Ва Ўкраіне сёньня «дзень цішыні» — з нуля гадзін забароненая якая-небудзь перадвыбарная агітацыя напярэдадні галасаваньня на датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду. Забаронена таксама аб’яўляць аб выніках сацыялягічных дасьледаваньняў і апытаньняў грамадзкага меркаваньня.
У пятніцу прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка заявіў, што, паводле апэратыўных дадзеных, у суботу-нядзелю чакаецца ўкід у інфармацыйную прастору велізарнай колькасьці ілжывых зьвестак, накіраваных на запалохваньне людзей і зрыў выбараў. Лысенка заклікаў СМІ не распаўсюджваць неправераныя зьвесткі і зьвяртацца па камэнтары толькі да афіцыйных крыніц інфармацыі.
Для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваныя 29 партый і кандыдаты у мажарытарнай акругах.
Непасрэднай падставай да правядзеньня датэрміновых выбараў стаў распад парлямэнцкай кааліцыі «Эўрапейскі выбар» — 24 ліпеня зь яе выйшлі фракцыі «Свабода» і «УДАР».
26 жніўня прэзыдэнт Пятро Парашэнка спыніў паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады і прызначыў датэрміновыя парлямэнцкія выбары на 26 кастрычніка.
Пасьля падзеньня рэжыму прэзыдэнта Віктара Януковіча было адноўлена дзеяньне канстытуцыі 2004 года, якая вызначае Ўкраіну як парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку.