У шпіталь інваліду на таксі — можна, на вечарыну — не

Таксі для інвалідаў, ілюстрацыйнае фота

У Бабруйску інваліды-вазочнікі могуць карыстацца сацыяльным таксі толькі каб наведваць мэдычныя і сацыяльныя ўстановы. Што да забаўляльных імпрэзаў, то таксісты адмаўляюцца іх туды вазіць.
Пра гэта стала вядома з публікацыяў у сацыяльных сетках. Людзі ў інвалідных вазках заяўляюць, што гэтым абмяжоўваецца іхнае права на свабоднае перасоўваньне.

Бабруйская інвалідка-вазочніца Наста зьбіралася наведаць увечары прэзэнтацыю касмэтыкі. Звыкла набрала нумар сацыяльнага таксі. Як яна сьцьвярджае, дыспэтчарка яе выслухала — і адмовілася выконваць замову.

«Мне адказала дыспэтчар, што кіроўца ня любіць, калі інваліды выяжджаюць кудысьці забаўляцца. Вось калі б у бальніцу, як, напрыклад, у анкалёгію нядаўна вазілі чалавека, то гэта сур’ёзна, — тлумачыла яна. — А вось на ўсялякія прэзэнтацыі і іншыя падобныя мерапрыемствы ня хочуць вазіць. Дужа незадаволеныя, што інваліды выклікаюць іх дзеля такой драбязы», — апавядае пра сытуацыю Наста.

Як зазначае суразмоўніца, раней на забаўляльныя мерапрыемствы яе сацыяльнае таксі вазіла. Цяпер жа адмовілася.

Дзяўчына мала таго што ў інвалідным вазку, але і мае паралізаваную руку. Перасоўвацца без староньняй дапамогі ёй цяжка.

Наста спрабуе апраўдаць паводзіны таксіста тым, што прэзэнтацыя пачыналася а 19 гадзіне і, магчыма, ён ня меў часу. Яшчэ яна кажа, што сацыяльных таксовак у Бабруйску замала:

«Кіроўцаў жа таксама можна зразумець. У нас адна машына на горад. Іх жа гэта таксама стамляе. У нас жа не адзін інвалід у горадзе. Напрыклад, у Менску адна машына на раён, а ў нас — адна на цэлы горад. Вось калі б была нейкая служба — куды б патэлефанаваў і інвалідаў вазілі б. Плацілі б кіроўцам годны заробак, а ня тое, як у нас — яны нібыта на добраахвотных асновах. Дый машын каб болей далі — хаця б штук пяць на горад».

Уладальніца сацыяльнага таксі прызнае, што дзяўчыне-інваліду было адмоўлена ў аказаньні паслугі. Аргумэнтуе тым, што працоўны дзень у кіроўцы на той момант ужо скончыўся.

«У дзевяць вечара яе трэба было зь мерапрыемства забраць. Гэта не ўваходзіць у наш працоўны расклад. У нас бываюць заяўкі і а сёмай раніцы, і а восьмай, і калі гэта тычыцца лекараў або нейкіх лячэбных працэдураў, то мы не адмаўляем ніколі. У Бабруйску толькі адна машына пакуль такая, якая інвалідаў з вазкамі возіць».

Суразмоўніца прызнае, што інваліды не павінны падладжваць свой вольны час пад графік аказаньня ім транспартных паслугаў.

Паводле інвалідаў, сацыяльнае таксі не бясплатнае, але на праезд яны маюць пяцідзесяціпрацэнтную зьніжку. Машына абсталяваная адмысловым пад’ёмнікам, якога ў звычайных таксі няма.

Пасьля зьяўленьня ў сацыяльных сетках невялікага паведамленьня пра сытуацыю з Настай яшчэ адна бабруйская інвалідка-вазочніца Інга Татур адрэагавала допісам: «Як надакучла жыць у залежнасьці ад іншых людзей».
Заўжды трэба жыць з аглядкай. Калі канцэрт нейкі, ці ў гасьцях, то трэба не забываць, што да пятай трэба пасьпець дадому

«Заўжды трэба жыць з аглядкай. Калі канцэрт нейкі, ці ў гасьцях, то трэба не забываць, што да пятай трэба пасьпець дадому. Я нічога кепскага не магу сказаць пра нашага кіроўцу. Ён добры дзядзька. Зь ім можна дамовіцца. Але ж у такой сытуацыі твая несвабода становіцца яшчэ большай несвабодай. Мы ж езьдзім ня толькі ў бальніцы. Вось я езьдзіла на сорак дзён па бацьку. Мы зьбіраліся а чацьвёртай дня, а ў пяць мне трэба было вяртацца».

Каардынатар офісу па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі лічыць, што сацыяльнага таксі ў цывілізаваным сэнсе гэтага паняцьця ў Беларусі не існуе. Тое, што ёсьць на дадзены момант, — гэта аказаньне траспартнікамі набору сацыяльных паслугаў для інвалідаў. Паводле праваабаронцы, сацыяльнае таксі — гэта грамадзкі транспарт, які выклікаецца ў свабоднага апэратара і дастаўляе інваліда «ад дзьвярэй да дзьвярэй» незалежна ад часу сутак з частковай аплатай паслугі. У Беларусі існуе стэрэатыпнае разуменьне таго, што павінен наведваць інвалід-вазочнік, зазначае Сяргей Драздоўскі, — найчасьцей гэта бальніца ці паліклініка. Што да выпадку ў Бабруйску, то праваабаронца зазначае:

«Калі б гэтая вазочніца магла лёгка скарыстаць звычайны спосаб перасоўваньня, то бок грамадзкі транспарт, як звычайныя людзі, то яна б не сутыкнулася з гэтай абразай. Тое, што зь ёй адбылося, — гэта ўмяшаньне ў яе асабістае жыцьцё. Тое, што грамадзкі транспарт недаступны — гэта не праблема гэтага чалавека. Для гэтага дзяржава павінна ствараць такія кампэнсацыйныя меры, як сацыяльнае таксі. Але ж дзяржава павінна разумець, што гэта за транспарт і дзеля чаго і як ён працуе».