«Міжнародны досьвед сьведчыць, што гэткія санкцыі яшчэ нікога не паставілі на калені. А санкцыі ў дачыненьні да Расеі, у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў і расейскіх кампаній, наогул нелегальныя, таму што яны не заснаваныя на рашэньнях ААН», — заявіў Мядзьведзеў.
Кіраўнік расейскага ўраду паведаміў, што ўвядзеньне санкцый выкліча зьмены ў фэдэральным бюджэце ў бок павелічэньня вайсковых выдаткаў:
«Ціск на Расею ня можа не адлюстравацца ў нашай бюджэтнай палітыцы і яе прыярытэтах. Сацыяльныя абавязаньні будуць безумоўна выконвацца — для гэтага грошай у нас дастаткова. Але, акрамя гэтага, нам давядзецца большую ўвагу надаць выдаткам на абарону і бясьпеку».
Мядзьведзеў аднак прызнаў, што з увагі на санкцыі ЗША Расея будзе вымушаная перабудоўваць эканамічныя мадэлі разьвіцьця і пераходзіць на імпартазамяняльныя тэхналёгіі.
Згадваючы Ўкраіну ў кантэксьце санкцый, Мядзьведзеў адзначыў:
«Усе гэтыя санкцыі, на жаль, не дапамогуць Украіне нічым».
Сёньняшнюю заяву Брусэлю аб пашырэньні санкцый супраць Расеі пракамэнтаваў Дэпартамэнт інфармацыі і друку МЗС Расеі. Паводле гэтага ведамства, Расея «расчараваная тым, што Эўразьвяз, насуперак уласным інтарэсам, паддаўся на шантаж амэрыканскай адміністрацыі і пайшоў шляхам санкцыйных захадаў у дачыненьні да Расеі» з-за сытуацыі ва Ўкраіне.
«Замест таго, каб выкарыстоўваць існуючыя магчымасьці для пачатку дыялёгу Кіева з прадстаўнікамі паўднёвага ўсходу краіны, Эўразьвяз пайшоў на павадку ў прыхільнікаў сілавога рашэньня ўнутрыўкраінскага канфлікту і правакаваньня на яго фоне канфрантацыі з Расеяй». Тым самым, лічыць МЗС Расіі, «ЭЗ бярэ на сябе адказнасьць за працяг вайсковай апэрацыі Кіева, у выніку якой кожны дзень гінуць людзі».