Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Галко вярнуўся з самага пекла вайны ў Данбасе


Зьміцер Галко. Пасьля вяртаньня з Пяскоў на базу.
Зьміцер Галко. Пасьля вяртаньня з Пяскоў на базу.

Карэспандэнт менскага выданьня «Новы час» Зьміцер Галко вярнуўся з усходняй Украіны пазаўчора. Журналіст пабываў у найбольш гарачых кропках у Данбасе ўжо двойчы. Мінулы раз Галко правёў ва Ўкраіне тры месяцы.

Цяперашняя паездка ўдвая карацейшая, але, як ён сам зазначае, па адчуваньнях так ня скажаш.

Свабода паразмаўляла са Зьмітром пра небясьпеку на перадавой, пра тое, ці далёка палітычныя падзеі ў Кіеве ад пекла вайны на ўсходзе Ўкраіны, а таксама пра ўражаньне, якое зрабіў на вайскоўцаў учынак футбольных заўзятараў у Барысаве.

— Зьміцер, гэтым разам Вы знаходзіліся ва Ўкраіне меней часу, чым пад час папярэдняй камандзіроўкі.

Распавядзіце, дзе вы былі гэтым разам?

— Гэта ўдвая карацейшая паездка, хаця па адчуваннях так не скажаш. Я правёў там месяц і тыдзень з хвосьцікам. Я мог бы застацца яшчэ, але праз хваробу мусіў вярнуцца. У мяне востры бранхіт і падазрэньне на пнэўманію. Не прайшлі бясьсьледна ночы ў намётах і падвалах. Быў я ў Харкаве, Марыюпалі, а потым Данбас — Дэбальцава, у гэтым раёне. Нарэшце Пяскі — гэта ля Данецкага аэрапорту, то бок самай гарачай кропкі Данбасу. Там база байцоў Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар». Пасьля Кіеў, натуральна.

Гэты бранявік належаў сыну Януковіча. Цяпер ён на перадавой ва ўкраінскіх вайскоўцаў.
Гэты бранявік належаў сыну Януковіча. Цяпер ён на перадавой ва ўкраінскіх вайскоўцаў.

— Дзе было найгорш?

— Натуральна, гэта Пяскі. Шчыра кажучы, я проста не ўяўляў сабе, куды еду. Я бываў у небясьпечных сытуацыях і часта. Але што такое вайна ў рэжыме нон-стоп, я проста ня ведаў. Я ўпершыню пабачыў, каб абстрэлы не спыняліся ўвогуле. Толькі аднойчы не стралялі цягам дзьвюх-трох гадзін, таму я здолеў крыху пагуляць па Пясках. Увесь астатні час — гэта бесперапынныя абстрэлы. Гэта калі выходзіш з падвалу паесьці, схадзіць у прыбіральню ці папаліць — і праз колькі хвілінаў мусіш бегчы назад.

Зьміцер Галко – другі справа. Побачч зь ім, другі зьлева – этнічны беларус, які ваюе ў Данбасе.
Зьміцер Галко – другі справа. Побачч зь ім, другі зьлева – этнічны беларус, які ваюе ў Данбасе.

— Як выглядае жыцьцё на перадавой?

— Для жаўнераў распарадак дня выглядае інакш. У іх ёсьць нарады. Раней нарад быў 12 гадзінаў, цяпер — суткі. 24 гадзіны правесьці ў нарадзе — гэта вельмі складана. Там ёсьць акопы — гэта досыць вялікая тэрыторыя, якую пастаянна абстрэльваюць сэпаратысты. Вайкоўцы раз-пораз страляюць у адказ, а так вымушаныя ўварочвацца ад гэтых куляў. Моцна пацеюць ад гэтай бегатні, таму часам распранаюцца, а рэчы трасуць на ветры, каб трохі падсохла. І зноў — бегатня ад куляў. Вяртаюцца адтуль і абмяркоўваюць, дзе ж той снайпэр сядзіць, які па іх страляе.

— Што вы адчувалі, калі над галавой ляталі кулі?

— Даволі хутка да гэтага прызвычайваешся. Нават я на трэці дзень перастаў баяцца гэтых абстрэлаў. Кажуць, што гэта яшчэ горш: калі чалавек перастаў баяцца, то лепш яго дадому адправіць. Бо надта гэта небясьпечна. Я быў проста з вайскоўцамі ў падвале. У мяне не было нават каскі з надпісам «Прэса», таму яны ўвесь час забываліся, хто я такі. Жаўнеры ўвесь час пыталіся, калі я пайду ў нарад. Каля я зьяжджаў, то адзін вайсковец патэлефанаваў мне і спытаўся: «Колькі ты праваяваў, што цябе адправілі дадому?»

Зьміцер Галко з абаронцамі данецкага аэрапорта, кібаргамі, як іх называюць у народзе.
Зьміцер Галко з абаронцамі данецкага аэрапорта, кібаргамі, як іх называюць у народзе.

— Ва Ўкраіне прайшлі выбары ў Вярхоўную Раду. Ці адчуваліся выбарчыя жарсьці ў зоне баявых дзеяньняў?

— Калі пра перадавую казаць, то там насамрэч жывуць у інфармацыйным вакууме. Жаўнеры самі пыталіся ў мяне, хто стаў новым міністрам абароны Ўкраіны. Інтэрнэту там, вядома, няма, але нават мабільная сувязь ёсьць мала дзе. Але выбары часам абмяркоўвалі. Для мяне не навіной стаў вялікі адсотак галасоў для «Самапомачы». Я сустракаў вялікую колькасць людзей, якія зьбіраліся за іх галасаваць.

На фоне баявой машыны.
На фоне баявой машыны.

— Як успрымаюць украінскія вайскоўцы заявы Лукашэнкі пра Ўкраіну, ці ведаюць пра падзеі ў Беларусі?

— Адметна, што вельмі шмат там размаўлялі пра матч «Беларусь-Украіна» ў Барысаве. Навіну пра тое, што адбылося на «Барысаў-арэне» перадавалі нават па рацыях усім блёк-пастам. Пра затрыманьні і іншыя дэталі там ужо ня ведалі, але ўчынак заўзятараў зрабіў прыемнае ўражаньне. А вось што да Лукашэнкі — украінскія жаўнеры пачынаюць разумеюць, што ня варта асаблівай увагі надаваць ягоным словам, што ён сёньня адно кажа, заўтра другое.

У падвале пад час асбтрэлу.
У падвале пад час асбтрэлу.

— Вы казалі, што шмат сустрэлі беларусаў на вайне ва Ўкраіне. Чаму яны ваююць?

— Ёсьць частка беларусаў толькі паводле паходжаньня, якія ўжо жывуць там некалькі гадоў, маюць сем’і, лічаць сябе грамадзянамі Ўкраіны. Але ёсьць і тыя беларусы, якія ваююць «за нашу і вашу свабоду». Гэтыя людзі ведаюць, што гэтая вайная ёсьць і нашай вайной, бо лінія фронту можа быць значна бліжэй. Сярод іх — былы палітвязень, але дзеля ягонай бясьпекі ня буду ўдкладняць, хто гэта. Увогуле беларусаў там шмат, у розных добраахвотніцкіх батальёнах. Але лепш ні пра каго не распавядаць.

Байцы ў Пясках.
Байцы ў Пясках.

— А вы езьдзілі туды як журналіст ці ня толькі?

— Вядома, не. Гэта перадусім маральная падтрымка з майго боку. Каб паказаць ім, што беларусы таксама зь імі, таксама іх падтрымліваюць. Хоць вядома, што любы журналіст хоча паехаць у гарачую кропку. Але яшчэ раз паўтаруюся: я не ўяўляў сабе, куды я еду. Там сапраўды небяспечна.

— Ці зьбіраецеся ехаць яшчэ?

— Пакуль трэба вылечыцца. А там пагляджу, як будуць разьвівацца падзеі.

— Набліжаецца зіма. У якіх умовах знаходзіцца ўкраінскае войска?

— Умовы там нялюдзкія. Я сам з пнэўманіяй вярнуўся. Самае крыўднае, што істотна зьнізілася валянтэрская падтрымка. Усё дагэтуль трымаецца на валянтэрах, але грошай пераводзіць сталі значна меней. Гэта заканамерна, бо эканамічная сітуацыя не паляпшаецца, а і так людзі аддалі шмат грошай. Некаторыя валянтэры жывуць некалькі месяцаў без заробку, ацяпленьня, гарачай вады. Там нічога ня зроблена, каб жаўнерам было цёпла. Як перажыве ўкраінскае войска зіму — не ведаю.

— Якія ў такіх умовах настроі ва ўкраінскіх вайскоўцаў?

— Прынамсі добраахвотнікі маральна падрыхтаваныя, што правядуць там зіму. Яны чакаюць, што будзе нарэшце праяўленая палітычная воля. Адсюль — вялікая незадаволенасць Кіевам у гэтым сэнсе. Таму што незразумела, чаму яны там знаходзяцца, чаму, напрыклад, няма загаду наступаць.

Калекцыя куль і асколкаў, сабраных на месцы баёў.
Калекцыя куль і асколкаў, сабраных на месцы баёў.

— Якое было першае ўражаньне, калі вярнуліся ў Беларусь?

— Ужо ў цягніку ў Беларусь зьдзівіла поўная адсутнасць вайны ў размовах беларускіх турыстаў. Гэтыя людзі ехалі з Украіны, нешта ж там рабілі, нешта ж бачылі. Людзей не закранала гэта, быццам бы гэтага няма. Мяне амаль як жаўнера рэзала гэта па сэрцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG