Фарбуюць бардзюры, у клюмбы сьпешна садзяць новыя кветкі, рамантуюць дарожнае пакрыцьцё, ствараючы праблемы для транспарту, які зь цяжкасьцямі праяжджае па вуліцах Леніна ды імя газэты «Праўда»...
У Віцебску ужо нямала гасьцей: сярод мінакоў вельмі часта сустракаюцца людзі з адмысловымі бэджамі ўдзельнікаў фэстывальных імпрэзаў. Але ўражаньні прыежджых ад аўралу ў чаканьні Аляксандра Лукашэнкі відавочна не турбуюць гарадзкія ўлады.
Мясцовыя ж жыхары ўжо звыклі, што ў дзень адкрыцьця міжнароднага музычнага фэсту горад добраўпарадкуюць самымі сьпешнымі тэмпамі.
Віцябляне разглядаюць афішы, нехта набывае квіткі на канцэрты, пераважна самыя недарагія... А міліцыянты ўжо надзелі з нагоды сёньняшняга адкрыцьця белыя кашулі і рыхтуюць брамы-мэталашукальнікі, каб правяраць гледачоў у летнім амфітэатры ды мінакоў у бліжэйшым навакольлі, а таксама расстаўляюць жалезныя загародкі — каб да галоўнай канцэртнай пляцоўкі нельга было дайсьці інакш, як праз ахоўныя кардоны.