх арганізацыяў у 2003–2004 гадах, якія папярэднічалі выбарам 2006 году. Вось і цяпер адбываецца штосьці падобнае. Улады шукаюць магчымасьці нэўтралізаваць праваабарончую дзейнасьць у перадвыбарчы пэрыяд».
Паводле Бяляцкага, улады распраўляюцца з Аленай Танкачовай як з актыўным праваабаронцам, чалавекам, які закранаў важныя для грамадзкага жыцьця Беларусі пытаньні, называў і аналізаваў тыя парушэньні, якія тычацца і свабоды распаўсюду інфармацыі, і іншых аспэктаў правоў чалавека ў Беларусі.
Тыя абвінавачаньні, якія ёй прад’яўляюцца ў якасьці падставы для дэпартацыі, проста сьмеху вартыя
«Дзейнасьць Алены і арганізацыі, якую яна ўзначальвае, выклікала неадэкватную рэакцыю. Неадэкватную — таму што тыя абвінавачаньні, якія ёй прад’яўляюцца ў якасьці падставы для дэпартацыі, проста сьмеху вартыя. Яны мне нагадваюць тыя парушэньні, за якія мяне каралі ў калёніі — за незашпілены гузік ці за вынесеную са сталовай скібку хлеба. Аніякіх сур’ёзных падставаў для яе дэпартацыі няма», — мяркуе Алесь Бяляцкі.
Паводле словаў Алены Танкачовай у інтэрвію «ЭўраБеларусі», «пазбаўленьне віду на жыхарства — гэта, вядома, вельмі непрыемна і балюча, але, прынамсі, яно пакідае права на працягу 90 дзён за каляндарны год знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі».
Таксама праваабаронца адзначыла, што ў Расеі, куды беларускія ўлады зьбіраюцца яе дэпартаваць, яна ня мае ніякай уласнасьці і нават не ўяўляе, куды ёй там ехаць.