Макей палохае беларусаў аднаполымі шлюбамі

Уладзімер Макей

Афіцыйны Менск не чакае асаблівых пераменаў у стаўленьні Захаду да Беларусі пасьля вызваленьня палітвязьня Алеся Бяляцкага. Улады мяркуюць, што Захад пачне дамагацца ад іх легалізацыі аднаполых шлюбаў.

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1», што асаблівых пераменаў у стаўленьні Захаду да Беларусі пасьля вызваленьня з-за кратаў па амністыі вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага чакаць ня варта. Пры гэтым прозьвішча праваабаронцы ні журналіст дзяржаўнага каналу, ні міністар не назвалі.

«Мы рэальна глядзім на сытуацыю, і мы ведаем, што нават калі б мы вызвалілі тых, каго яны называюць палітычнымі зьняволенымі, то да Беларусі заўтра будуць прад’яўленыя новыя прэтэнзіі. Напрыклад, чаму ў Беларусі не рэгіструюцца аднаполыя шлюбы. Нам выказалі б прэтэнзіі, што ў нас дзеці называюць бацькоў «мама» і «тата», а ня як неабходна там: «бацька № 1» і «бацька № 2», — сказаў кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Макей таксама заявіў, што яму «тэма палітвязьняў ўжо набіла аскоміну»:

«У нас чалавек, які ня плаціць падаткі ў скарбонку дзяржавы, і якога, натуральна, накіравалі ў месцы ня надта далёкія за канкрэтнае крымінальная падатковае злачынства, лічыцца палітвязьнем. У Злучаных Штатах Амэрыкі, любой эўрапейскай краіне ён атрымаў бы яшчэ, можа быць, і большыя тэрміны».

Уладзімер Макей заявіў, што цяпер ідзе сутыкненьне розных тэорый, розных стратэгій, якія тычацца далейшага разьвіцьця ўсясьветнага парадку, наогул далейшага існаваньня чалавецтва:

«Тое, што Беларусь выбіваецца з агульнай карціны, тое, што Беларусь праводзіць сваю, можа не ідэальную, але сваю палітыку, зыходзячы з інтарэсаў нашага народу, нашай дзяржавы, што Беларусь не паддаецца нейкаму, скажам так, дыханьню ветру з Усходу або Захаду, Поўначы або Поўдня, вядома ж, вельмі многім не падабаецца».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі.

Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 году, за кратамі ён правёў 1052 дні. Працоўная група па адвольных затрыманьнях Рады па правах чалавека ААН прызнала арышт Алеся Бяляцкага адвольным.

Пасьля вызваленьня Бяляцкага ў беларускіх турмах застаюцца былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, а таксама Эдуард Лобаў, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Васіль Парфянкоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка.