Бялкоўскі: Калі не дамовяцца наконт калію, Баўмгертнэр вернецца ў турму

Станіслаў Бялкоўскі

«Калі новыя перамовы пра ўзнаўленьне супрацоўніцтва „Ўралкалія“ і „Беларуськалія“ сарвуцца, ня выключана, што Баўмгертнэр вернецца ў турму», — лічыць расейскі палітоляг, дырэктар Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі.
Станіслаў Бялкоўскі: «Зьмена ў лёсе Ўладзіслава Баўмгертнэра — гэта вынік размовы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на саміце АДКБ, які адбыўся на днях. Думаю, што Аляксандар Лукашэнка вырашыў трохі зьмякчыцца напярэдадні зьмены ўласьніка кампаніі „Ўралкалій“ і ўзнаўленьня перамоваў пра супрацоўніцтва „Ўралкалія“ зь „Беларуськаліем“. Але паколькі ў прэзыдэнта Беларусі няма даверу да расейскіх партнэраў і гэтую сытуацыю недаверу пераламіць ужо немагчыма, то і адпускаць Баўмгертнэра ад сябе Лукашэнка пакуль ня хоча.

Праўда, Аляксандру Лукашэнку варта разумець, што расейскія эліты дастаткова жорсткія і цынічныя, у тым ліку і ў дачыненьні да сваіх уласных прадстаўнікоў. І лёс аднаго Баўмгертнэра хвалюе старых і новых уласьнікаў „Уралкалія“ толькі да пэўнай ступені».

Таму і гандляваць свабодай Баўмгертнэра можна толькі да пэўнай ступені, — падсумоўвае Бялкоўскі.


Сёньня ўначы кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра перавялі з турмы КДБ пад хатні арышт, паведаміў журналістам ягоны адвакат Аляксей Басістаў.Цяпер бізнэсмэн знаходзіцца ў найманай кватэры ў адным з раёнаў Менску.

Баўмгертнэр круглыя суткі знаходзіцца пад назіраньнем КДБ.

Да яго пусьцілі маці, якая напярэдадні прыляцела ў Менск у надзеі на спатканьне з сынам у турме КДБ.

Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК страты ў памеры да 100 мільёнаў даляраў.