Відэасэрыя «Мы вас чакаем» — гэта спробы родных і блізкіх зьвярнуцца да палітвязьняў, павіншаваць іх са сьвятамі. У гэтым выпуску — жонка Міколы Статкевіча.
Даведка Свабоды:
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 г. у вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню. Працаваў выкладчыкам у гэтай вучэльні. У лютым 1991 г. на знак пратэсту супраць падзеяў у Вільні выйшаў з КПСС.
Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.
Разьведзены, мае дзьвюх дачок.
У 1995 г. абраны старшынём БСДГ. Пасьля аб’яднаньня з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды і стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) стаў старшынём БСДП (НГ). З 2003 г. лідэр «Эўрапейскай кааліцыі».
У 2000 г. удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. У 2005 г. быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 г. у Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 г. Затрыманы 19 сьнежня 2010 г. пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 г. судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла Статкевіча на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
12 студзеня 2012 году рэжым пакараньня ўзмацнілі — Статкевіча з калёніі на тры гады перавялі ў «крытую» турму. На дадзены момант Мікола Статкевіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме №4.
Глядзіце таксама