У банках Расеі ня ведаюць, як выглядаюць беларускія рублі

Беларусь і Расея ва ўмовах санкцыяў з боку Захаду павінны перайсьці на ўзаемаразьлікі ў расейскіх рублях. Такую заяву 12 жніўня зрабіў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Пётар Пракаповіч.

«Я вельмі рады, што Пётар Пятровіч нарэшце дасьпеў да такой думкі», — сказаў Свабодзе Віктар Цярэшчанка — эканаміст, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі:

«Усясьветная практыка ня мае падобных прыкладаў, калі з улікам такіх заяўленых інтэграцыйных аб’яднаньняў, як Саюзная дзяржава, Адзіная мытная прастора і г.д., краіны разьлічваюцца паміж сабой іншай валютай. Па вялікім рахунку, гэта ж парадокс і нонсэнс, калі дагэтуль расейскі і беларускі рубель не ўваходзяць у непасрэдныя дачыненьні. Як пачалі, так і дагэтуль лічым усё празь нейкі крос-курс.

Я ўжо 11 гадоў даводжу, што не патрэбна нам у разьліках з Расеяй карыстацца далярамі. Калі не адмовіцца ад гэтага, Беларусь „пратопчацца“ як незалежная і самафінансаваная (хоць ужо даўно датацыйная) рэспубліка яшчэ год-два. А тады куды-небудзь уліемся і нічога болей значыць ня будзем.

Мне падаецца, што ёсьць тры асноўныя моманты, якія перашкаджаюць нам адмовіцца ад разьлікаў у далярах. Першая — гэта ня вельмі хочацца Расеі, якая лічыць беларускі рубель слабым. Другая — неразуменьне адмоўных наступстваў, якія непазьбежна будуць, калі разьлікі праз даляр працягнуцца. Трэцяя — мы ўпарта ігнаруем досьвед усясьветнай эканомікі і досьвед краін-суседзяў».

Віктар Цярэшчанка распавёў прыклад са свайго досьведу:

"Беларускі рубель нічога ня значыць. Беларускі рубель не канвэртуецца. Беларускі рубель — не валюта. Я месяц таму вярнуўся з расейскага гораду Курску. Там, на Курскай дузе, загінуў мой дзед. Заходжу ў банк і хачу памяняць беларускія рублі на расейскія. А мне кажуць: гэта немагчыма, у нас такога няма. Адзінае — папрасілі паказаць грошы, ім было цікава, як яны выглядаюць.