Грэчка з мінэралкай — стратэгічныя прадукты на ўкраінскіх выбарах

Пэнсіянэрка Валянціна зь Сянькоўкі

Украінскія ўлады ўзмацнілі адказнасьць за парушэньне закону аб выбарах. Да адказнасьці, дарэчы, могут прыцягвацца ня толькі пакупнікі галасоў, але й самі выбарцы, якія прадаюць галасы. За гэта прадугледжаны штраф да 5 тысяч грыўняў, што адпавядае 380 далярам ЗША. Выбаршчык можа нават загрымець у турму на два гады, а пакупнік — на цэлыя тры.

Пэнсіянэрка Валянціна з памежнай ўкраінскай вёскі Сянькоўка распавяла карэспандэнту «Свабоды», як яна сама спакусілася на подкуп цяперашняга дэпутата Вярхоўнай Рады ў выбарчай акрузе № 207 Ігара Рыбакова (Чарнігаўская вобласьць):

«У нас дэпутат Рыбакоў — хлапчына хоць куды. Ужо тры гады дае гасьцінцы нам. І я езьдзіла на сустрэчу да яго — у бытоўку. Дэпутат ён малады і хоча, відаць, каб ня выгналі. Парашэнка выганяе. Казалі, што багата ўжо й выгнаў, бо скарачае. Дык вось, мяне зацікавіла, і я паехала да яго ў Гарадню ў бытоўку. Для цікавасьці. Аўтобус у вёску бяплатны ад яго хадзіў. І партрэт яго там — харошы дэпутат. Прыехала я. Кіроўца і памочнік дэпутата кажуць: «Ідзіце — вунь блякітныя палаткі, там даюць і грэчку, і рыс. Ну я ўжо й пашла з кіёчкам, бо іначай і няёмка. Падышла — так хутка ідзе чарга. Вось так я рухаюся й рухаюся. І дзьве жанчыны — даюць кіляграм грэчкі, кілягрм рысу. І ваду мінэральную — паўлітэрку такую. Стульчыкі такія пластмасавыя, усе людзі сядзяць, марозіва ядзяць —цікава так».

72 -гадовая бабуля і днямі паехала ў Гарадню, каб падзівіцца на агітацыйную кампанію, якая ва Ўкраіне менавіта сёньня не вялася з прычыны суткавай «цішыні» перад галасаваньнем у Вярхоўную Раду:

«Была ў Гарадні. Дык там столькі палатак стаіць! Падзівілася. Стаіць дзяўчына з сінім пакецікам, на якім напісана Аляксандар Еўтухоў. Кажу: „Дайце й мне такі пакет“. Адказ: „Запісвайеся“. Я: „А дзеля чаго запісвацца?“. Пытаюцца: „А ў чым ваша патрэба“. А ў чым у мяне ў такія гады патрэба? Кажу: у грашах! У мяне чацьвёра дзяцей, дзесяцёра ўнукаў — дык патрэбны грошы. Яна запісала мяне, каб я была за гэтага кандыдата ў дэпутаты».