«Нізы» маўчаць — «вярхі» не варушацца

Сёньня шмат кажуць пра неабходнасьць рэформаў, цьвердзяць, што яны насьпелі. Пра гэта пішуць незалежныя мэдыі, да гэтага заклікаюць экспэрты, апазыцыя, замежныя крэдыторы (МВФ, Усясьветны банк, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС). Мода на падобную рыторыку перакінулася ва ўладныя структуры. Пра рэформы гаворыцца ў сумесным пляне ўраду і Нацбанку ад 10 кастрычніка. Нават Лукашэнка час ад часу аддае даніну агульнаму трэнду, разважаючы пра мадэрнізацыю палітычнай сыстэмы. Тым ня менш усё застаецца на сваім месцы.

Людзі, гаворачы пра рэформы, тлумачаць іх патрэбу эканамічнымі праблемамі ў краіне, адзначаюць неэфэктыўнасьць цяперашняй сыстэмы, нагадваюць пра насьпелую гістарычную неабходнасьць. Але «неэфэктыўнасьць» — паняцьце адноснае. А што да крызісных зьяваў у эканоміцы, дык дзе іх няма? Вось Эўропа ледзь-ледзь выкараскалася з крызісу.

І з гісторыі вядома, што дзяржаўныя дзеячы рэдка кіруюцца такімі абстрактнымі катэгорыямі, як «гістарычная неабходнасьць». Яны звычайна рэагуюць на канкрэтныя праявы незадаволенасьці ў краіне, прычым масавыя. Калі ж іх няма, то лепш не будзіць ліха. Міхаіл Гарбачоў, мусіць, шмат разоў пашкадаваў, што пачаў сваю Перабудову, не падштурхнуты масавым публічным пратэстам. Ён сам казаў, што на ягоны палітычны век рэсурсаў той савецкай сыстэмы хапіла б, мог бы пару дзясяткаў гадоў сядзець на пасадзе генсека. Але гэта выключэньне, якое, калі глядзець на вынік гарбачоўскіх рэформаў, толькі пацьвярджае правіла.

А правіла палягае ў тым, што дзяржаўныя лідэры ідуць на рэформы толькі пад ціскам грамадзтва, якое выяўляе сваё незадаволеньне не бурчаньнем на кухнях, а праявамі публічнага пратэсту. Паводле формулы расейскага імпэратара Аляксандра Другога: «Лепш адмяніць прыгоннае права зьверху, чым чакаць, як яно само сабою пачне адмяняцца зьнізу».
Можна гаварыць пра сымптомы эканамічнага крызісу, але няма прыкметаў сацыяльнага крызісу

І вось калі паспрабаваць гэтае правіла прымяніць да сёньняшняй Беларусі, то мы ўбачым, што ніякага яўнага незадаваленьня няма. Усё спакойна, поўны штыль. Можна гаварыць пра сымптомы эканамічнага крызісу, але няма прыкметаў сацыяльнага крызісу. Яшчэ мінулым годам месцамі ўзьнікалі нейкія працоўныя канфлікты, дзе-нідзе людзі спынялі працу, патрабавалі падвышэньня заробкаў, а сёлета ўсё ціха. Усе задаволеныя. А хто незадаволены, то цішком зьяжджае з краіны на заробкі за мяжу.

У аналітычных артыкулах апошнім часам шмат разважаецца пра тое, што адна з найважнейшых умоваў перамен — раскол элітаў. То бок рэвалюцыя (ці рэформы) пачынаюцца тады, калі, як пісаў клясык, «вярхі ня могуць кіраваць па-старому».

Быццам бы ўсё так. Але раскол элітаў — гэта таксама вынік нейкіх унутраных працэсаў у грамадзтве, ён не здараецца на пустым месцы. Звычайна «вярхі ня могуць кіраваць па-старому» тады, калі «нізы ня хочуць жыць па-старому». Гэтыя два працэсы падсілкоўваюць адзін аднаго. І калі грамадзтва сьпіць, то адкуль можа зьявіцца раскол элітаў?

А сам па сабе факт дрэннага эканамічнага стану, зьніжэньня ўзроўню жыцьця да рэформаў не вядзе. Як сьведчыць досьвед Кубы ці Паўночнай Карэі, падобная сытуацыя можа захоўвацца дзесяцігодзьдзямі.

Таму, калі зьнізу нішто не падціскае, то няма стымулаў нешта мяняць. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць хацела б пераменаў. Але нічога ня хоча рабіць дзеля іх набліжэньня. Таму што беларусы ў масе сваёй — «халяўшчыкі». Спадзяюцца, што ўсё нехта зробіць за іх. А ў краіне жалезабэтоннай стабільнасьці рэформаў не бывае.