Відэасэрыя «Мы вас чакаем» — гэта спробы родных і блізкіх зьвярнуцца да палітвязьняў, павіншаваць іх са сьвятамі, расказаць сямейныя навіны. Да бацькі зьвяртаецца Адам Бяляцкі, які вучыцца ў Польшчы.
Даведка Свабоды:
Алесь Бяляцкі
Нарадзіўся 25 верасьня 1962 г. у Сартавальскім раёне Карэліі (Расея). Скончыў сьветлагорскую школу № 5, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі.
Адзін са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», старшыня гэтай арганізацыі. Адзін з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», сябра Арганізацыйнага камітэту БНФ. Адзін з арганізатараў Беларускай каталіцкай грамады.
У 1992-1996 г. быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. У 1989-1998 г. працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. З 1997 г. кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна». У 2007 г. быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Жанаты, мае сына.
Узнагароджаны Швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава (Нарвэскі Хэльсынскі камітэт), Прэміяй Homo Homini арганізацыі People in Need («Чалавек у нядолі»). Муніцыпалітэт гораду Генуя (Італія) у 2010 г. надаў Бяляцкаму званьне «Ганаровы грамадзянін Генуі». У 2011 г. праваабарончы цэнтар «Вясна» ўганараваны «Прэміяй свабоды» Атлянтычнай рады ЗША. Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006, 2007 і 2012 г.
4 жніўня 2011 г. арыштаваны пасьля таго, як Літва і Польшча перадалі ўладам РБ зьвесткі пра банкаўскія рахункі на сваёй тэрыторыі. Бяляцкага абвінавачваюць ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада 2011 г. асуджаны Першамайскім судом Менска на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Алеся Бяляцкага вязьнем сумленьня.
Адбывае пакараньне ў калёніі ў Бабруйску.
Глядзіце таксама