Атака на незалежны сайт. Віртуальная і рэальная

Дзяніс Дашкевіч

Кіраўніка незалежнага сайту з Рагачова праз «Скайп» тэрарызуюць невядомыя: «Ты дагуляўся! Ты хутка сядзеш», а сьледчыя канфіскавалі кампутары.
У кватэры галоўнага рэдактара рагачоўскага рэгіянальнага парталу vrogacheve.ru Дзяніса Дашкевіча супрацоўнікі Сьледчага камітэту правялі ператрус і канфіскавалі два кампутары і мадэм «Белтэлекама».

Яму паведамілі, што ідзе праверка па крымінальнай справе па факце абразы прадстаўніка ўлады.

«Яны паказалі свае службовыя пасьведчаньні, нейкае прадпісаньне, што яны маюць намер агледзець кватэру. Яны ўсё перапісалі, сфатаграфавалі, колькі там дзьвярэй у кватэры, колькі дыванаў. І сказалі, што маюць загад канфіскаваць усе кампутары, сродкі сувязі. Адразу яны прадставіліся як міліцыя і я падумаў, што гэта звычайныя міліцыянты. Потым, калі яны ўвайшлі ў кватэру, яны сказалі, што яны не міліцыя, а са Сьледчага камітэта. Маўляў, у рамках праверкі яны будуць праводзіць вопіс кватэры. Яны хадзілі па кватэры, апісвалі колькі дзьвярэй, разэтак і так далей»,— распавёў Свабодзе Дзяніс Дашкевіч.

Паводле Дашкевіча, на сайце vrogacheve.ru быў апублікаваны артыкул пра цёмнае мінулае аднаго з намесьнікаў кіраўніка мясцовай вэртыкалі:

«Ён быў звольнены са жлобінскай мытні затое, што зьліваў бэнзін са службовых аўтамабіляў. Мы правялі журналісцкае расьсьледаваньне, апыталі людзей, якія там зь ім працавалі, а таксама людзей з райвыканкаму. На сайце мы выказалі два пункты гледжаньня. Адны людзі казалі, што ён насамрэч зьліваў бэнзін, за што яго і панізілі. А сам райвыканкам даў камэнтары, што гэта няпраўда, і мы гэта таксама апублікавалі. Якая там можа быць абраза ў гэтым артыкуле, я нават не разумею. Ужо былі такія прэцэдэнты, калі на мяне пісаў былы кіраўнік горада, які цяпер працуе намесьнікам губэрнатара ў Гомелі, калі напісалі, што ён у нецьвярозым стане езьдзіў за рулём. Ён таксама напісаў заяву, але сьледзтва прыпынілі, бо не знайшлі нейкіх элемэнтаў абразы. Да якой ступені гэтыя чыноўнікі ўжо знахабнелі, ведаюць, што яны насамрэч вінаватыя, і ўсё роўна ідуць, як танкі».

Дзяніс Дашкевіч мяркуе, што пачынаючы змаганьне з інфармацыйным парталам, мясцовыя ўлады рыхтуюцца да выбараў:

«Гэта атака ўлады на незалежны сайт. Ідзе ліквідацыя незалежных рэгіянальных сайтаў. Наш сайт працуе цягам двух гадоў і вельмі востра крытыкуе мясцовую ўладу. Ён вельмі папулярны: у 30-тысячным горадзе колькасьць наведнікаў складае каля 800 чалавек у суткі. Я думаю, ідзе кампанія, каб проста зьнішчыць гэты сайт».

Паводле Дашкевіча, пасьля зыходу супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, яму тэлефанавалі невядомыя і маўчалі. А ў скайп яму даслалі паведамленьні: «Ты дагуляўся!Ты хутка сядзеш».