Нелегальнае мяса сапсавала беларускія сасіскі

«Рассельгаснагляд» выявіў рактапамін і кішачную палачку ў прадукцыі беларускіх вытворцаў каўбасы.
Аднак абмежаваньні на пастаўку мясных вырабаў у Расею пакуль ня ўводзяцца.

Шкоднае рэчыва знайшлі ў партыі сасісак, вырабленай ААТ «Віцебскі мясакамбінат».

Рактапамін, які выкарыстоўваецца ў ЗША, Канадзе і Бразыліі для нарошчваньня мышачнай масы жывёл, забаронены ў Расеі і шэрагу іншых краін, бо нясе з сабой рызыку нэгатыўнага ўзьдзеяньня на здароўе чалавека.

У верасьні 2012 году «Рассельгаснагляд» забараніў з-за рактапаміну ўвоз мяса індычкі з ЗША, зь лютага 2013 году — увоз з ЗША сьвініны і ялавічыны з гэтым стымулятарам, а ў красавіку 2013 году абмежаваў пастаўкі мяса з шэрагу прадпрыемстваў Мэксыкі.

Памочнік кіраўніка «Рассельгаснагляду» Аляксей Аляксеенка сказаў ИТАР — ТАСС, што гэтае рэчыва магло апынуцца ў беларускіх сасісках у выпадку завозу ў краіну нелегальнага мяса з ЗША ці Бразыліі.

Акрамя таго, у каўбасных вырабах шэрагу вядучых вытворцаў Беларусі пры лябараторных дасьледаваньнях знайшлі кішэчную палачку.

Паводле Аляксеенкі, пакуль Расея толькі папярэдзіць дзяржаўную вэтслужбу Беларусі пра выяўленыя парушэньні, каб тая зрабіла неабходныя захады дзеля іх ліквідацыі.

У канцы жніўня 2013 году «Рассельгаснагляд» увёў з-за афрыканскай чумы сьвіней часовыя абмежаваньні на пастаўкі зь Беларусі сьвіней, іх генэтычнага матэрыялу, сьвінагадоўчай прадукцыі і кармоў, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку.