Кузін: Вырашыць свой лёс украінцы мусілі яшчэ 10 гадоў таму

Сяргей Кузін

Сяргей Кузін, адзін з самых запатрабаваных ва Ўкраіне прадстаўнікоў беларускай працоўнай міграцыі, часта наведваецца на кіеўскі Майдан Незалежнасьці.
Ён лічыць, што цяперашні пратэст скіраваны ня столькі на эўраінтэграцыю, колькі на патрабаваньне спыніць трымаць людзей за быдла.

Пераезд Сяргея Кузіна ў Кіеў акурат супаў з падзеямі «памаранчавай рэвалюцыі», калі прыхільнікі Віктара Юшчанкі два месяцы стаялі на Майдане, патрабуючы пераліку галасоў за свайго кандыдата. У выніку ўжо абвешчаны прэзыдэнтам Віктар Януковіч быў вымушаны перадаць кіраваньне дзяржавай свайму апанэнту. І менавіта тады, на перакананьне Кузіна, украінцы павінны былі раз і назаўсёды вырашаць свой лёс:

«Шкада, канечне, што ўсё гэта прамарнавалі, нерэальна шкада. Толькі праз нейкі час прыйшло асэнсваваньне таго, што ўкраінцы насамрэч страцілі. Для вельмі вялікай часткі людзей юшчанкаўскае місіянства, стала асабістай трагедыяй. Шкада, вельмі шкада. У Юшчанкі пасьля „памаранчавай рэвалюцыі“ быў такі картбланш, проста надзвычайны картблянш, а ён узяў і ўсё змарнаваў. То са сваім сынам, то са сваімі спробамі стаць мэсіяй. Загубіў ўсе спадзяваньні».

Ня думку суразмоўцы, на постсавецкай прасторы легкадумнае стаўленьне да дэмакратычных здабыткаў вядзе да аднаго фіналу — рэанімацыі аўтарытарных замашак кіраўнікоў, якія засумавалі па «жалезнай руцэ». У Беларусі недалёкі час, калі пераемнасьць кіроўных дынастый увогуле стане рэальнасьцю. Але ўкраінцы, падобна, гатовыя супрацьстаяць палітычнаму самадурству:

«Ну, зараз увогуле сыны ў фаворы, паглядзіце, што робіцца ў Беларусі. У Януковіча сыноў толькі два і, дзякуй богу, тут іх роля часта перабольшаная. Сутыкаюся з сытуацыямі, калі старэйшаму Сашку прыпісваюць захоп чарговага завода, а потым кажуць: ды не, гэта не Саша, але ж трэба, каб гэта быў ён, для „вагі“. То бок, не заўсёды гэта так, проста ўсюды ёсьць шахматысты, якія пралічваюць хады. Што тычыцца каманды, у якой тусіць малодшы, „Віця-аўтагоншчык“, то я прыяцельствую з хлопцамі, якія займаюцца яго піярам. Дык вось ён увогуле рукамі і нагамі адбрыкваецца ад усяго палітыкуму. Малодшаму толькі б паганяць на машынах, больш яму нічога ня трэба. Тыповы малады чалавек з Украіны да 30 гадоў зь вялікай колькасьцю грошай. Яму калі пачынаеш задаваць пытаньні, што вы як нардэп мяркуеце пра тое і тое (а яго тата пнуў пад адно месца ў Вярхоўную раду), то ён толькі закатвае вочы. І пры гэтым адкрыты. Я з Віцем пазнаёміўся ў данецкім самалёце, сядзелі побач у эканом-клясе. Ён даўжэзны, узвышаецца над натоўпам. Думаю, дзесьці я яго ўжо бачыў. Ён самы! У самалёт заходзіў у агульнай чарзе, ззаду стаяў. Ня ведаю, піяр не піяр, мне пляваць, чым гэта выклікана, але было нармалёва. Зь іншага боку, канечне, усе гэтыя ходкі, судзімасьці, арэлі, якія яны ўстроілі, — усё гэта ачкоў не дадае».

Паводле Сяргея Кузіна, апошнія гады ўлада і народ ва Ўкраіне жывуць нібыта ў паралельных прасторах. Большасьць заклапочаная, як элемэнтарна выжыць, меншасьць думае, як разбагацець яшчэ больш. Але, кажа Сяргей Кузін, пры гэтым важна разумець, што людзі маюць рэальную ўправу на саманазваных гаспадароў:

«У нас увогуле якая тут сытуацыя? Ёсьць 450 чалавек мільянэраў і мільярдэраў, якія тусуюць краіну, нешта за кулісамі вырашаюць, а ёсьць 45 мільёнаў, якія тут жывуць. І мы паралельныя. Вось у чым плюс. Хоць гэты плюс, канечне, крыху вычварэнскі, але чым яны там заклапочаныя са сваімі мільярдамі, краіны тычыцца пастолькі-паколькі. Таму што ёсьць рэальнае жыцьцё, рэальныя праблемы і г.д. Але нават у гэтых умовах прыемна асэнсоўваць, што ты можаш уплываць на ўсю гэтую тлустую масу».

Як паўплывала б на палітычную актыўнасьць вяртаньне на авансцэну Юліі Цімашэнкі — адной з галоўных гераінь «параманчавай рэвалюцыі»? Сяргей Кузін у гэтым зьвязку лічыць: самаарганізацыя людзей дасягнула такой ступені, што роля лідэраў паступова нівэлявалася:

«У нашых краінах сапраўды захоўваецца шавіністычнае стаўленьне да лідэра ў гендэрным сэнсе слова — мужык, „хозяін“, пятае-дзясятае. Таму быў бы ў скуры Юліі Ўладзімераўны мужык, іншыя б проста адпачывалі. Але пры ўсім
Віктар Фёдаравіч, ваша рэзыдэнцыя па сваім геамэтрычным памеры большая, чым княства Манака, можаце гэта неяк патлумачыць? А яна рэальна большая, чым усё Манака
тым усе гэтыя размовы, якая Цімашэнка добрая і які дрэнны Януковіч, ці які ён добры, а яна дрэнная — чухня сабачая. Яны ўсе адным мірам памазаныя: у любую партыю ўкраінскую зайдзі, у любога запытайся — дзе ты быў — ён табе пералічыць усе лідэрскія партыі Ўкраіны, у якіх ён за апошнія гады пабываў. Каша-малаша такая — жах проста. Яны з такой хуткасьцю мяняюць свае перакананьні, што іншым і не сьнілася. Дарэчы, зусім ня выключана, каб Цімашэнка стала прэзыдэнтам, то зараз сядзеў бы якраз Януковіч».

Вялізную перавагу сучаснай Украіны над той жа Беларусьсю Сяргей Кузін бачыць у свабодзе выказваньняў, якія пануюць ня толькі на Майдане, але і ў мэдыях:

«Ну, бачыце якая сытуацыя? Я выдатна разумею розьніцу: для беларускіх журналістаў альтэрнатыўная пазыцыя — рэальнае выяўленьне грамадзянскай мужнасьці, таму што тупа зачыніць могуць. У нас Януковіч хвілін па 15 аддзімаецца на прэс-канфэрэнцыях, адказваючы на пытаньні, за якія ў Беларусі ў лепшым выпадку надавалі б па шапцы. Найбольш, канечне, дабівае яго наш аўганец Мустафа (Мусьцік) Наем: Віктар Фёдаравіч, ваша рэзыдэнцыя па сваім геамэтрычным памеры большая, чым княства Манака, можаце гэта неяк патлумачыць? А яна рэальна большая, чым усё Манака. Ці — у вас нядаўна леапард зьбег у парку, дык злавілі хоць? І нічога: сядзіць Фёдаравіч, пыхціць, аддзімаецца. Можна прыйсьці ў майках „Стоп-цэнзура“, і ніхто не будзе выкручваць рукі. Таму ў нас такія пытаньні ня тое што ў парадку рэчаў, а проста інакш быць ужо ня можа».

Сяргей кажа, што яшчэ больш дастаецца прэм’ер-міністру Мікалаю Азараву, які вымушаны быў вучыць украінскую мову ўжо на высокай пасадзе. Адсюль і ўсе ягоныя пэрлы кшталту «крівосісы», «вагіны», «до зівтра», «опіздав». Але ва Ўкраіне, адрозна ад Беларусі, прэса — рэальная ўлада, зь якой мусяць лічыцца «крівосісі» самага высокага рангу:

«Я ў Дзень геоляга сьпяваў у эфіры для Азарава — па першай адукацыі ён якраз геоляг, сам дзесьці з Калугі. Я і гавару: Мікалай Янавіч, значыць, сёньня на трыбуну ў швэдры да калена, зь дзіркамі ад акуркаў, з гітарай, пад Міцяева ці што яшчэ вы там сьпявалі ў сваіх геаэкспэдыцыях. І што вы думаеце? Праз гадзіну затэлефанавалі з Кабінэту міністраў, даведаліся адрас, сказалі, што пад’едуць. Думаю: ну, зараз пачнецца, бо я калісьці гэтак жа пад Лукашэнку патрапіў. Дзесьці ў 1996-97-м, калі яшчэ працаваў на Радыё Бі-Эй, пракамэнтаваў у эфіры песьню Гэбрыэла „Monkey“: маўляў, слухаў Гэбрыэла і пераканаўся, што праца з малпы можа зрабіць ня толькі чалавека, але і кіраўніка дзяржавы. Мы тады яшчэ ў старым тэлебачаньні сядзелі, дык меней чым праз гадзіну прыехалі два „саскі“ у гальштуках: „Што вы мелі на ўвазе?“. Я гавару — а вы? Нешта павохкалі і зьехалі. Шарышэўскі тады сказаў, што наступным разам звольніць. А тут прыехалі і скрыню шампанскага перадалі — ад усіх геолягаў Кабміну. Пілі паўдня. Пры ўсім тым, што асаблівых сымпатый у прэсы Азараў, мякка кажучы, не выклікае, але ён разумее, што лягчэй так, чым інакш. І гэта ня горшы варыянт».

Сяргей Кузін — сябра рады дырэктараў групы «Тавр», якая аб’ядноўвае самыя папулярныя FM-станцыі Ўкраіны: «Радыё Рокс», «Хіт-FM», «Рускае Радыё Ўкраіна», «Kiss-FM», «Радыё Мэлёдыя», «Радыё Relax». Ягоны голас — візытоўка шэрагу ранішніх праграмаў у FM-эфіры, ён арганізуе і вядзе папулярныя тэлешоў і канцэрты. Ад сярэдзіны 1990-х да пачатку 2000-х Сяргей Кузін як ды-джэй і шоўмэн высока каціраваўся ў Беларусі, аднак палітыка манапалізацыі мэдыйнай прасторы паставіла крыж на ягоным праекце «Альфа Радыё». Быў вымушаны завязаць з бізнэсам у Менску і апошнія 10 гадоў стала жыве ў Кіеве. Некаторы час таму атрымаў украінскае грамадзянства.