Былы кіраўнік Фрунзенскага РУУС: 90% міліцыянтаў — выдатныя людзі

http://www.youtube.com/embed/WsmtqQRXEF8
Сын кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі, які нядаўна сышоў з міліцыі, пракамэнтаваў выпадак зьбіцьця вартаўніка Васіля Сарочыка ў міліцыі.

Паводле былога кіраўніка Фрунзенскага РУУС Алега Гайдукевіча, трэба дачакацца вынікаў службовай праверкі. «Калі пацьвердзіцца тое, што я прачытаў у інтэрнэце, вядома, гэта трэба самым жорсткім чынам караць, аж да нейкай адказнасьці, той, што прадугледжваецца законам».

Былы міліцыянт адразу папярэдзіў, што нельга казаць, што ўсе праваахоўныя органы агулам кепскія. «90 % працаўнікоў — сумленныя, прыстойныя людзі... Міліцыя — гэта зрэз беларускага грамадзтва. Гэта не іншапланетоўцы, яны не прыехалі з Літвы, яны не прыехалі з Латвіі, яны не прыехалі з Расеі. ... А тое, што хтосьці мог учыніць злачынства, — такое бывае», паведамляе Белсат.

Гайдукевіч запэўніў, што па кожным выпадку вінаватых прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. Прычым міліцыянтам, паводле яго, даюць максымальныя тэрміны. Тое, што адбылося ў сталічным пастарунку, ён тлумачыць паслабленьнем кантролю з боку кіраўніцтва. І тут жа ўзгадвае, што начальнік Ленінскага РУУС — «найпрыстойнейшы чалавек, прафэсіянал».

Алег Гайдукевіч дадаў, што сам змагаўся з рукапрыкладствам у міліцыі, калі «займаў кіроўныя пасады».

Ахоўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык сьцьвярджае, што зьбіцьцём, зьдзекамі і пагрозамі ў Ленінскім райаддзеле міліцыі дамагаліся, каб ён прызнаўся ў крадзяжы мармуровай пліты коштам сем тысяч даляраў.

Сёлета 15 кастрычніка Алег Гайдукевіч прызнаўся, што «сваіх ніколі не здае», таму працягвае кантактаваць зь асуджаным міліцыянтам Дзінасам Лінкусам. Раней Лінкус быў асуджаны да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё начальніка Шчучынскага раённага аддзелу дэпартамэнту аховы Аляксея Сяргея. Дагэтуль Лінкус працаваў у Менску, дзе вызначыўся той жа манерай паводзінаў. Прыкладам, запалохваў згвалтаваньнем дэмакратычную актывістку Вольгу Карач і пагражаў праваабаронцу Валеру Шчукіну.

Праваабаронца Валеры Шчукін упэўнены, што Гайдукевіч сышоў з МУС зусім не таму, што марыў стаць палітыкам, а з-за справы Лінкуса. За некалькі дзён да вынясеньня прысуду былому падначаленаму Алег Гайдукевіч усяляк заступаўся за яго і характарызаваў як «дасьведчанага кіраўніка».