Гомель: парасткі беларушчыны

Улады Гомеля зьмякчылі стаўленьне да беларускай мовы: у шэрагу гарадзкіх аўтобусаў і тралейбусаў абвесткі гучаць на беларускай мове. Абнаўляюцца шыльды з назвамі вуліцаў — таксама па-беларуску.
Засільле абвестак, шыльдаў на расейскай мове апошнім часам у Гомелі пачало разбаўляцца надпісамі па-беларуску. Іх пакуль ня так шмат, але многія гэта заўважылі.

Як заўважна і тое, што абвесткі на беларускай мове загучалі ў гарадзкім транспарце: у аўтобусах на маршрутах 12, 17, 18 ды шэрагу іншых.

Гэтаксама і ў тралейбусах. Дзясяты нумар, у прыватнасьці, зьвязвае густанаселены мікрараён «Гомсельмаша» з вакзалам. Заходзім у тралейбус:

«Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступны прыпынак — „Вакзал“, канцавы».

На чыгуначным вакзале абвесткі пра цягнікі таксама спачатку гучаць па-беларуску, а затым дублююцца на расейскай мове.

Ад вакзала да плошчы Паўстаньня цягнецца праспэкт Перамогі. Да нядаўняга часу гэта была проста вуліца Перамогі. Але пасьля рэканструкцыі гарвыканкам пастанавіў перайменаваць вуліцу ў праспэкт. Новыя шыльды зь ягонай назвай — спрэс па-беларуску. Ніжэй, пад беларускім надпісам, назва праспэкту падаецца лацінкай.

Гараджанін сталага веку на пытаньне пра ягонае асабістае стаўленьне да такога новаўвядзеньня неяк сумеўся і загаварыў ажно на трох мовах:
Ну, я вам скажу: атлічно — праспэкт Перамогі

«Ну, я вам скажу: атлічно — праспэкт Перамогі. Па-польскі: „Вельмі добра“... Я паехаў».

Мужчына зразумеў, што зблытаў беларускую мову з польскай, і хуценька ўскочыў у тралейбус, на хаду параіўшы запытацца пра новыя шыльды ў знаёмых жанчын, пакінутых ім на прыпынку грамадзкага транспарту.

Адна зь іх, выбачыўшыся за родную мову й «тройку» па ёй у школе, адказвае гэтак:

«Канечне, нельга, каб поўнасьцю беларуская мова зьнікла. Нада, штоб была. Я па-беларуску тожа не магу, для мяне цяжалавата. Вот я не магу па-беларускі — па беларускаму ў мяне была «тройка».

Мінакі, з кім давялося пагутарыць, досыць пазытыўна ставяцца да захадаў гарадзкіх уладаў у справе пашырэньня ў горадзе беларускай мовы.

Студэнт унівэрсытэту транспарту Аляксей:

«Гэта добра, бо мы жыхары Беларусі і гэта наша родная мова. Мы павінны даваць прыклад нашым дзецям, каб і яны захоўвалі нашыя традыцыі. І каб мы адрозьніваліся ад іншых краінаў. Калі мы будзем размаўляць па-расейску, то гэта як быццам і братняя мова, але ж ня нашая».

Кабета ў гадах на вуліцы Чырвонаармейскай бачыць у шыльдах па-беларуску хоць і невялікі, але таксама станоўчы крок у пашырэньні беларускай мовы. І лічыць, што сытуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, калі й чыноўнікі пачнуць карыстацца на працы беларускай мовай:

«Добра, што шыльды зьяўляюцца. Хтосьці будзе бачыць: „Чырвонаармейская“. Моладзь наша зусім ня ведае мову. Калі пяройдуць на беларускую мову чыноўнікі, кіраўнікі — гэта зьменіць сытуацыю».

Па-беларуску ў горадзе пазначаюцца й будынкі, якія ўяўляюць гістарычную й архітэктурную каштоўнасьць. Нядаўна ў Савецкім раёне гораду адкрыты беларускамоўны дзіцячы садок. Адзіны на паўмільённы горад.

Некаторыя абазнаныя ў моўнай сытуацыі мінакі лічаць, што пашырэньне беларускай мовы носіць пакуль, так бы мовіць, дэкаратыўны характар.

З кожным годам скарачаецца навучаньне школьнікаў па-беларуску. На пачатку дзевяностых гадоў у Гомелі па-беларуску вучыліся 74 адсоткі першаклясьнікаў. Ачольваў у той час гарадзкую ўправу адукацыі шчыры руплівец на ніве адраджэньня беларускай мовы Мікалай Засінец. Цяпер лік вучняў, якія займаюцца на роднай мове, ідзе на сотыя долі адсотка.

Пра гэта кажа й старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка:

Яўген Якавенка

«Сытуацыю зь беларускай мовай у Гомелі мёртвай назваць нельга. Бо сапраўды апошнім часам бачны гэтыя парасткі — калі вуліцы называюць па-беларуску, пішуць шыльды, калі зьявілася сацыяльная рэкляма: беларуская мова — родная. У тралейбусах абвесткі ня так даўно сталі па-беларуску. Але гэта толькі парасткі. І гэтага мала. Пакуль у Гомелі няма ніводнай беларускамоўнай школы. Катастрафічная сытуацыя зь беларускамоўнай дашкольнай адукацыяй, ня кажучы пра ўнівэрсытэты і беларускае навучаньне. Да той пары беларускай мове далёка да другой дзяржаўнай.

А гэта, па вялікім рахунку, можа зьмяніцца, калі выгадаваць, груба кажучы, новых чыноўнікаў, то бок з самага дзіцячага садка, школы, унівэрсытэту. Калі гэта будзе беларус паводле сваёй адукацыі, сьветапогляду, то ён будзе прымаць адпаведныя рашэньні. Сёньня пакуль намі кіруюць савецкія людзі».