Макей: Беларусь бачыць пагрозу з боку ЗША і ЭЗ

Уладзімер Макей

Афіцыйны Менск занепакоены пагрозамі, зьвязанымі з барацьбой ЗША і Эўразьвязу за ўплыў на пасьлясавецкай прасторы, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
«Асаблівую актуальнасьць для нас на сучасным этапе набываюць пагрозы, зьвязаныя з геапалітычнай канкурэнцыяй на пасьлясавецкай прасторы буйных палітычных гульцоў, уключаючы ЗША і Эўрапейскі Зьвяз», — заявіў Макей у інтэрвію расійскай газэце «Красная звезда».

Макей кажа, што пагрозы, зьвязаныя з замахам на сувэрэнітэт, дзяржаўную незалежнасьць, канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную еднасьць Беларусі, як правіла, маюць вонкавы характар і выяўляюцца шляхам навязваньня пэўнага палітычнага курсу, які не адпавядае нацыянальным інтарэсам.

«Гэта можа быць таксама мэтанакіраваны ціск на кіраўніцтва краіны з мэтай атрыманьня розных саступак як у палітычнай, так і ў эканамічнай сфэрах; увядзеньне разнастайных санкцыяў і абмежаваньняў; паслабленьне і дыскрэдытацыя інтэграцыйных структур, у працы якіх удзельнічае наша краіна», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.

«Як ніколі актуальным мы таксама лічым процідзеяньне выкарыстаньню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў у мэтах падрыву палітычнай, эканамічнай і грамадзкай бясьпекі дзяржавы», — заявіў Уладзімер Макей.

Макей: Нармалізацыя адносін Беларусі і Эўразьвязу залежыць ад ЭЗ

«Мы перакананыя, што ключ да разьвязаньня сытуацыі, якая склалася ў нашых адносінах, знаходзіцца ў Эўразьвязу. У адрозьненьне ад ЭЗ, мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы сваіх суседзяў. Менавіта Эўразьвяз нясе адказнасьць за страту даверу ў дыялёгу. Яму і належыць ліквідаваць шкоду, якая была нанесеная», — кажа Макей.

Кіраўнік МЗС прызнаў, што стасункі на палітычным узроўні «вельмі далёкія ад рэальных патрэбаў як Беларусі, так і самога Эўразьвязу».


Даведка «Свабоды»: Санкцыі ЗША і Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску

ЗША і Эўразьвяз скаардынавана ўводзяць санкцыі супраць уладаў Беларусі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, спыніць уціск апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, правесьці свабодныя выбары.

Першыя санкцыі Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў у «Драздах».

У адказ на дзеяньні беларускіх уладаў краіны Заходняй Эўропы і ЗША склалі сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Да канца году «чорны сьпіс» вырас да 41 чалавека за кошт судзьдзяў і пракурораў, якія судзілі Аляксандра Казуліна.

У канцы 2008 году, пасьля пачатку лібэралізацыі і вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, Эўразьвяз і ЗША ўпершыню прыпынілі на паўгода дзеяньне санкцыяў адносна 36 чыноўнікаў. Пазьней санкцыі да 2011 году рэгулярна аднаўляліся і адразу ж замарожваліся. Дзеяньне санкцыяў супраць Уладзімера Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі не прыпынялася ніколі.

Эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 году супраць двух прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім». У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у ягоны склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША зьменшыўся ў чатыры разы.

Лібэралізацыя 2008 году таксама паспрыяла замарожваньню санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім»: ААТ «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» — да канца траўня 2011 году. Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», заставаліся ў сіле з-за адсутнасьці прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека і з-за няспынных абмежаваньняў асноўных свабодаў у краіне.

У жніўні 2010 году Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал: ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал» (кароткая назва — «ГК Банк»). Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.

31 студзеня 2011 году Злучаныя Штаты ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу таксама ўвялі свае санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з разгонам акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Амэрыканскія санкцыі прадугледжвалі пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні, і аднаўленьне мараторыю на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну «Белнафтахім».

11 лютага 2011 году набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Лідзкая лякафарба» і ААТ «Полацак-Шкловалакно».

У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну «Беларуснафта» — за яго дзейнасьць у Іране.

У жніўні таго ж году Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў: «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно» і «Нафтан». Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камэрцыйныя ўгоды з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.

Офіс прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША тады выступіў з камэнтаром пра новыя эканамічныя санкцыі Вашынгтону супраць афіцыйнага Менску: «Мы працягваем заклікаць урад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Санкцыі ЗША не накіраваныя супраць беларускага народу. Узмацненьне падтрымкі народу Беларусі ў дзейнасьці, накіраванай на пабудову сучаснага, дэмакратычнага і квітнеючага грамадзтва, заўсёды было неад’емным кампанэнтам палітыкі ЗША».

У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

Пэрсанальныя візавыя і маёмасныя санкцыі ЗША супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў дзейнічаюць з 16 чэрвеня 2006 году, тады пад іх падпалі 10 чалавек на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты сьпіс пашыраўся паралельна з эўрапейскім сьпісам.