Амністыя завяршаецца. Палітвязьні застаюцца за кратамі

У Беларусі завяршаецца амністыя, якая была прымеркавана да афіцыйнага сьвята Дзень рэспублікі 3 ліпеня.
«Разгледжана пытаньне ўжываньня амністыі ў дачыненьні да 14 155 асуджаных. Усяго падпадае пад дадзеную амністыю 15 068 чалавек, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі», — паведамілі Інтэрфаксу з МУС Беларусі.

З калёніяў вызвалена 2 671 чалавека.

5 322 вязьнямі скарочаны тэрмін пакараньня.

6 162 асуджаным адмоўлена ў амністыі.

Акрамя асобаў, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, закон «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы» ад 9 ліпеня 2012 году, распаўсюджваецца на асуджаных, да якіх ужыта пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Пад амністыю не трапляюць тыя зьняволеныя, у дачыненьні да каго ўжывалася амністыя або памілаваньне ў пэрыяд з 2005 па 2012 год. Амністыя не закране тых, хто злосна парушае парадак у папраўчых установах.

То бок палітвязьні, якіх ў Беларусі 12 чалавек, пад амністыю не трапляюць.

Палітвязьні:

Ігар Аліневіч

Мікалай Аўтуховіч

Алесь Бяляцкі

Яўген Васьковіч

Зьміцер Дашкевіч

Мікалай Дзядок

Эдуард Лобаў

Васіль Парфянкоў

Арцем Пракапенка

Павал Севярынец

Мікалай Статкевіч

Аляксандар Францкевіч