Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч: «Я асабіста гарантую бясьпеку Міхалевічу»

абноўлена

Намесьнік кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч
Намесьнік кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч

Так новаабраны намесьнік старшыні партыі ЛДП Алег Гайдукевіч запрашаў «канструктыўную апазыцыю» ўзяць удзел у новым мерапрыемстве сваёй партыі — сходзе на плошчы Бангалор.

Дадатковую ўвагу да прэсавай канфэрэнцыі прыцягнуў Малады Фронт, які некалькі дзён таму зьвярнуўся да былога начальніка Фрунзенскага РУУС з трыма пытаньнямі. Самае першае: ці ня хоча ён папрасіць прабачэньня за незаконныя загады?

Намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Палажанка кажа, што зьвярнуліся да Гайдукевіча-малодшага, бо «гэты чалавек зараз зьяўляецца публічным палітыкам. Мы лічым, што такія людзі ня маюць права прымаць удзел у палітычным жыцьці і публічна адкрываць рот, пакуль яны не папрасілі прабачэньня за тое, што рабілі ў мінулым жыцьці».

Аднак прасіць прабачэньня Гайдукевіч-малодшы адмовіўся:

Алег Гайдукевіч: «Я ніколі ў жыцьці не рабіў таго, у чым мяне абвінавачваюць. Я ганаруся тым, што я быў супрацоўнікам міліцыі. Ганаруся кожным днём. Мне няма перад кім прасіць прабачэньня. Я ніколі ў жыцьці не рабіў таго, у чым мяне абвінавачваюць. Гэта трызьненьне. У Фрунзенскім РУУС штодзённа прыцягваліся да адказнасьці 20–30 чалавек. Гэта выдумкі, што асноўны від дзейнасьці міліцыі — гэта вось такія рэчы».
Я ганаруся тым, што я быў супрацоўнікам міліцыі. Ганаруся кожным днём

Маладафронтаўцы прыклалі да свайго звароту сьпіс затрыманых актывістаў, якія прайшлі праз Фрунзенскі РУУС. У ім больш за сотню прозьвішчаў, — кажа Наста Палажанка:

«Хай сабе спадару Алегу ня сорамна за тое, што ён быў міліцэйскім чыноўнікам. Але яму мусіць быць сорамна за той сьпіс людзей, які мы прыклалі. Яны былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў альбо іншых спагнаньняў паводле сфальшаваных пратаколаў».

Наста кажа, што сама не сустракалася з Алегам Гайдукевічам. Аднак менавіта ў Фрунзенскім РУУС яны разам зь Дзянісам Карновым падавалі заяву з патрабаваньнем расьсьледаваць факт іх выкраданьня. 25 сакавіка 2009 году Насту і Дзяніса схапілі невядомыя паблізу станцыі мэтро «Каменная горка», зьбілі ў машыне, а потым выкінулі далёка за горадам.

Наста Палажанка
Наста Палажанка
Палажанка распавядае, што сьледчы з Фрунзенскага РУУС спачатку вельмі прафэсійна паставіўся да разгляду іхнай справы. Аднак пазьней паведаміў, што начальства фактычна прымусіла яго закрыць яе. Дапамогі ад беларускага правасудзьдзя маладафронтаўцы так і не дачакаліся. І гэта пры тым, што аднаго з выкрадальнікаў нават апазналі.

«Для мяне паказьнікам прыстойнасьці гэтага чалавека было б, калі б ён сказаў: так, такія справы былі, у нас не было іншага выйсьця і я прашу прабачэньня ў гэтых людзей, — кажа Наста Палажанка. — Але калі ён адказвае, што ня ведае гэтага сьпісу, то ён проста хітруе. У нас быў сьпіс канкрэтных людзей — там больш за сотню прозьвішчаў».

Маладафронтаўцы таксама пацікавіліся, ці ня сорамна Алегу Гайдукевічу за сяброўства з супрацоўнікам міліцыі Дзянісам Лінкусам, які ўжо асуджаны за зьбіцьцё свайго падначаленага. Незадоўга да суду над Лінкусам Гайдукевіч выдаў яму пазытыўную характарыстыку. І цяпер Гайдукевіч сьцьвярджае, што ён «ня здраджвае сваім сябрам».

Алег Гайдукевіч: «Гэта ў некаторых палітычных сілаў так бывае. Казуліна выпусьцілі з турмы — яны яго выкінулі, забылі. Зараз Статкевіча забудуць, Саньнікава. Гэта ў іх адзін аднаму здраджваюць, прадаюць, перапрадаюць. Калі „мой“ чалавек, так атрымалася, што яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, яго ўжо жыцьцё пакарала».

Алег Гайдукевіч ня раз на прэс-канфэрэнцыі згадваў імёны апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку Андрэя Саньнікава, Аляксандра Казуліна і Мікалая Статкевіча. Намесьнік старшыні ЛДП агучыў пляны партыі наконт бліжэйшых візытаў у Эўропу і перамоваў з эўрапейскімі палітыкамі. На пытаньне Радыё Свабода, як ЛДП ставіцца да наяўнасьці ў Беларусі палітычных зьняволеных, Гайдукевіч адказаў так:

«Мы яшчэ ў студзені месяцы сказалі, што іх трэба вызваліць. Тым самым дзяржава прадэманструе сваю сілу. Яны (апазыцыя. — РС) усё адно ўсіх павыкідалі ўжо — Казуліна выкінулі, Саньнікава выкінулі. Калі мы будзем у Эўропе сустракацца, то будзем і пра гэта гаварыць».

«Я не хачу апынуцца ў турме», — упэўнена адказаў Алег Гайдукевіч на трэцяе пытаньне маладафронтаўцаў. Актывісты пацікавіліся, ці няма ў новага палітыка жаданьня «па добрым беларускім „апазыцыйным“ звычаі паглядзець на краіну з таго боку кратаў?»

«Я не раблю нічога супрацьзаконнага. Жыць трэба паводле закону!» — заявіў Гайдукевіч.

На плошчу Бангалор, у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, ЛДП запрасіла ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты кампаніі 2015 году.
Барадач, Міхалевіч няхай прыяжджае, прывядзе сваіх прыхільнікаў

Алег Гайдукевіч: «Мы прапануем усім патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты не пазьней за восень 2013 году выйсьці на плошчу Бангалор. Мы на сябе возьмем усе арганізацыйныя моманты. Будзе паўгода на падрыхтоўку. Хай кожны патэнцыйны кандыдат прывядзе сваіх прыхільнікаў. І там пабачым, хто што зь сябе ўяўляе. Калі нейкая сіла прыводзіць 100 чалавек, то пра якую барацьбу можа ісьці размова?»

Кожнаму з патэнцыйных кандыдатаў Гайдукевіч паабяцаў 5 хвілін на выступ. «Хай усе прыяжджаюць, — кажа Алег Гайдукевіч. — Барадач, Міхалевіч няхай прыяжджае, прывядзе сваіх прыхільнікаў. Мы забясьпечым бясьпеку. Я асабіста забясьпечу. Гарантую. Хай прыводзяць сваіх людзей. Паглядзім, хто зь сябе што ўяўляе».

На гэтым мерапрыемстве, — упэўнены Гайдукевіч, — «усё вырашыцца». У ЛДП ужо ёсьць кандыдат:

«У нас кандыдат ёсьць. Мы хочам, каб усе яго падтрымалі. Не сакрэт — гэта лідэр партыі» (бацька Алега Гайдукевіча — Сяргей).

Наста Палажанка: «Я схільная думаць, што калі чалавек папрасіў прабачэньня, ён можа далей быць палітыкам. Мы ня можам тут інквізыцыю ладзіць. Невядома яшчэ, як нашыя дарогі перакрыжуюцца, магчыма, яшчэ калісьці руку яму падамо. Але казаць, што беларуская міліцыя ніколі не займалася фальшаваньнямі — гэта проста сьмешна. Столькі людзей прайшлі праз спэцразьмеркавальнікі, праз турмы… І ён жа кажа, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні. А хто ж іх затрымаў? Хто афармляў пратаколы? На таго ж Зьмітра Дашкевіча за „хуліганства“?! Беларуская міліцыя!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG