Дабравольскі: Лукашэнка фактычна выступіў за вайну

Аляксандар Дабравольскі

Беларусь у ААН выказалася супраць цэласнасьці Ўкраіны і падтрымала акупацыю Крыму.
Паводле аднаго зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, такі крок афіцыйнага Менску ў ААН — чаканы.

«Гэта чорны дзень у гісторыі Беларусі, гэта дзень нацыянальнай здрады. Бо гэта чарговы крок па ўцягваньні Беларусі ў вайну супраць Украіны, якая, па сутнасьці, ужо адбываецца. І нам, усім неабыякавым грамадзянам Рэспублікі Беларусь, усур’ёз трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб ня даць рэжыму Лукашэнкі ўцягнуць беларусаў у вайну супраць Украіны. А ў пэрспэктыве — у трэцюю ўсясьветную вайну».

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, на пазыцыю афіцыйнага Менску паўплывала Расея: «Афіцыйнаму Менску проста выкруцілі рукі».

Сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі назваў пазыцыю Беларусі ў ААН ганебнай:

«Цяпер стала відавочна, што ў Расеі няма ніякіх ілюзіяў наконт самастойнасьці ні Беларусі, ні Ўкраіны. І пры першай магчымасьці яна забярэ сабе тое, што зможа забраць. Лукашэнка давёў да таго, што Беларусь стала абсалютна несамастойнай краінай. І ён стаў абсалютна несамастойны, хаця й хацеў, каб пра яго думалі, што ён сам нешта вырашае. Але цяпер усім стала відавочна, што ён вырашае толькі ў той ступені, у якой яму дазваляе гэта Расея. І гэта вялікая небясьпека для Беларусі. Лукашэнка фактычна выступіў за вайну. І гэта моцна і надоўга сапсуе адносіны Беларусі і Ўкраіны, пакуль будзе Лукашэнка».

Генэральная асамблея ААН ухваліла праект рэзалюцыі ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і супраць акупацыі Расеяй Крыму. Беларусь галасавала супраць. За рэзалюцыю выказалася 100 краін, супраць — 11, устрымалася 58 дзяржаў. Апрача Расеі, супраць рэзалюцыі выступілі Армэнія, Беларусь, Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Судан, Сырыя, Вэнэсуэла, Зымбабвэ.