Манголія пасьля камуністаў: адчулі розьніцу

Помнік камуністу № 1 Манголіі Сухэ-Батару ў Улан-Батары

Ва ўмовах усё большай міжнароднай ізаляцыі кіраўніцтва Расеі намагаецца заручыцца падтрымкай былых сатэлітаў па сацлягеры. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін выправіўся ў Манголію, дзе паабяцаў шырокую вайсковую дапамогу і супрацоўніцтва ў стратэгічных галінах эканомікі. Наш карэспандэнт Ігар Карней нядаўна пабываў ва Ўлан-Батары і пераканаўся: Манголія набыла новы імпульс да разьвіцьця якраз пасьля таго, як пазбавілася ад апекі Масквы.

Нягледзячы на тое, што Манголія выконвае ня надта актыўную ролю на міжнароднай палітычнай арэне і збольшага «варыцца» ва ўнутраных праблемах, яе багатыя нетры прыцягваюць увагу інвэстараў з многіх краінаў. Рэалізацыя буйных праектаў у горназдабыўной прамысловасьці ўжо паспрыяла таму, што тэмпы росту мангольскай эканомікі — адны з самых высокіх у сьвеце: 17,5% у 2011 годзе і больш за 12% пазалетась і летась. Не выпадкова разам з прэзыдэнтам Пуціным прамацаць мангольскую глебу прыехала прадстаўнічая дэлегацыя алігархаў, якія кантралююць значную частку расейскай сыравіны і энэрганосьбітаў.

Улан-батарскі прадпрымальнік Патболд Баяандэлгер згадвае, што Расея і раней мела ў Манголіі свае інтарэсы, але зьвязаныя яны былі перадусім з вайсковымі базамі, якія пазыцыянаваліся як буфэр на выпадак кітайскай агрэсіі. Інфраструктура, што ўзводзілася навокал, найменш мела на мэце клопат пра мясцовае насельніцтва, хоць цяпер вайсковыя гарадкі і заселеныя жыхарамі. Сам Патболд у сярэдзіне 1980-х працаваў разам з савецкімі будаўнікамі, ад якіх набраўся расейскіх словаў, уключна зь нецэнзурнымі:

«Усе гэтыя старыя дамы, якія цяпер пакрысе зносяць пад навабуды, узводзілі кампаніі з Савецкага Саюзу. Даўно гэта было, я ў 1987 годзе нават сам папрацаваў на будоўлі. Шмат было расейцаў, украінцаў — у прыватнасьці, інжынэры і дырэктар трэсту былі з Украіны, то бок мой непасрэдны начальнік быў украінец. Астатнія ўсе расейцы — з Масквы, з Новасыбірску, яшчэ аднекуль, самыя розныя людзі».

Патболд Баяандэлгер

Карэспандэнт: «А зь беларусамі ў брыгадзе не сутыкаліся?»

«Зь беларусамі — не. Але думаю, што яны тады проста называлі сябе не беларусамі, а расейцамі. Бо чуў аднойчы гутарку, як адзін пытаўся ў мангола: „Беларусь ведаеце?“ — „Не, нічога ня ведаю“. — „А Расею?“ — „Так, ведаю“. Дагэтуль шмат для каго што Беларусь, што Расея — адно і тое ж, тым больш што нейкі саюз зноў нібыта ўтвораны. Лічаць, што як раней Менск, Кіеў ды іншыя былі ў СССР, то нічога не зьмянілася. Праўда, пра Ўкраіну цяпер шмат гавораць, дык ведаюць, што яна асобна — Львоў, Данецк, ёсьць такія месцы? Ва Ўлан-Батары нават украінская „Карчма“ ёсьць. Але і пра Беларусь ужо многія ведаюць, ня ўсе ж невукі».

Суразмоўца кажа, што Манголія, адрозна ад Расеі ды іншых постсавецкіх краінаў, спакойна перажыла ліхія 1990-я, таму алігархічны складнік ад падзелу нацыянальных багацьцяў быў зьведзены да мінімуму. Манголія дагэтуль застаецца спакойнай і бясьпечнай краінай:

«У нас вельмі цьвёрдая і прынцыповая паліцыя, таму такога кшталту мафіі, бандытаў не было і, спадзяюся, ня будзе. У Расеі, нават у вас, шмат было розных разборак, а мы гэта ўсё перажылі ціха-мірна. Паліцыю рэальна паважаюць. Мяркую, вы самі маглі пераканацца, што ў нас надзвычай спакойнае жыцьцё, паліцыя ўсё кантралюе, калі што — спуску нікому ня дасьць, незалежна ад службовага становішча. Вельмі важна, што на гэтым узроўні карупцыя ў масе сваёй выкараненая. Апроч таго, хадзіце, гуляйце дзе хочаце ўвечары, уначы, раніцай — ніхто вас не кране. У нас шмат таксістаў, праезд танны, грошы ёсьць — адвязуць да любога дому, у любы час сутак. А няма — і так дапамогуць. Нашы людзі надзвычай спагадлівыя».

Від на дзелавы цэнтар Улан-Батара

З трохмільённага насельніцтва Манголіі палова жыве ў сталіцы. Калі ў стэпах захоўваецца збольшага архаічны ўклад і качэўнікі дагэтуль вандруюць за сваімі статкамі, то Ўлан-Батар — мэгаполіс з усімі атрыбутамі сучаснага гораду, ад хмарачосаў да нядрэннага аўтапарку. Як кажа прадпрымальнік Баяандэлгер, наўрад ці можна было ўявіць падобную трансфармацыю, калі б краіна, як геаграфічна блізкая Паўночная Карэя, і надалей будавала прывідны сацыялізм:

«Відавочна, што зьмены адбыліся ў лепшы бок. Камуністы сядзелі, нічога не рабілі, усё ў рот Маскве глядзелі. Толькі дарма балбаталі, сабе грошы зараблялі, у кішэні складалі. А пасьля таго як дэмакратыя перамагла, усё зьмянілася. На дарогу паглядзі — няўжо такое можна было ўявіць раней? Ні машын, ні дарог не было. А перамагла дэмакратыя — усе пераселі на аўто, дарогі новыя будуюць. Да 1990 году ў Манголіі было так, што фактычна „No English“. Толькі мангольская мова, расейская ў школах, па-ангельску разумелі small, крыху. А цяпер амаль усе на ўзроўні разуменьня ведаюць English. А ўвогуле кожны вучыць мову, якую сам захоча».

Манголія архаічная амаль не зьмяняецца

Патболд Баяандэлгер кажа, што Манголію з поўным правам можна адносіць да дэмакратычных краінаў, адрозна ад той жа Расеі. Кожны мангол ведае, што мае права выказаць незадаволенасьць публічна, і гэтых мітынгаў ніхто разганяць ня будзе:

«Зразумела, бываюць і акцыі, і мітынгі. Каб больш тут пабылі, пабачылі б, што раз-пораз увечары народ зьбіраецца, пратэстуе. Супраць чаго? „Жыцьцё дрэннае, новае, лепшага жыцьця патрабуем“, — так людзі кажуць. І правільна кажуць, бо гэта элемэнтарна зрабіць. У Манголіі ўсяго 3 мільёны чалавек, нават менш, усе людзі могуць жыць заможна. Але чаму так адбываецца, што палова — багатыя, а палова — жабракі? Чаму паміж людзьмі такая розьніца? Золата ёсьць, вугаль ёсьць, зямлю капай — усё знойдзеш. Кожны можа жыць заможна. Яшчэ раз паўтару — усяго 3 мільёны людзей. Проста тыя, хто дарваўся да ўлады, да бізнэсу, зарабляюць толькі для сябе, а бедным дастаюцца толькі косткі зь іхняга стала. Вось гэта дрэнна».

Сымбаль абноўленай Манголіі — Чынгісхан

Карэспандэнт: «А цэнзура ёсьць? Газэты, тэлебачаньне ці гавораць, што лічаць патрэбным?»

«Газэты, тэлебачаньне пішуць і паказваюць усё, без аніякай цэнзуры. Калі не памыляюся, мы па паказьніку свабоды слова недзе побач са Швэцыяй стаім, што тут яшчэ дадаць? Што дзе адбылося, нейкі нэгатыў — адразу паведамляюць, ніякіх абмежаваньняў».

Праўда, што ніяк не ўдаецца зжыць ад старых часоў, дык гэта тэйпавасьць. На думку Патболда, менавіта кланавасьць ва ўладзе і бізнэсе замінае выруліць на шлях падвышэньня дабрабыту той часткі насельніцтва, якая ня мае доступу да стратэгічных рэсурсаў:

«Нават той, хто трапіў у парлямэнт, будзе багацець, бо так ці інакш будзе лабіраваць сваіх людзей. У каго ў парлямэнце нікога няма, — адпаведна, будзе пры сваім. Яны там у парлямэнце нешта балбочуць, нібыта вырашаюць, а насамрэч толькі дзеляць грошы. А астатнія людзі нічога ж не атрымліваюць — значыць, бяднеюць. З трох мільёнаў жыхароў, думаю, 70% могуць лічыцца беднымі, 30% жывуць сапраўды багата. Такая дыспрапорцыя, на жаль, існуе. Той, хто ўмудрыўся некуды пралезьці і, па сутнасьці, нічога не рабіць, будзе жыць добра, а астатнім застаецца толькі калупацца ў сьмецьці. Але ж гэта ня толькі ў Манголіі адбываецца, амаль паўсюль так».

Патболд Баяандэлгер

Тым ня меней, па словах суразмоўцы, ягоны народ перажывае цяпер вялікі маральны ўздым, і наўрад ці хто здольны разьвярнуць манголаў назад у абдымкі «вялікага брата». Дый колішні ідэалягічны культ камуніста № 1 Сухэ-Батара цалкам зацьміўся ў цені вялікага палкаводца Чынгісхана.