Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканская чума: адны хаваюць сьвіней у акопах, другія даносяць пра гэта ўладам...


На Гарадзеншчыне працягваецца кампанія зьнішчэньня прыватных сьвіней. Некаторыя сяляне, каб уратаваць сваіх жывёлін, хаваюць іх у адмысловых акопах — амаль як у вайну.

Змагаючыся з эпідэміяй афрыканскай чумы, улады Гарадзеншчыны вызначаюць людзям канкрэтныя тэрміны, да якіх усе сьвіньні павінны быць зьнішчаныя. Да прыкладу, у Гарадзенскім раёне людзі павінны пазбавіцца сьвіней да 1 сьнежня. Вось што мне распавёў жыхар вёскі Капцёўка:

«Езьдзіў старшыня сельсавету, намесьнік старшыні райвыканкаму, вэтурач раённы, вэтурач калгасны і ўчастковы — тры машыны было. Казалі, каб да 1 сьнежня пазбываліся сьвіней. А людзі адказвалі, што малых парасят рэзаць ня будуць, патрабавалі, каб ім давалі годную кампэнсацыю, як гэта абяцаў кіраўнік дзяржавы. Бо на рынку парася каштавала сёлета па 500 тысяч».

У вёсцы Вярэйкі Ваўкавыскага раёну ўлады праводзілі сход вяскоўцаў, тэрмін зьнішчэньня сьвіней вызначылі да 20 лістапада. Прычым пагражалі, што будуць значныя штрафы. Большасьць сялян імкнуцца пазбыцца сьвіней, бо разумеюць, што могуць страціць і гэта.

Спадар: «Улады прапануюць, каб людзі здавалі мяса, а прымаюць яго ад 9 да 15 тысяч за кіляграм. А яшчэ яны кажуць, што будуць даваць людзям мяса недзе на 300 тысяч. Праўда, яны ня кажуць, што 5 альбо 10 кіляграмаў, бо на 300 тысяч сёньня гэта адна вага, а заўтра можа быць ужо толькі палова».

А вось у Лідзкім раёне вяскоўцы паставіліся да праблемы зьнішчэньня сьвіней вельмі балюча. Жыхарка раёну распавяла Свабодзе, што людзі мусілі ўзгадаць, як іхнія бацькі і дзяды хавалі жывёлу ў вайну:

«Наагул, стала немагчыма: строга з гэтым, едуць, рэжуць, правяраюць, крычаць... Вельмі цяжка. Людзі жывуць пад такім страхам, што ня дай Бог. Хаваюць сьвіней і нават капаюць акопы, выкладваюць іх цюкамі. Бо інакш што, а як быць?...»

Праўда, на такія ўчынкі, паводле спадарыні, здольныя ня ўсе. І тыя, хто пазбыўся сьвіней, не выказваюць салідарнасьці зь іншымі:

«Здараецца, што нават адны адных людзі закладваюць: маўляў, чаму гэта ў аднаго ёсьць, а ў мяне прымусілі зьнішчыць? Вось так, вось такая абстаноўка. Нікому нічога не паскардзісься, бо адразу адругаюць, адругаюць — і людзі баяцца. Людзі вельмі застрашаныя».

У Івейскім раёне, дзе была зафіксаваная першая ўспышка афрыканскай чумы на Гарадзеншчыне, сьвініну цяпер набываюць толькі ў крамах, бо прыватных сьвіней панішчылі яшчэ ўлетку. Кажа жыхарка Івейскага раёну:
Амаль палова людзей выехала на зіму ў гарады, таму што ня маюць чаго рабіць

«Нам сказалі, што карантын абвешчаны на год, і нават у раённай газэце напісалі, што толькі праз год можна будзе трымаць сьвіней, і тое толькі пасьля нейкай там камісіі. Ну вось так і жывём, у крамах сала прадаюць».

Карэспандэнт: «Дык людзі ў вас цяпер і парасят не купляюць?»

Спадарыня: «Вядома, бо ня дай Бог прыедуць, правераць, то яшчэ штраф уваляць. Казалі, што штраф больш за пяць мільёнаў...»

Яшчэ адна спадарыня з Івейскага раёну распавяла мне, што сёлета, як ніколі ўвосень, сталыя людзі пачалі зьяжджаць са сваіх вёсак да дзяцей у горад:

«Амаль палова людзей выехала на зіму ў гарады, таму што ня маюць чаго рабіць, а дровы за 5 кубоў каштуюць мільён 500 тысяч. І што, купіць і сядзець без усякай гаспадаркі, без жывёлы? Людзі не захацелі, і таму палова паад’яжджалі. Гэта праўда».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG