Пра гэта паведамляе прэс-служба праваабарончага цэнтру «Вясна».
«На самой справе, сфабрыкаваныя абвінавачваньні супраць Бяляцкага былі наўпрост зьвязаныя з тым, што дзейнасьць НДА ў значнай ступені абмежаваная празь перашкоды ў доступе да фінансаваньня», — сказаў Міклаш Харасьці.
Спэцыяльны дакладчык зьвярнуў увагу на сыстэмныя парушэньні права на свабоду аб’яднаньняў, у прыватнасьці, абмежавальныя законы, якія тычацца рэгістрацыі і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, і крымінальнае пакараньне за сяброўства ў незарэгістраваных НДА.
«Беларусь павінна выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў дачыненьні да свабоды аб’яднаньняў і стварыць умовы, каб гарантаваць праваабаронцам магчымасьць выконваць сваю працу ў спакойнай і бясьпечнай абстаноўцы», — сказаў Харасьці, выказваючы занепакоенасьць тым, што «Вясьне», адной з найбуйнейшых няўрадавых арганізацыяў у краіне, пасьлядоўна адмаўлялі ў рэгістрацыі.
Міклаш Харасьці таксама зьвярнуў увагу на становішча тых, хто застаецца ў зьняволеньні.
«Як і шэраг іншых апанэнтаў рэжыму і актывістаў, прысуды якім, як выявілася, былі палітычна матываваныя, Бяляцкі зазнаў псыхалягічны і фізычны ціск, знаходзячыся ў зьняволеньні, і некалькі разоў стаў ахвярай адвольных дысцыплінарных пакараньняў за нібыта парушэньне правілаў рэжыму папраўчай калёніі. Сярод гэтых пакараньняў былі абмежаваньні на спатканьні з роднымі, з адвакатам, на перапіску і сувязь, і яны могуць разглядацца як жорсткае абыходжаньне або нават катаваньне», — падкрэсьліў Харасьці.