Ачышчальная параза Расеі

Віталь Цыганкоў

Зусім ня хочацца апрыёры выглядаць русафобам, ня хочацца паўтарацца пра адвечны расейскі імпэрыялізм, — але чамусьці так атрымліваецца, што як толькі Расея «ўстае з кален», яна адразу пачынае думаць, што б да сябе далучыць.
Я, напрыклад, зусім ня супраць, каб Расея «ўстала з кален», «падняла галаву», расла, квітнела, разьвівалася. Заўсёды радуюся, калі гэта ўдаецца самым розным нацыям. Але сёньняшняя Расея, на жаль, увесь свой (зусім не адназначны) пад’ём выкарыстоўвае не на паляпшэньне жыцьця ўласнага народу — школы, дарогі і бальніцы, а на жаданьне кагосьці да сябе далучыць. Зноў-такі, як гэта часта бывае ў расейскай гісторыі, — энэргія ідзе ня ўглыб, а ўшыр.

Развал СССР даваў надзею, што Расея можа стаць «нармальнай», дэмакратычнай, неімпэрскай краінай, накіраванай «унутр сябе», на стварэньне камфортнага і справядлівага жыцьця для ўласнага народу. Але чым больш Расея «набірала вагу», «уставала з кален» — тым болей яе энэргія накіроўвалася за межы ўласнай дзяржавы, да «вяртаньня» і «рэваншу».

У выніку цяпер Аляксандар Праханаў заяўляе, што ў расейскага народу назапасіўся такі патэнцыял пасіянарнасьці, што яму, народу, хочацца кудысьці яго накіраваць. Эўразіец Аляксандар Дугін заклікае да вайны і да пакараньня ўдзельнікаў «Маршу міру» ў Маскве. Іншы, менш вядомы расейскі палітоляг, кажа, што расейскім вайскоўцам надакучыла п’янстваваць, ім хочацца ваяваць. Сапраўды, «широк русский человек. Я бы сузил».

«Исторически мы принадлежим к натуральным, естественным завоевателям, человеческим хищникам, которые в порядке вещей завоевали всё, что было вокруг нас... Этот врожденный, подкожный, совершенно бессознательный империализм наших людей с особой страстью проявился в деле возврата к нам Украины. Мы все убеждены, что Украина — это наша краина и что ее отделение от нас было великим недоразумением и нуждается в коррекции», — піша ў сваім тэксьце «Мікроб імпэрыялізму» адзін з самых аўтарытэтных расейскіх пісьменьнікаў Віктар Ерафееў.

Калі ўлічыць, што антылібэральная, ксэнафобская ідэалёгія за апошнія гады стала фактычна афіцыйнай, калі ўлічыць лічбы сацыялёгіі, паводле якіх больш за палову расейцаў гатовыя цярпець міжнародныя санкцыі і эканамічныя нястачы дзеля далучэньня Крыму — то становіцца зразумела, што любая новая расейская перамога толькі небясьпечна падсілкуе гэтыя настроі, што выдатна відаць на прыкладзе расейска-грузінскай вайны 2008 году. Калі задацца пытаньнем, якім чынам гэта можна спыніць, то адзіным рэалістычным варыянтам мне бачыцца балючая параза, якая прымусіла б мільёны грамадзянаў Расеі задумацца, куды вядзе іх улада пад захопленае ўхваленьне большасьці.
Паразы — лякальныя альбо глябальныя — патрэбныя народам. Яны дапамагаюць зразумець, што было няправільна, якія ідэі і каштоўнасьці прывялі да разгрому

Паразы — лякальныя альбо глябальныя — патрэбныя народам. Яны дапамагаюць зразумець, што было няправільна, якія ідэі і каштоўнасьці прывялі да разгрому. Чым больш адчувальная параза, тым глыбей народ гатовы пераасэнсаваць сваё жыцьцё і пачаць рэформы, альбо ўвогуле будаваць сваю краіну з чыстага ліста. Немцы і японцы пасьля катастрафічнай паразы ў Другой сусьветнай вайне пабудавалі дэмакратычныя грамадзтвы з эканамічным дабрабытам і моцнай антынацысцкай прышчэпкай. Амэрыканцы пасьля вайны ў Віетнаме перайшлі ад прызыўной арміі да прафэсійнай. Ды і гісторыя Расеі дае такія прыклады — менавіта пасьля паразы ў Крымскай вайне 1853-56 гадоў пачаліся мадэрнізацыйныя рэформы Аляксандра Другога, адмена прыгоннага права.

Я ня ведаю, у якой форме можа адбыцца гэта параза, гэта шокатэрапія для сёньняшняй Расеі, але на гэты момант відавочна, што без маштабнага зьнешняга ўзрушэньня цяперашняе расейскае грамадзтва ўжо ня здольнае само вярнуцца да «нармальнасьці» і агульначалавечых каштоўнасьцяў.