Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зноўку рынуліся на кірмашы, рынкі і крамы ў суседні Чарнігаў


Пасьля працяглага перапынку, зьвязанага з падзеямі на Майдане і вайной на паўднёвым усходзе Ўкраіны, беларусы зноўку рынуліся на кірмашы, рынкі і крамы ў суседні Чарнігаў ды іншыя памежныя ўкраінскія паселішчы. Не перашкаджаюць гэтай справе нават парляменцкія выбары, калі на вуліцах вялася шырокая прапаганда за кандыдатаў у Вярхоўную Раду ад блёкаў і партый. Рэпартаж з Чарнігава.

Едуць беларусы ў Чарнігаў з Гомеля, Рэчыцы, Сьветлагорску. На аптовых складах на вуліцы Шчорса трапляюцца машыны з магілёўскімі і нават менскімі нумарамі. Але найбольш тут усё-ткі гамяльчукоў.

Гутарым з маладой дзяўчынай з Гомеля, якая па нагодзе прыехала сюды з бацькамі:

«Яна, Гомель. Мы цяпер купляем шлюбныя рэчы. На вясельных рэчах эканомім вельмі многа. І адзеньне тут нашмат таньнейшае. Па якасьці прыкладна аднолькавае, але тысяч 200-300 можна зэканоміць на кожнай рэчы. Нават болей. Скураныя, замшавыя рэчы — усё таньней».

Маці дзяўчыны спадарыня Ала дадае:

«Дачка замуж сабралася. Патрэбны вясельная сукенка, пантофлі і ўсё такое. Тут, канечне, усе таньней, і нашмат. Мы не баяліся ехаць. У нас тут сваякі, і яны кажуць, што ўсё тут спакойна й добра».

Жыхар Сьветлагорску Ўладзімер таксама прыехаў у Чарнігаў на закупы зь сям’ёй:

«І раней прыяжджалі са Сьветлагоска, і цяпер прыехалі. Па патрэбе: і зімовае адзеньне, і летняе. Таньней і выбар большы».

Малады гамяльчук Артур прыехаў у Чарнігаў з жонкай на ўласнай машыне. З баязьліўцаў, якія драматызуюць сытуацыю ва Ўкраіне на падставе з прапагандсцкіх паведамленьняў расейскіх тэлеканалаў, гамяльчук адкрыта пасьмейваецца:

«Дуракі баяліся — тут ціхі й спакойны народ. Ня першы раз сюды прыяжджаю. Купляем патрэбныя рэчы — курткі на зіму, абутак на восень. Таньней. А якасьць адпавядае кошту. Я, напрыклад, патаянна купляю абутак — тыя ж красоўкі. Выйграю амаль у два разы па кошце. І якасьць спартовага абутку — не скажу, што кепская. Мяне ўпаўне задавальняе: сэзоны два спакойна нашу».

Пра нейкія непаразуменьні, ня кажучы ўжо пра рабаўніцтва ці наўмыснае псаваньне тэхнікі, Артур і слухаць ня хоча:

«Тут ціха й спакойна — ніякіх пытаньняў не ўзьнікала. Колькі й знаёмыя езьдзілі — ніколі нічога пра тое, што тут іх б’юць ці псуюць. Тэлебачаньне расейскае й беларускае паказваюць усяго патроху. А чуткі распаўсюджваюцца досыць хутка. Адно, другое, слова да слова — як сапсаваны тэлефон».

У сваю чаргу чарнігаўскія прадпрымальнікі і бізнэсоўцы вельмі зацікаўленыя, каб беларусаў як мага больш езьдзіла у горад, каб шырыліся эканамічныя стасункі.

Прадпрымальнік Іван: «Няхай едуць да нас, мы дужа радыя. Беларусам жа выгадна прыяжджаць. І нам трохі прыбытку, і беларусам таксама».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG