Зьмітру Дашкевічу працягнулі нагляд на 3 месяцы

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Дашкевіч яшчэ 3 месяцы будзе пад прэвэнтыўным наглядам міліцыі як асоба, схільная да правапарушэньняў. Гэтак 5 чэрвеня пастанавіў судзьдзя Леанід Ярмоленка зь Першамайскага суду Менску, разгледзеўшы прадстаўленьне міліцыі гэтага раёну. Такім чынам, усяго пад наглядам Зьміцер Дашкевіч адбудзе 1 год, калі праз тры месяцы нагляд зноў не працягнуць.

Адметна, што яшчэ за дзень да суду міліцыянты казалі Зьмітру Дашкевічу, што падалі дакумэнты на адмену прэвэнтыўнага нагляду. У судзе, аднак, высьветлілася, што інспэкцыя міліцыі, якая наглядае за былымі злачынцамі, сама прасіла суд працягнуць нагляд за Зьмітром Дашкевічам. Цяпер актывіст не выключае, што міліцыянты адмыслова яго ашуквалі, каб выцягнуць у суд на паседжаньне:

«Гэта нейкая вар’ятня. Каму гэта выгадна, калі чалавек працуе, падымаць яго па тры разы за ноч? Міліцыянты, якіх я пытаю, навошта яны прыходзяць з праверкамі, спасылаюцца на начальства, іх начальства — на нейкія іншыя структуры, суд — яшчэ на нешта. Збольшага я на суд не зьбіраўся, але сакратарка судзьдзі так угаворвала, каб прыйшоў. А ў інспэкцыі казалі, што будуць здымаць. І вось табе — зьнялі! Таму цяжка гэта пракамэнтаваць. Звычайнай лёгікі ў гэтых наглядах я ня бачу, але палітычная лёгіка ёсьць: трэба пад кантролем трымаць усіх апанэнтаў гэтага рэжыму, чым бы гэты апанэнт пасьля турмы ні займаўся», — сказаў Свабодзе Зьміцер
Гэта нейкая вар’ятня. Каму гэта выгадна, калі чалавек працуе, падымаць яго па тры разы за ноч?
Дашкевіч.

У справе Зьмітра Дашкевіча, якую сабралі на яго ў Першамайскім РУУС Менску, фігуруюць некалькі парушэньняў правілаў прэвэнтыўнага нагляду, у тым ліку апошняе — у канцы красавіка. На судзе Зьміцер Дашкевіч не адмаўляў, што спазьніўся з працы. «У маёй працы бывае, што заказчык ня можа адкласьці выкананьне заказу, трэба дарабіць, а ўжо потым ісьці дадому. Але калі я званіў у міліцыю і папярэджваў, што спазьняюся, гэта ніколі ня ўлічвалася», — тлумачыў Зьміцер Дашкевіч суду. Паводле Зьмітра Дашкевіча, акрамя пратаколу аб спазьненьні апошнім разам на яго склалі пратакол аб тым, што ён нібыта «аказваў супраціў» міліцыянтам. У выніку пасьля затрыманьня Зьміцер Дашкевіч адбыў на Акрэсьціна 25 сутак — ягоны арышт якраз прыпаў на дні, калі ў Менску праходзіў чэмпіянат па хакеі.

Судзьдзя Леанід Ярмоленка ня выклікаў на суд сьведак і задаволіўся толькі пратаколамі з міліцыі.

Хто яшчэ з былых палітвязьняў пад прэвэнтыўным наглядам? Праваабаронцы кажуць пра лідэра «Зьмены» Паўла Вінаградава і прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Паўлу Вінаградаву, які пад наглядам ужо 2 гады, у канцы красавіка працягнулі гэтую меру яшчэ на паўгода. Актывіст не выключае, што прэвэнтыўны нагляд для яго працягнуць ажно да верасьня 2016 году, калі ягоная судзімасьць будзе пагашаная. Паводле Паўла Вінаградава, на паслабленьне яму разьлічваць не выпадае, бо ён лічыцца палітычным вязьнем:

«Тэарэтычна суд можа скараціць удвая час пагашэньня маёй судзімасьці, і, адпаведна, скончыўся б і нагляд. Але я размаўляў зь міліцыянтамі пра гэта, і яны сказалі, што такое немагчыма, тым больш адносна палітычнага вязьня».

У сакавіку 2014 году быў зьняты прэвэнтыўны нагляд з былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча. Пад наглядам пасьля вызваленьня з калёніі Францкевіч адбыў 6 месяцаў.