Даведка Свабоды:
Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушнеры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. У 2001 г. далучыўся да Маладога Фронту. Увосень 2001 г. браў удзел у вахце памяці ва ўрочышчы Курапаты ў часе будаўніцтва кальцавой дарогі. Скончыў завочнае аддзяленьне факультэту славістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
Жанаты. Жонка — намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Дашкевіч (у дзявоцтве — Палажанка).
Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў Беларусі. Ад 2004 г. — лідэр Маладога Фронту. У 2005—2006 г. — удзельнік перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. У сакавіку 2006 г. — адзін зь лідэраў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, быў пакараны арыштамі й штрафамі. 15 верасьня 2006 г. Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 1 лістапада 2006 г. асуджаны да паўтара года зьняволеньня.
22 студзеня 2008 г. Вярхоўны суд перагледзеў справу Дашкевіча і зьмяніў тэрмін яго пакараньня на адзін год зьняволеньня. За кратамі Зьміцер знаходзіўся год і чатыры месяцы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
24 сакавіка 2011 г. судзьдзя Маскоўскага суду Менску Алена Шылько асудзіла Дашкевіча на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня 2010 г. Зьміцер Дашкевіч і актывіст Маладога Фронту Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Дашкевіч адбываў пакараньне ў Горацкай калёніі № 9, потым у Глыбоцкай калёніі №13, пасьля чаго быў пераведзены ў Мазырскую калёнію №20.
28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго дадатковым годам пазбаўленьня волі. 30 кастрычніка выязны Мазырскі суд пастанавіў перавезьці лідэра Маладога Фронту з мазырскай калёніі ў «крытку». Цяпер Дашкевіч знаходзіцца ў Гарадзенскай турме.
Глядзіце таксама