Рашэньне пра экстрадыцыю Баўмгертнэра не прынятае

Уладзіслаў Баўмгертнэр

«Няма аніякай інфармацыі пра тое, калі будзе прынятае рашэньне пра экстрадыцыю Ўладзіслава Баўмгертнэра», — паведаміў Радыё Свабода прэс-сакратар Генэральнай пракуратуры РБ Пётр Кісялёў.
Генэральная пракуратура таксама не валодае інфармацыяй, як менавіта будзе ажыцьцяўляцца працэс экстрадыцыі і хто будзе аплочваць пераезд Баўмгертнэра ў Маскву. Па словах Пятра Кісялёва, самі пытаньні экстрадыцыі знаходзяцца ў веданьні МУС.

«Калі будзе рашэньне па экстрадыцыі Баўмгертнэра, тады і будзе вырашана, як яго будуць перадаваць, — кажа Шалькевіч. — Цяпер такога рашэньня няма».

Канстанцін Шалькевіч, прэс-сакратар МУС, паведамляе, што няма адзінага парадку экстрадыцыі абвінавачанага:

«Вось згадайце, як экстрадзіравалі Кабалава (Ён спачатку ў Гародні ўтрымліваўся ў турме, пасьля яго перавезьлі ў Віцебскую вобласьць, пасьля на машынах адвезьлі на мяжу і з адной машыны перасадзілі ў іншую. Як будзе з Баўмгертнэрам, я, шчыра кажучы, ня ведаю».

За чый кошт ажыцьцяўляецца экстрадыцыя, пакуль высьветліць не ўдалося. Аднак Уралкалій не плянуе адпраўляць па свайго генэральнага дырэктара самалёт.

«Экстрадыцыя адбываецца па лініі супрацоўніцтва праваахоўных органаў Расеі і Беларусі, і менавіта яны кантралююць гэты працэс, — паведамляе супрацоўнік прэс-службы Ўралкалію Аляксандр Бырыхін. — Пра наш самалёт размова не ідзе. Да таго ж на пэрыяд экстрадыцыі Ўладзіслаў Баўмгертнэр таксама застаецца пад арыштам».

Сёньня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у Маскве заявіў, што праваахоўныя органы дзьвюх краін ужо «прапрацоўваюць» пытаньне экстрадыцыі арыштаванага ў Беларусі гендырэктара «Беларуськалію».

«Усе фармальнасьці ўжо выкананыя»,— цытуе Макея РІА «Новости».

«Па лініі нашых праваахоўных структур, па лініі генпракуратур выконваюцца адпаведныя міждзяржаўныя працэдуры, зьвязаныя з экстрадыцыяй гэтага чалавека. Што тычыцца канкрэтнай даты выдачы, я не магу вам сказаць, але, наколькі мне вядома, усе неабходныя фармальнасьці выкананыя; цяпер справа застаецца літаральна за невялікім»,— сказаў Макей на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.