Даведка Свабоды:
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ.
Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997—2004 г. Адзін з арганізатараў І Кангрэсу беларускай моладзі, абароны Курапатаў, нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!», перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь». У 1999—2003 г. намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 г. старшыня Маладога Фронту.
Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, аўтар шэрагу кніг. Сустаршыня стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Нежанаты.
Міліцыя і КДБ затрымлівалі Севярынца больш за 40 разоў; агулам ён правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тыс. даляраў штрафу.
У 1998 г., калі супраць Севярынца распачалі крымінальную справу за арганізацыю вулічных беспарадкаў, правёў два месяцы ў сьледчым ізалятары на Валадарскага.
31 траўня 2005 г. Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. 22 траўня 2007 г. суд прыняў рашэньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Севярынца вязьнем сумленьня.
У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 г. і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, пазьней справу перакваліфікавалі ў арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
16 траўня 2011 г. судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу, гэтак званай «хіміі». Адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.