Электаральны рэйтынг Лукашэнкі па-ранейшаму складае 39,8% паводле адкрытага пытаньня, а паводле закрытага нават падрос да 48,1%.
Такія дадзеныя прыводзіць Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных палітычных дасьледаваньняў паводле нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў чэрвені 2014 году.
Паводле апытаньня, толькі 39,1%, адказваючы на пытаньне пра тое, якая дзяржава пабудавана пры прэзыдэнце Лукашэнку, сказалі «гэта мая дзяржава, яна абараняе мае інтарэсы», 43,2% — што «гэта толькі збольшага мая дзяржава, яна недастаткова абараняе інтарэсы такіх, як я», а 12% — што «гэта не мая дзяржава, яна не абараняе мае інтарэсы і я не давяраю ёй».
У другім квартале працягвала памяншацца «эканамічнае самаадчуваньне беларусаў». Аднак, паводле апытаньня, «колькасьць рэспандэнтаў, якія лічаць, што ў цэлым стан рэчаў у Беларусі разьвіваецца ў правільным кірунку, павысілася з 31,9% у сьнежні да 40,2% у сакавіку і 42,3% у чэрвені».
Многія выбарцы падтрымліваюць ідэю вылучэньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году адзінага кандыдата ад апазыцыі. Аднак апазыцыйным партыям давяраюць 18,3% рэспандэнтаў, а не давяраюць — 64,7%.
А сукупны электаральны рэйтынг дзясятка апазыцыйных лідэраў не перавышае 20%. Ва Ўладзімера Някляева сёньня 6,2%, Мікалая Статкевіча — 3,2%, Аляксандра Мілінкевіча — 2%, Андрэя Саньнікава — 1,6%, Анатоля Лябедзькі — 1,1%.
«Прычынамі адсутнасьці «факусаваньня» патэнцыялу пераменаў на апазыцыі зьяўляюцца ня толькі ціск на яе або рэпрэсіі з боку ўладаў, але і па-ранейшаму глыбокі разрыў паміж яе дзеяньнямі і поглядамі «масавага беларуса», — гаворыцца ў прэс-рэлізе НІСЭПД па выніках апытаньня.
У зьнешнепалітычных арыентацыях беларусаў працягваецца тэндэнцыя «пахаладаньня» стаўленьня да Эўропы, якая выявілася ў сакавіку.
Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум аб уступленьні ў Эўразьвяз, «за» прагаласавалі б 27,4%, супраць — 50,8% (у сьнежні было адпаведна 35,9% і 34,6%, у сакавіку — 30,2% і 44,3%). Аднак «пахаладаньне» стаўленьня да Эўропы ўжо не суправаджаецца «пацяпленьнем» да Расеі: на гіпатэтычным рэфэрэндуме аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі «за» прагаласавалі б 24,8%, супраць — 54,8% (у сьнежні было адпаведна 23,9% і 51,4%, у сакавіку — 29,3% і 47,7%), а пры неабходнасьці выбару паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у ЭЗ за першы варыянт сёньня выказваюцца 46,9%, а за другі — 33,1% (у сьнежні было адпаведна 36,6% і 44,6%, у сакавіку — 51,5% і 32,9%).
Чым патлумачыць рост рэйтынгу кіраўніка Беларусі Адяксандра Лукашэнкі? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што гэта абумоўлена падзеямі ва Ўкраіне:
«Тут мы насамрэч назіраем парадокс, такі кагнэтыўны дысананс.
З аднаго боку стогнуць беларусы, што падскочылі цэны і нават паводле афіцыйнай статыстыкі, інфляцыя за 5 месяцаў года дасягнула 9%. А мяса дык наогул падаржэла страшэнна і многім стала ўжо не па кішэні. Беларусы такія матэрыялісты, яны ўсё гэта бачаць.
А зь іншага боку, гэтае апытаньне паказвае, што рэйтынгі ўлады растуць, расьце колькасьць тых, хто верыць у лепшую будучыню, у тое, што курс цяперашняга рэжыму правільны. Карацей, ухваляюць палітыку партыі і ўраду, як раней казалі.
Я думаю, прычына наперш у тым, што тут дзейнічае ўкраінскі чыньнік. Нават шырэй: дзейнічае, па першае, страх перад забурэньнямі, і беларусы пачынаюць больш цаніць стабільнасьць, няхай беднаватую, і пры даволі жорсткім рэжыме. Але ўсё ж кроў не ліецца, нейкую пайку даюць стабільна. І, канечне, на тле гэтых украінскіх падзей, якія ўзмоцнены, што я хачу адзначыць, расейскай прапагандай, якая наскрозь прастрэльвае беларускую інфармацыйную прастору.
І тая ж сацыялёгія паказвае, што амаль дзьве траціны беларусаў, напрыклад, мысьляць у духу „Крым наш“, падтрымліваюць гэтую анэксію. Больш за палову рэспандэнтаў мяркуюць, што насамрэч уладу ў Кіеве захапілі фашысты. Гэта сьведчыць пра эфэктыўнасьць расейскай прапаганды, але, зь іншага боку, я ня думаю, што гэта вельмі радуе Лукашэнку. Бо тут узьнікае пытаньне пра трываласьць яго рэжыму.
Калі беларусы настолькі прарасейскія, то дзе гарантыя, што заўтра-пасьлязаўтра у нейкі зручны для Крамля час тут не паўторыцца крымскі ці данецкі сцэнар?»