Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адкрываецца «Славянскі базар». Упершыню — пяцідзённы


Квіток на канцэрт з нагоды адкрыцьця Славянскага базару, у якім традыцыйна ўдзельнічае Аляксандр Лукашэнка, каштуе ад 600 тысяч да 1 мільёна 300 тысяч рублёў.

Сёлетні 23 Міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўпершыню будзе такі непрацяглы: мерапрыемствы «ўкладуцца» ў 5 дзён. Увечары 10 ліпеня пройдзе ўрачыстае адкрыцьцё, а ўжо 14 ліпеня фэстываль гэтаксама ўрачыста зачыніцца.

На сцэне Летняга амфітэатру ўжо адсьпявалі «Хор Турэцкага», Надзея Кадышава, Стас Міхайлаў — «зоркі» расейскай эстрады, на выступы якіх былі ўскладзены пэўныя фінансавыя спадзяваньні. Прыкладам, за квіткі на канцэрт Стаса Міхайлава гледачы мусілі выкласьці ад 250 да 600 тысяч рублёў.

Але самы дарагі канцэрт — гэта адкрыцьцё фэстывалю. Некаторыя дасьціпнікі жартуюць, што кошт узьняты за ўдзел Аляксандра Лукашэнкі. Ён абавязкова прыязджае на адкрыцьцё, у апошнія гады — разам з малодшым сынам Мікалаем.

Найтаньнейшыя квіткі на самыя нязручныя месцы ў амфітэатры каштуюць тут 600 тысяч рублёў. А самыя дарагія —1 мільён 300 тысяч. Гэта істотныя выдаткі для віцяблян.

«Неблагія канцэрты бываюць у дзень адкрыцьця, але трапіць на яго нерэальна. Квіток — гэта палова заробку », — кажа жанчына.

Таму, хоць ля канцэртных касаў і зьбіраюцца чаргі па 7-8 чалавек, шмат для каго зь мясцовых жыхароў «Славянскі базар» — гэта толькі шпацыр па фэстывальным горадзе.

«Сходзім, шашлык паямо. А канцэрты — тое, чаго хочацца, каштуе дорага. А што даступнае — таго ня хочацца», — распавядае віцебчанка.

«Маё прадпрыемства выдаткавала грошы на квіткі, прафсаюз дапамог, — гэты спадар працуе на чыгунцы. — Можна было выбіраць, на які канцэрт, і жонка прапанавала пайсьці на «Чайф ».

Малады хлапец на канцэрты ўвогуле хадзіць не зьбіраецца: «Я адмыслова грошы на „Славянскі базар“ ніколі не адкладаю. Будзе час — дык пайду ў горад. Пагляджу, што прадаецца, якія сувэнірчыкі, вырабы майстроў. Вось летась хадзіў, дык там нейкія грошыкі чаканілі, нейкія карцінкі прадавалі».

«Асабіста я за праграмай не сачу, бо канцэрты ўсе дарагія. — дзеліцца дзяўчына. — Ходзім толькі зь дзецьмі па горадзе пагуляць. І ўсё!»

І квіткі на канцэрты дарагія, і выступоўцы аднастайныя, — скардзяцца жыхары Віцебску. А многія віцябляне і ўвогуле зьязджаюць з горада на лецішча, каб ня чуць і ня бачыць фэстывальнага гармідару.

«Я з’язджаю, і для мяне гэта не сьвята, калі шчыра, — распавядае хлапец. — Гэта толькі час губляць і грошы. Гарэлку я не люблю і не хачу сядзець цэлы дзень у кавярні, выпіваць пад шашлык. Нехта, можа, і грошы на гэта зьбірае паўгода. А камусьці, як мне, абыякавы той фэстываль»

«Калісьці з мамай хадзіла на нейкі канцэрт, у дзяцінстве, — кажа дзяўчына. — А тое , што цяпер, мне нецікава. Няма выканаўцаў, якіх мы любім слухаць. Вось каб «Ляпіс Трубяцкой прыехаў, мы пайшлі б на канцэрт!» «Канцэрты нецікавыя, гадоў 5 ці 6 усё адно й тое самае!» — заключае сталейшы віцяблянін.

«Столькі гадоў ужо гэты „Славянскі базар“... Так, спачатку на канцэрты хадзілі, было цікава. А цяпер звыклі, і ўсё надакучыла!» — згодная зь ім спадарыня.

Калісьці ў праграме «Славянскага базару» былі Дзень Беларусі, Дзень Расеі і Дзень Украіны. Цяпер такога няма.

Сёлета заплянаваны канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае» ў Летнім амфітэатры, канцэрты майстроў мастацтваў Баўгарыі , Латвіі і Ізраілю ў Віцебскай абласной філярмоніі.

Пройдуць таксама традыцыйныя конкурс маладых выканаўцаў, зь якога і распачынаўся шмат гадоў таму віцебскі музычны фэст. А таксама дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2014».

Штогод самымі папулярнымі фэстывальнымі імпрэзамі бываюць тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы і «Задзьвінскі кірмаш», дзе прадаюцца вырабы народных майстроў. Гандлёвыя і харчовыя прадпрыемствы таксама імкнуцца завабіць пакупнікоў.

Ужо з 9 ліпеня ўсе вулічныя кавярні, разгорнутыя ў цэнтры Віцебска, перайшлі на кругласуткавы рэжым працы. А фірмовыя крамы і шапікі абвясцілі пра зьніжкі на харчовыя і прамысловыя вырабы.

Зьніжкі на прадукцыю беларускіх вытворцаў і паўсюдны продаж алькаголю — гэта таксама фэстывальная рэчаіснасьць, якая запанавала ў Віцебску на бліжэйшы тыдзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG