Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Круглы стол» паміж Майданам і Антымайданам


Барыкада на майдане ў Кіеве
Барыкада на майдане ў Кіеве

У Кіеве сёньня прайшоў «круглы стол» з удзелам прэзыдэнта Януковіча і лідэраў апазыцыі.

Ціхановіч: Прадстаўнікі апазыцыі заявілі, што гатовыя да перамоваў толькі пасьля выкананьня трох умоваў Майдану. Цяпер з намі на сувязі з Кіева Аляксандра Дынько, якая сёньня прысутнічала на «круглым стале». Саша, як выглядала дыскусія, ці пагадзіліся сёньня на нечым?

Дынько: У палацы «Ўкраіна» сабраліся былыя і цяперашні прэзыдэнты краіны, прыйшлі лідэры апазыцыі, народныя дэпутаты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, студэнцтва, бізнэсу, кіраўнікі прадпрыемстваў. Тутэйшыя журналісты запэўнілі мяне, што гэта незвычайная падзея і ў такім складзе ва Ўкраіне прадстаўнікі грамадзтва сабраліся ўпершыню. Ініцыятарам «стала» і яго вядоўцам стаў першы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Краўчук. У сваім выступе прэзыдэнт Януковіч усімі сіламі даводзіў, што цяперашняя сытуацыя мае пад сабой эканамічную падаплёку. Ён прымяншае значнасьць грамадзкага пратэсту і палітычнага супрацьстаяньня. Януковіч сказаў, што пагадненьне, якое рыхтавалася з Эўразьвязам, супярэчыла нацыянальным інтарэсам Украіны, цяпер будзе праводзіцца сьледзтва і людзі, якія рыхтавалі гэтае пагадненьне, ужо адхіленыя ад працы.

Ціхановіч: Аляксандра, калі гаварыць пра выкананьне трох умоваў Майдану (павінны быць выпушчаныя ўсе арыштаваныя, павінны быць пакараныя тыя, хто зьбіваў людзей, і адстаўка ўраду) – ці можна чакаць, што кіраўніцтва Ўкраіны ўсё ж нейкім чынам будзе вымушанае пайсьці на іх выкананьне? Або магчымы кампраміс?

Дынько: Што тычыцца вызваленьня палітычных зьняволеных. На гэты момант зь дзевяці затрыманых пасьля падзеяў на Банкавай восем ужо вызваленыя, застаўся толькі адзін. Наконт пакараньня вінаватых, прэзыдэнт пакуль што трымае маўчаньне. Наконт адстаўкі... Тут ніхто ня верыць, што Віктар Януковіч рашыцца на адстаўку ўраду Мікалая Азарава. Хоць ужо пасьля круглага стала Леанід Кучма намякнуў, што добрым вырашэньнем гэтага канфлікту была б якраз адстаўка ўраду.

Ціхановіч: Аляксандра, цяпер пра Антымайдан. Як паведамляе УНІАН, па ўсёй Украіне бюджэтнікаў і дзяржслужбоўцаў прымусова звозяць на Антымайдан у Кіеў, пагражаючы звальненьнямі. Людзей зьбіраюць нават у рэабілітацыйных цэнтрах барацьбы з алькагалізмам і наркаманіяй, і таксама абяцаюць заплаціць па 300 грывен ($36) кожнаму. Ці можаце вы неяк пацьвердзіць гэтую інфармацыю, ці сапраўды нарастае Антымайдан?

Дынько: Антымайдан працягваецца гэтаксама як і Майдан, на Марыінскай плошчы. Гэтых людзей ахоўваюць міліцыянты, яны за адмысловымі кратамі, туды нават немагчыма зайсьці. У іх вельмі гучная апаратура, музыка, і знаходзіцца там некалькі соцень чалавек. Людзі туды сапраўды паступова прыбываюць і насамрэч чакаецца, што найбольш іх прыбудзе сюды ў нядзелю. Людзі апасаюцца, што могуць быць сутычкі. На гэты момант сытуацыя спакойная. Некаторыя антымайданаўцы даюць камэнтары для прэсы, што так, сапраўды яны атрымалі грошы, каб сюды прыехаць і гэта не была іхная воля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG