Ізраіль памацніў удары па Газе

Газа. 21 лістапада 2012 г.

У адказ на тэракт у Тэль-Авіве Вайскова-паветраныя сілы ЦАХАЛу — Арміі абароны Ізраілю — наносяць новыя ўдары па пазыцыях ваеўнікоў у сэктары Газы. Паводле арабскіх крыніц, як мінімум шэсьць чалавек былі забітыя.

Паведамляецца, што ўдар быў нанесены па стадыёне, зь якога вяліся ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ізраілю, а таксама па доме дарадцы прэм’ер-міністра ва ўрадзе ХАМАСу Ісмаіла Ханіі.

Пры падрыве аўтобуса ў Тэль-Авіве сёньня апоўдні былі параненыя звыш 20 людзей. Ізраільскія ўлады ахарактарызавалі здарэньне як тэракт. Паліцыя мяркуе, што бомба была схаваная ў аўтобусе. Выбух здарыўся ў момант, калі аўтобус праяжджаў паўз будынак армейскай управы.

Злучаныя Штаты, асудзіўшы тэракт, выказалі салідарнасьць з народам Ізраілю, падкрэсьліўшы, што гэтая краіна застаецца саюзьнікам Вашынгтону і што ЗША гатовыя й надалей даваць сваім партнэрам усю неабходную падтрымку, у тым ліку ў сфэры бясьпекі.

Дзяржасакратарка ЗША Гілары Клінтан абмеркавала сёньня сытуацыю на Блізкім Усходзе з кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам. Сустрэчу з Абасам праёў і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун — ён заклікаў ХАМАС спыніць абстрэлы Ізраілю і вярнуцца да перамоваў.

У выніку пачатых мінулым тыднем ўзмоцненых абстрэлаў Ізраілем аб’ектаў ХАМАСу у сэктары Газы загінулі ўжо звыш 130 палестынцаў. У Ізраілі ахвярамі ракетных удараў з боку ваеўнікоў сталі 5 чалавек, у тым ліку 1 вайсковец.