Гомельскія фэрмэры арандуюць зямлю ў Расеі. Сваёй — чыноўнікі не даюць

У Беларусі на пачатак году налічвалася звыш 2,5 тысячы фэрмэрскіх гаспадарак. Летась іх створана было амаль дзьве сотні — у паўтара разы больш, чым распалася. Аднак стаўленьне ўладаў да гэтай катэгорыі вясковых працаўнікоў істотна не зьмянілася, нягледзячы на ўрадавыя пастановы пра падтрымку фэрмэрскіх гаспадарак. Пра гэта, у прыватнасьці, ішла гаворка 4 красавіка на гадавым сходзе Гомельскай абласной асацыяцыі фэрмэраў. Рэпартаж з Гомеля.

За мінулы год колькасьць фэрмэрскіх гаспадарак на Гомельшчыне вырасла больш як на паўсотні, і цяпер іх у рэгіёне 474.

Хаця ў карыстаньні фэрмэраў усяго паўтара адсотка ворыўнай зямлі, тым ня менш, яны вырошчваюць 16 адсоткаў бульбы, 33 адсоткі гародніны. Некаторыя фэрмэры займаюцца жывёлагадоўляй, авечкагадоўляй, садавіной і ягадамі, вясковым турызмам.

Фэрмэр Уладзімер Канцавы з Добрускага раёну заявіў, што дэкляраваны ўладамі продаж сельгастэхнікі фэрмэрскім гаспадаркам у лізінг стаў сапраўдным блуканьнем па пакутах. Пасярэднік у гэтай праве — кампанія «Прамагралізінг» — патрабуе ажно 14 розных дакумэнтаў, перш чым прадаць трактар:

«Нас, фэрмэраў, адсунулі ад сыстэмы „Белаграсэрвіс“. Чыноўнікі знайшлі такое выйсьце — зрабілі для нас асобны „прамсэрвіс“. Там стаўка большая — сем з паловай працэнтаў, тэрмін лізінгу — толькі 5 гадоў. Першапачатковы ўнёсак — 15 і больш адсоткаў. І чатырнаццаць найменьняў дакумэнтаў трэба. Гэта абсурд! Для фэрмэраў наагул павінна быць простая сыстэма».

Сход фэрмэраў у Гомелі


Мікалай Вінянкоў зь вёскі Літвінавічы Кармянскага раёну апавёў, што мясцовыя калгасы завінаваціліся яму за плюшчэньне кукурузы ды іншыя сельскагаспадарчыя паслугі, аказаныя летась, каля 500 мільёнаў рублёў.

Прасіў у райвыканкаме 20 гектараў зямлі — таксама не далі. Фэрмэр вымушаны арэндаваць зямлю ў Клінцоўскім раёне Бранскай вобласьці Расеі:
«Мне не даюць зямлі. Я ў Расеі ўзяў у арэнду — дамовіўся з тамтэйшым фэрмэрам. У іх тэхнікі не хапае, а зямлі — хапае. Я ўзяў зямлю ў арэнду і расейскім фэрмэрам сею. Калі я еду, альбо камбайн мой ідзе ці трактар, то іхні мэр з Клінцоў сустракае. Людзі радыя: бярыце зямлю, працуйце! А ў Кармянскім раёне я не магу нават нейкіх 20 гектараў у арэнду ўзяць».
Калі я еду, альбо камбайн мой ідзе ці трактар, то іхні мэр з Клінцоў сустракае. А ў Кармянскім раёне я не магу нават нейкіх 20 гектараў у арэнду ўзяць

На «зямельны голад» жаліцца і фэрмэр Дзьмітры Яблонскі з Мазырскага раёну:

«Дзяржаве трэба зрабіць так, каб нам ня ставілі кійкі ў колы. Наша гаспадарка ўжо трэці год зьвяртаецца ў выканкамы наконт зямлі. У нас ёсьць толькі 16 гектараў, а мы ўвайшлі ў рэспубліканскую праграму па авечкагадоўлі. Нам сёлета мусяць прывезьці па гэтай праграме 400 галоў пародзістых авечак. А як іх пасьвіць на 16 гектарах? Мы ўжо пяць ці шэсьць разоў пісалі лісты — у райвыканкам, старшыні аблвыканкаму Дворніку. З Гомеля пішуць: зьвяртайцеся па месцы жыхарства. А з Мазырскага выканкама прыйшоў адказ надзвычай сьмешны: зямлі для фэрмэраў у Мазырскім раёне няма».

Гомельскія фэрмэры лічаць, што зямлю фэрмэрам трэба аддаваць ва ўласнасьць, — і тады вырашацца многія іншыя пытаньні. У прыватнасьці, будаўніцтва сядзібы на тэрыторыі сваёй гаспадаркі. А ня так, як цяпер: фэрмэр жыве за дзесяткі кілямэтраў ад зямлі, на якой гаспадарыць.

Як бы падсумоўвае размову фэрмэр з Рагачоўскага раёну:

«Як не зьвярталі асаблівай увагі на нас, так і цяпер не зьвяртаюць. Ёсьць такі інстытут у Беларусі як фэрмэрства — ну і добра. Я як фэрмэр адбыўся, і мне асаблівая ўвага не патрэбная. Мне б крыху ўвагі ў параўнаньні з калгасамі — у забесьпячэньні мінэральнымі ўгнаеньнямі, іншымі рэсурсамі. Сёлета ў нас ні на што не далі крэдытаў, нават на паліва. У нас, у Рагачоўскім раёне, не далі нічога на сёлетнюю пасяўную».

Мінсельгасхарч у сваіх справаздачах адзначае, што фэрмэрскія гаспадаркі ў рэспубліцы дынамічна разьвіваюцца. Тым часам, за пэрыяд станаўленьня фэрмэрства ў краіне было створана 6995 гаспадарак; зь іх па розных прычынах спынілі сваё існаваньне 4464 фэрмэрскія гаспадаркі, альбо 64 адсоткі. Лічбы гавораць самі за сябе.