Ігар Гузь: Мы павінны дапамагчы беларусам дэмакратызаваць краіну

Ігар Гузь

Украінскае кіраўніцтва будзе імкнуцца захаваць добрыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, бо ня хоча адкрыцьця «другога фронту» на мяжы зь Беларусьсю.

Украінскае кіраўніцтва будзе імкнуцца захаваць добрыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, бо ня хоча адкрыцьця «другога фронту» на мяжы зь Беларусьсю.

Такую думку Радыё Свабода выказаў намесьнік старшыні Валынскай абласной рады Ігар Гузь, які перамог на выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны ад «Народнага фронту» па мажарытарнай акрузе ў Валыні.

— Як вы ацэньваеце вынікі выбараў у Вярхоўную Раду?

— Я думаю, што новы склад Вярхоўнай Рады будзе нашмат лепшы, чым той, што дзейнічаў раней. Па факце антыўкраінская сіла ў парлямэнце толькі адна — гэта «Апазыцыйны блёк». Там няшмат дэпутатаў — каля 30 з 423. Усе астатнія палітычныя сілы, у прынцыпе, стаяць на адной плятформе: гэта дэмакратычная праэўрапейская Ўкраіна, уступленьне ў НАТО і г.д. У Радзе шмат людзей, якія прыйшлі з фронту — з батальёнаў «Данбас», «Азоў», «Айдар» і іншых фармаваньняў, камандзіры якіх сталі народнымі дэпутатамі. У парлямэнце больш будзе моладзі, больш людзей крэатыўных, менш алігархаў і партыйных функцыянэраў.

— Якія асноўныя задачы стаяць сёньня перад новым складам украінскага парлямэнту?

— Па-першае, гэта, безумоўна, лякалізацыя канфлікту на ўсходзе — гэта праблема нумар адзін для ўсяго народа. Гэтую вайну трэба заканчваць. Другое пытаньне — гэта эканамічны крызіс. Апошнім часам у нас вельмі нестабільная сытуацыя, рост даляра адносна грыўні, рост цаны на бэнзін і г.д. Трэцяе пытаньне — гэта гуртаваньне нацыі, гуртаваньне тых палітычных сілаў, якія стаяць на адной плятформе.

— Як вырашыць праблему вайны ў Данбасе?

— Усе разумеюць, што рашэньняў можа быць два: або ваенныя дзеяньні, або мірныя перамовы. Цяпер нейкі сярэдні варыянт атрымліваецца. Ёсьць замірэньне, але яно не выконваецца расейскімі войскамі і тэрарыстамі-сэпаратыстамі. Я лічу, што трэба паспрабаваць усё ж такі празь мірныя перамовы выйсьці на нейкі вынік.

— Якімі вам бачацца адносіны паміж Украінай і Беларусьсю? Сёньня Ўкраіна ідзе па шляху дэмакратыі ў Эўропу, а Беларусь — у Эўразійскі саюз...

— Усе разумеюць, што Лукашэнка ў гэтай палітычнай барацьбе для нас цікавы як буфэр паміж намі і Расейскай Фэдэрацыяй. Безумоўна, кіраўнікі Ўкраіны (прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, старшыня Вярхоўнай Рады) будуць шукаць нейкіх хадоў да Аляксандра Рыгоравіча, бо нам ня вельмі хочацца, каб фронт быў ня толькі на ўсходзе, дзе Луганская і Данецкая вобласьці, але і на поўначы на мяжы зь Беларусьсю.

Нам ня вельмі хочацца, каб фронт быў ня толькі на ўсходзе, дзе Луганская і Данецкая вобласьці, але і на поўначы на мяжы зь Беларусьсю

Але гэта тое, што тычыцца кіраўнікоў краіны. Мая пазыцыя нязьменная яшчэ з 2005 году, калі рэжым Лукашэнкі кінуў мяне і маіх калегаў на 10 сутак на Акрэсьціна. Безумоўна, Лукашэнка — дыктатар, гэта чалавек, які дзейнічае як Кадафі і Садам Хусэйн, які ў прынцыпе не разумее, што такое дэмакратыя і эўрапейскія выбары. Гэта мая пазыцыя, і я ў Вярхоўнай Радзе буду рабіць усё магчымае, каб падтрымаць беларускую апазыцыю ўжо на нацыянальным узроўні. Я думаю, што мы будзем арганізоўваць групу народных дэпутатаў, якія мысьляць гэтаксама, як і я. Вельмі шмат плянаў, і я думаю, што прадстаўнікі апазыцыі будуць у нас у Вярхоўнай Радзе прымацца на найвышэйшым узроўні, таму што мы павінны дапамагчы беларусам дэмакратызаваць краіну.

— Пасьля абраньня народным дэпутатам ці працягнеце вы займацца арганізацыяй атраду «Пагоня»?

— Безумоўна — тут я ня бачу ніякіх праблемаў. Мы будзем дапамагаць «Пагоні», мы будзем шукаць магчымасьці падтрымаць беларусаў, абараніць гэтых хлопцаў і зрабіць так, каб яны ня трапілі ў лапы КДБ. У прынцыпе, калі будуць яшчэ ахвотныя трапіць у атрад, мы будзем рабіць усё магчымае, каб гэтыя хлопцы былі ў нас. Я лічу, што гэта правільна для Ўкраіны і ідэалягічна, і палітычна, і геапалітычна.

— Што наагул адбываецца сёньня з атрадам «Пагоня»? Ці працягваюць байцы заставацца на фронце?

— Цяпер на фронце няшмат байцоў. Асноўная маса выехала за мяжу ў ЭЗ, дзе яны вучацца або жывуць. Частка — у Заходняй Украіне. Ну, вы ж разумееце — у прынцыпе, актыўных баявых дзеяньняў цяпер няма...