Клімавіцкі раён: «Кажуць, што гэта чума набліжаецца»

На Магілёўшчыне, у Клімавіцкім раёне, узмоцненыя меры бясьпекі ў сувязі з выяўленым у суседнім Шумяцкім раёне Расеі ачагом афрыканскай чумы сьвіней.
Тэрыторыя Клімавіцкага раёну абвешчаная «другой зонай пагрозы». Пасьля непрацяглага зацішша ад прыватных гаспадароў зноў патрабуюць, каб яны пазбыліся свойскіх сьвіней.

Нагодай для ўзмацненьня мераў бясьпекі стаў забіты ў суседнім расейскім раёне дзік зь вірусам афрыканскай чумы сьвіней. Клімавіцкі ж раён мяжуе з расейскім, таму яго і абвясьцілі «другой зонай пагрозы» — гэтак тлумачаць сытуацыю ў раённай вэтэрынарнай службе.

Райвыканкам прыняў адмысловую пастанову з гэтай нагоды. Што канкрэтна яна прадугледжвае, высьветліць не ўдалося. Аднак, як вынікае з афіцыйных тлумачэньняў, на рынках раёну забараняецца прадаваць сьвіней і прадукты сьвінагадоўлі з прыватных гаспадарак. Нельга іх вывозіць і за межы раёну.

Супрацоўнікі вэтэрынарнай службы абыходзяць прыватныя падворкі і папярэджваць пра недапушчальнасьць гадоўлі сьвіней. Сьвінаводам выпісваюць прадпісаньні з пазначэньнем тэрміну, да якога яны маюць пазбыцца жывёлы.

«Усё прапісана ў 758 пастанове Савету Міністраў. Вы яго вывучыце — там усё напісана. У пяцікілямэтровай зоне ад сьвінагадоўчых аб’ектаў і комплексаў наагул не павінна быць сьвіней ні ў насельніцтва, ні ў супрацоўнікаў. Ні ў каго нічога», — тлумачыць галоўны вэтэрынарны ўрач раёну Сяргей Зянько.

Прыватныя гаспадары кажуць, што зацішша з папярэджаньнямі доўжылася блізу двух месяцаў. Цяпер усё паўтараецца наноў, як у жніўні.
Ужо два разы хадзілі. Кажуць, што гэта чума набліжаецца. Ужо, маўляў, тут, недалёка — у Расеі

«Ужо два разы хадзілі. Кажуць, што гэта чума набліжаецца. Ужо, маўляў, тут, недалёка — у Расеі. Сказалі, каб да новага году не было. Усіх разам жа не заб’еш. У некаторых два, тры парасяці, а ў некаторых і больш. Малых накуплялі. Дык вось моладзь гэтую трымаюць. Ля нас недалёка комплексы сьвіныя — дзяржаўныя. Быў старшыня савету, дык сказаў: „Цяпер курэй купляйце“», — кажа адзін зь вяскоўцаў.

У вёсках зь неахвотай падпарадкоўваюцца патрабаваньням кантралёраў. Лічаць, што хваля запалохваньняў зноў мінецца, і наступіць зацішша. Адно з такіх меркаваньняў:

«Сказалі, што будуць хадзіць правяраць і штрафы даваць, але так гэта ці не — хто яго ведае. Нас во папярэдзілі ў жніўні. Мы ўзялі ды й забілі. А некаторыя людзі не забілі — і слушна зрабілі. Хоць сала паелі, а мы толькі шкуркі адны ядзім. Цяпер жа кароў мала хто трымае. У нас у вёсцы толькі дзесяць кароў усяго, і ад іх пазбаўляюцца».

Ёсьць сярод вяскоўцаў і тыя, хто з разуменьнем ставіцца да ўзмацненьня мераў бясьпекі, аднак і яны прызнаюць, што ім даводзіцца праз сілу падпарадкоўвацца. Спадзяюцца, што некалі сытуацыя зьменіцца да лепшага:

«Разумеюць людзі, вядома ж. Розумам разумеюць, а вось сэрцам — не. Калі б Вы былі на месцы гэтага селяніна, які трымае парсюка, у якога дужа малы заробак ці пэнсія, і пазбавіць яго гэтага сьвінча — ці задаволеныя людзі будуць, як Вы думаеце? І дзецям жа даводзіцца дапамагаць: без дапамогі бацькоў-пэнсіянэраў дзеці ж ня змогуць працягнуць як трэба», — разважае жыхар аднае зь вёсак Клімавіцкага раёну.

Вяскоўцаў у Клімавіцкім раёне пакуль не штрафуюць за сьвіней. У сельсаветах сьцьвярджаюць, што людзі з разуменьнем ставяцца да патрабаваньняў улады. Тым ня менш, незадаволенасьць існуе. Супрацоўніца аднаго зь сельсаветаў кажа:

«Некаторыя абураюцца, але ў той жа час разумеюць. Кажуць, што не цяпер заб’юць, дык пазьней. Напрыклад, у гаспадарцы сьвіньні ёсьць, і дзеці ж — пяць-шэсьць. Гэта ж асноўная для сям’і спажыва. А так — даводзіцца забіваць. Многія ўжо забіваюць кароў, гусей, курэй, каб хоць мяса якое было. Да 1 студзеня не павінна быць сьвіней».

За апошнія паўгады на Смаленшчыне зарэгістраваны 21 выпадак афрыканскай чумы сьвіней. Інфэкцыю выяўлялі ў дзікоў і свойскіх сьвіней. На тэрыторыі пяці гаспадарак накладзены карантын. Сярод іх і акцыянэрнае таварыства «Заімка» Шумяцкага раёну. Як паведамляецца, на тэрыторыі гаспадаркі ў памерлага дзіка выявілі ўзбуджальнік афрыканскай чумы сьвіней.