Ганна Янкута — пра беларускую літаратуру на экспарт

Ганна Янкута

Ніколі дакладна не прадкажаш, якая кніга можа зацікавіць нашых суседзяў і далёкае замежжа. Але прымерыць на тую ці іншую кнігу пераклад ніхто не забараняе. У сёньняшнім «Пяцікніжжы» Ганна Янкута спрабуе ўявіць, якія беларускія кнігі можна экспартаваць у іншыя краіны і што з гэтага можа атрымацца.


Светлана Алексиевич. Время секонд хэнд. — Время, 2013

Хаця б на некалькі хвілінаў забыўшыся пра ўсе гэтыя нашумелыя спрэчкі вакол Сьвятланы Алексіевіч і яе нацыянальнай ідэнтычнасьці, якая ў кнізе «Время секонд хэнд» характарызуецца выразам homo soveticus, і з усёй прыемнасьцю зацягнуўшы яе цішком у беларускі кантэкст, мы адразу ж атрымліваем аўтара, якога могуць добра ўспрыняць за мяжой. Больш за тое, гэта ўжо здарылася, а таму я нічым не рызыкую, сьцьвярджаючы, што «Время секонд хэнд » — гэта менавіта тое, чаго Эўропе ад нас трэба. Прычын для гэтага некалькі.

Па-першае, з тых часоў, калі эпічныя творы накшталт «Бэўвульфа» ці рэмаркаўскага «На Заходнім фронце нічога новага» пачалі паціху выходзіць з моды, пісьменьнікаў і чытачоў ужо мала цікавіць вялікая гісторыя, гісторыя для ўсіх. На фоне маштабных падзеяў голас асобнага чалавека заўсёды губляецца — і цяпер вельмі важна гэты голас пачуць. Сьвятлана Алексіевіч добра ўсьведамляе гэтую неабходнасьць і занатоўвае аповеды людзей, якія ніколі раней не мелі магчымасьці расказаць усяму сьвету пра сябе. Што праўда, аўтарскі пачатак тут даволі ўмоўны: кнігі пісьменьніцы складаюцца з чужых галасоў, як вялікая гісторыя складаецца з гісторыяў маленькіх і прыватных. Нават трошкі інакш: вялікай гісторыі не існуе, бо для кожнага з нас яна — гэта тое, як і чым мы жывем. І Заходняму фронту вельмі цікава пра гэта дазнацца — бо дагэтуль нашая гісторыя ў іх уяўленьні пісалася збольшага бяз нашага ўдзелу.

Па-другое, жаданьне пачуць голас іншага цягне за сабой жаданьне асэнсаваць пачутае. Чытаючы, напрыклад, анталёгію сучаснага швэдзкага ці польскага апавяданьня, мы прымяраем на сябе жыцьці і праблемы, пра якія там расказваецца, і думаем пра тое, якія мы ўсё ж падобныя і розныя. Кніга «Время секонд хэнд» — гэта журналісцкая, хаця і даволі эмацыйная спроба асэнсаваць тое, што з намі адбывалася і адбываецца цяпер, тое, чаго так не хапае нашай літаратуры. Бо першы крок у разуменьні сябе і свайго месца ў сьвеце — гэта асэнсаваньне шляхам збору матэрыялаў, запісваньня чужых галасоў, якім і ёсьць кніга. Другі крок — і нехта мусіць яго ўрэшце зрабіць — гэта асэнсаваньне сабранага матэрыялу празь літаратуру, праз гісторыю выдуманую, расказаную, добра ўзважаную і вывераную. Дарэчы, няма сумневу, што такая гісторыя таксама будзе някепска экспартавацца.


Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011

Наступная кніга, якую б я параіла замежнікам для перакладу і чытаньня, — «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча»: зборнік эсэ, аб’яднаных агульнай мэдыцынскай мэтафарай, якая дае аўтару магчымасьць паразважаць на многія тэмы — ад палітыкі да здаровага ладу жыцьця — і потым зьмясьціць гэтыя разважаньні пад адну вокладку. Апроч шэрагу іншых вартасьцяў (ня ўсе гэтыя вартасьці замежнікі змогуць ацаніць) кніга гэтая валодае вартасьцю ўнівэрсальнай, такой, якая можа зрабіць яе прывабнай нават там, дзе пра Беларусь чуюць толькі падчас «Эўрабачаньня». «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» запакаваная ў шыкоўную абгортку: мэдычная мэтафара падаецца ці не найцікавейшым у беларускай літаратуры спосабам арганізаваць цыкль эсэ ў кнігу. Усё афармленьне кнігі (пад афармленьнем тут маецца на ўвазе ня толькі вокладка ці ілюстрацыі, але і анатацыя, і зьвесткі пра аўтара) працуе на стварэньне (выкарыстаем тут гэтае страшнае слова) тавару, прыцягальнага для пакупніка, а пацягнуўшыся ў кнігарні па кнігу, каб паглядзець, што ж гэта ўрэшце за трасца, ужо ня можаш заадно не паглядзець, чаго там аўтар панапісваў у разьдзеле «Пранцы» ці «Батулізм». Да таго ж сам жанр эсэ (трошкі нацыянальнага — для калярыту, трошкі агульначалавечага — для ўзаемапаразуменьня) заўсёды быў вельмі папулярны, а пасьля «Доктара Хаўса» мэдыцынская тэма мала каго пакіне абыякавым.


Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька: Освальд у Менску. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011

Калі мы хочам зацікавіць чымсьці замежніка, мы мусім расказаць яму альбо пра нешта сэнсацыйнае, пра што ведае цэлы сьвет, альбо пра нешта прыватнае, яму незнаёмае: расказаць нешта пра сябе. Кніга Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька: Освальд у Менску» адпавядае адразу двум гэтым патрабаваньням. З аднаго боку, у ёй расказваецца пра Лі Гарві Освальда, чалавека, які хоць і вядомы ў сьвеце трошкі менш за Джона Кенэдзі, але артыкул у Вікіпэдыі пра якога перакладзены на больш чым 50 моваў, сярод якіх ёсьць правансальская, гэльская, мангольская і нават такія, што я і не ведаю, як іх па-беларуску назваць. З другога боку, Освальду калісьці давялося пажыць у Менску, а таму расказваючы пра гэты яго пэрыяд, нельга не згадаць тыя ці іншыя тагачасныя беларускія рэаліі. У выніку кніга нібыта пра Освальда — але і пра Менск. Гэтак жа мы маглі б з патрыятычных пачуцьцяў чытаць біяграфію Ігната Дамейкі — і абавязкова даведаліся б пра індзейцаў-араўканаў. Апроч усяго гэтага — нон-фікшн, КДБ і расшыфроўкі праслухоўваньняў, і калі першым ніякага замежніка не зьдзівіш, то другое і трэцяе могуць добра спрацаваць на цікавасьці чытачоў да ўсяго сакрэтнага і страшнага.


Алесь Разанаў. Воплескі даланёю адною. — Менск: «Логвінаў», 2010

Выбіраючы сярод кніг паэзіі Алеся Разанава нешта на экспарт, цяжка спыніцца на чымсьці адным. На выбар уплываюць многія фактары, перадусім — думка пра перакладчыка, які будзе перакладаць кнігу на замежную мову. З гэтага гледзішча прасьцей прапанаваць яму вэрлібры, чым рыфмаваную паэзію, — але вэрлібры Разанава асаблівай палёгкі нікому не дадуць. Нават фармальна празаічныя зномы з кнігі «Сума немагчымасьцяў» выглядаюць неперакладальнымі. Кніга «Воплескі даланёю адною» у гэтым пляне падаецца трошкі лягчэйшай, але перакладчыку ў любым разе давядзецца добра папрацаваць. Разанаўскія пункціры патрабуюць сьцісласьці думкі, увагі да гукапісу і гульні са словамі, і калі перакладчык пра гэта парупіцца, экспартная ўгода можа атрымацца пасьпяховай.


Рыгор Барадулін. Руны Перуновы. — Менск: «Радыёла-плюс», 2006

Кніга вершаў Рыгора Барадуліна «Руны Перуновы» выглядае ў гэтым сьпісе даволі дзіўна, і гэта зразумела. Хутчэй за ўсё яна ніколі не трапіць да замежных чытачоў: цяжка ўявіць сабе настолькі віртуознага перакладчыка, які зможа перадаць гэтыя вершы на замежнай мове. Не таму нават, што гэта складаная з тэхнічнага гледзішча паэзія, захаваць усе асаблівасьці якой ці кампэнсаваць іх сродкамі іншай мовы цяжка. Акурат гэта перакладчыкаў ніколі не спыняла і спыняць не мусіць. Але паэзія Барадуліна настолькі ўкарэненая ў беларускую традыцыю, яна настолькі нацыянальная, што ніхто і ніколі не зможа ўспрымаць яе так, як мы. Гэта як перакладаць народныя песьні. Але гэта акурат тое, чым вельмі хочацца падзяліцца з іншымі. А таму застаецца толькі дадаць кнігу ў сьпіс і спадзявацца на вынаходлівасьць іншамоўнага калегі.