Сорак год таму, у 1974-м, Васіль Быкаў атрымаў дзяржаўную прэмію СССР за дзьве аповесьці — «Дажыць да сьвітаньня» (1972) і «Абэліск» (1971). Тады за прэмію ён змог купіць аўтамабіль «Волга-24», успамінае Вітольд Іваноўскі, журналіст, краязнаўца, сябра Быкава часоў яго працы ў Гародні.
Самую прэстыжную і дарагую савецкую машыну маглі тады сабе дазволіць нямногія, нават сакратар абкаму мог пазайздросьціць пісьменьніку.
Прозьвішчы для герояў
Вітольд Іваноўскі і Васіль Быкаў разам працавалі ў Гародні з 1964 па 1976 год. Быкаў працаваў у расейскамоўнай газэце «Гродненская правда», Іваноўскі быў уласным карэспандэнтам «Звязды» па Гарадзенскай вобласьці.
Іваноўскі згадвае, што Васіль Быкаў для сваіх станоўчых герояў часам браў прозьвішчы людзей, якія былі яму даспадобы. З адмоўнымі героямі адбывалася падобным чынам — ён надаваў ім прозьвішчы канкрэтных людзей, якія яму не падабаліся. Вітольду Іваноўскаму вядомыя такія прыклады:
«Ён нікому дрэннага слова не сказаў. Але ён так прытрымліваўся: хто яму трошкі падсаліў, то ён тых даваў, калі патрэбныя былі адмоўныя героі. Вось там быў паліцыянт Стась. А гэта быў карэспандэнт радыё Станіслаў Б. Ён пазычыў у Быкава грошы і доўга не аддаваў. Казаў: лічыць, што я багаты і мне аддаваць ня трэба... Ён не любіў гэтага — калі хто пазычыць і не аддае.
Потым Рыбак такі быў. Таксама на радыё працаваў. Ні тое, ні сёе. Неаўтарытэтны як журналіст, як чалавек. Потым Фіх недзе ў яго там быў. Потым Кахно, па-мойму. Сантэхнік быў з такім прозьвішчам, п’яніца, усё так вельмі гадка рабіў».
Лейтэнант Іваноўскі
Героем аповесьці Васіля Быкава «Дажыць да сьвітаньня» стаў лейтэнант Іваноўскі. Вітольд Іваноўскі мяркуе, што гэтае прозьвішча Быкаў пазычыў у яго:
«Мяне ўвесь час пыталі: ён з табой узгадняў? Я кажу: не, не ўзгадняў, я ня ведаю, як гэта атрымалася, але ў „Дажыць да сьвітаньня“ лейтэнант Іваноўскі паявіўся, і больш я нічога ня ведаю і не магу на гэтую тэму сказаць».
Праўда, як вядома, літаратурны Іваноўскі, 22-гадовы камандзір узводу, дажыўшы да сьвітаньня, у канцы твору гіне. Паранены, на сьнезе ля дарогі ён падрывае гранатай сябе і немца-абозьніка, які пасьпеў прастрэліць лейтэнанту плячо.
У 1964 годзе Вітольд Іваноўскі (ён сам родам зь Нясьвіжу) прыехаў у Горадню працаваць уласным карэспандэнтам газэты «Звязда».
«І я ведаў, што тут працуе пісьменьнік Быкаў. Але ён яшчэ быў звыклым такім, у рэдакцыі яго яшчэ не называлі тады Васілём Уладзіміравічам, а проста — Васька, ён свой хлопец быў. Карацей, гэта былі франтавікі, уся рэдакцыя „Гродненской правды“.
А я якраз — прайшло некалькі гадоў, як вярнуўся з Далёкага Ўсходу: Камчатка, Чукотка. І я служыў, як быў афіцэрам (трапіў потым пад скарачэньне арміі Хрушчовым і вярнуўся на радзіму), у 47-й арміі, штаб якой быў на Сахаліне, у Южна-Сахалінску. І якраз з Быкавым з гэтага і пачаліся нашы кантакты. І ён таксама служыў у гэтай арміі, у 47-й, толькі ён на Сахаліне быў, а я на Камчатцы. І тады пачалося наша знаёмства, якое працягвалася да самага яго ад’езду адсюль, з Горадні. Сябрам ня быў, але быў добрым знаёмым, можна сказаць».
Кнігі з-пад крыса
Вітольд Іваноўскі, як і Быкаў, вялікі аматар кніг. Ён кажа, што ў савецкія часы было многа забароненых кніжак, якія цяпер у кожнай кнігарні можна купіць:
«А тады гэта была забароненая літаратура. За гэта цябе маглі нават пасадзіць. Напрыклад, «Круты маршрут» Лідзіі Гінзбург, маці Васіля Аксёнава. Кніга была надрукаваная на машынцы, мне даў яе Карпюк пачытаць: прачытаеш і аддасі Быкаву. Я прачытаў і аддаў. Быкаў мне даў прачытаць кнігу пра партызанаў нейкага ангельскага аўтара, яна перакладзеная на расейскую мову. Ён яе недзе ў Італіі купіў і прывёз, але ж каб ніхто ня ведаў.
Былі таксама ўспаміны Троцкага на польскай мове, Быкаў папрасіў: ты мне перакладай, бо я ня ўсё разумею...
Няўжо Васілю Быкаву ўдалося правезьці празь мяжу «антысавецкую» кнігу і мытнікі яе прапусьцілі? Вітольд Іваноўскі адказвае: «Ну, ня ўсё ж маглі забраць». І тлумачыць:
«Гэтая кніжка была невялікая, нейкі ангельскі аўтар напісаў праўдзіва пра нашу партызанку. Бо ў нас было: усе яны героі, высакародныя, культурныя, яны вельмі ашчадна да сваіх людзей ставіліся. А там паказана ўся жорсткасьць часу і жорсткасьць партызаншчыны».
Your browser doesn’t support HTML5
Жыць ля мяжы
Ад Горадні да Польшчы рукой падаць. Хай сабе ПНР была сацыялістычнай, але ўсё роўна — замежнай краінай. Што азначала для Быкава жыць ля мяжы? Іваноўскі мяркуе:
«Тады мала езьдзілі. Ён толькі, калі расказваў, адкуль родам (яго ж вёска Бычкі фактычна на мяжы была савецка-польскай даваеннай), жартаваў: калі б яшчэ нейкі польскі паручнік падняў у атаку сваю роту, то, кажа, мы маглі б апынуцца і ў Заходняй Беларусі».
Па чарзе зь немцамі па ваду
Пісьменьнік расказваў сябрам некаторыя франтавыя выпадкі, якія паклаў у аснову сваіх твораў. Вітольд Іваноўскі прыводзіць адзін такі прыклад:
«Была зіма, яны зь немцамі хадзілі ваду браць з ракі Прут. Яны ідуць, немцы не страляюць, хоць немцы блізка. Немцы ідуць, яны не страляюць. І такая ўстанавілася, можна сказаць, добразычлівасьць паміж імі. А пра гэта даведаліся чэкісты. І немцы прыходзяць, а яны кулямёты паставілі і як разанулі — і ўсіх немцаў перабілі. І, кажа Быкаў, так было непрыемна, на сэрцы цяжка: што вось жа людзі даверыліся... Я езьдзіў у 70-м годзе ў Балгарыю, праз станцыю Ўнгены. І ён: а я ж там ваяваў, ля Ўнгенаў, і расказаў тады пра гэты выпадак».
Сам сябе намаляваў
«Ён не любіў банкетаў, размоваў, наагул цураўся», — успамінае Вітольд Іваноўскі. Ні сустракацца ў вялікіх залях, ні трыбун не любіў Быкаў, «камэрны быў». Хоць сяброўскае кола яму было патрэбнае.
Ні сустракацца ў вялікіх залях, ні трыбун не любіў Быкаў, «камэрны быў»
Іваноўскі згадвае, што беларускай мовай у рэдакцыі ў той час Быкаў карыстаўся рэдка. Прыйшоўшы з войска, ён пачаў пісаць па-расейску, але пазьней перайшоў на беларускую мову.
Васіль Быкаў зрэдку любіў анэкдоты расказваць. Любіў і пажартаваць, і чарку выпіць, успамінае Іваноўскі:
«У бакоўцы на сьцяне (у памяшканьні Саюзу пісьменьнікаў, што было ў доме Элізы Ажэшкі) Быкаў намаляваў цікавую карыкатуру. Карпюк: чуб настаўлены, баксёр, у пальчатках, злосны такі выраз твару. І сябе: а сам ён стаіць, апусьціўшы рукі, нос. Карацей, ні тое ні сёе. А Карпюк — гэта змагар, баец быў. А сябе Быкаў паказаў, што ён не баец. Цікава было, сьмешна зроблена. Ён мне сам паказаў карыкатуру, Быкаў».
Пыжыкавая шапка
Быў час суцэльнага дэфіцыту. Трэба было ўсё «даставаць», пачынаючы ад вопраткі, шапкі, дываноў. Усё «па блату».
«Быкаў быў найталенавіты, геніяльны, можна сказаць, пісьменьнік, — кажа Іваноўскі, — але ў яго не было здольнасьці да „блату“ і ён нічога ня мог „дастаць“. У яго шапка ўвесь час была трусіная, чорны пафарбаваны трус. І ўсе пасьмейваліся: Вася, чаму ў цябе такая шапка? Ты ж такі пісьменьнік, у цябе шапка павінна быць пыжыкавая. А дзе я яе вазьму? А пыжыкавыя шапкі разьмяркоўваў першы сакратар абкаму толькі! І ён мне казаў: ну памажы мне. Я яму: ну як, у мяне ў самога абы-што было, кажу...»
Шапка была пытаньнем прэстыжу, з усьмешкай кажа Вітольд Іваноўскі:
«Потым добрая шапка ў яго была ўжо, але значна пазьней, перад ад’ездам у Менск».
Па Нёмане на дачу
Блізкім сябрам Васіля Быкава падчас ягонай працы ў Горадні быў паэт Валянцін Чэкін, чалавек творчы (як і Быкаў, ён добра маляваў). Пасьля Быкава ён стаў літкансультантам у «Гродненской правде».
У Чэкіна была маторная лодка, і яны плавалі па Нёмане кілямэтраў за дваццаць у бок Мастоў. Там у вёсцы Віцькі Чэкін меў дачу. Знайшоў і для Быкава, і той змог там купіць дачу сабе. Быкаў пакінуў пра Чэкіна прыязны ўспамін у сваіх мэмуарах «Доўгая дарога дадому», — зазначае Іваноўскі.
Як змагаўся з «таварышам маёрам»
На погляд Іваноўскага, Быкаў спачатку быў савецкім пісьменьнікам, і савецкая ўлада яму дала ўсё, што магла:
Мы як станем гаварыць такое, ён тады дыск тэлефона адкруціць на нуль і ставіць запалку, фіксуе. Гэта, ён лічыў, перашкаджае падслухоўваць..
«Гэта ён потым ужо стаў дысыдэнтам, калі Лукашэнка паявіўся... Ну, троху крытыкаваў начальнікаў, Смерш ваенны, органы з часу вайны ненавідзеў. І ўсё лічыў, што яго падслухоўваюць. Мы як станем гаварыць такое, ён тады дыск тэлефона адкруціць на нуль і ставіць запалку, фіксуе. Гэта, ён лічыў, перашкаджае падслухоўваць...»
Але ніколі антысаветчыкам як такім Быкаў ня быў, — кажа Іваноўскі:
«Поўнай меркай адмерала ўлада: і ляўрэата дала, і героя. Хоць крытыкавалі яго за „Мёртвым не баліць“, і ў „Огоньке“ было „Больно живым“ я памятаю, аўтар на Быкаву і выехаў».
А ў якасьці падсумаваньня Вітольд Іваноўскі прызнаецца:
«Вялікае бачыцца на адлегласьці. Гэта цяпер вялікасьць нейкая паўстае Быкава, а тады ён напісаў, канечне, некалькі аповесьцяў, але ў газэце быў літкансультант... Каля пяцідзесяці гадоў мінула. Даўно было. Ня думалі, што ён будзе такое сьвяціла. Так бы запісвалі, а то ніхто нічога значнага пра яго не напісаў з тых, хто ведаў Быкава тады».