Міжнародная арганізацыя Global Finance у штогадовай ацэнцы працы кіраўнікоў цэнтрабанкаў на тройку ацаніла працу старшыні Нацыянальнага банку Беларусі ў 2012 годзе.
Нацыянальны банк Беларусі з 2011 году ўзначальвае Надзея Ермакова. Паводле Global Finance, на якую спасылаюцца «Вести Экономика», кіраўніца Нацбанку Беларусі атрымала адзнаку C (адзнака D адпавядала «двойцы») за працу ў 2012 годзе, а за 2011 год не ацэньвалася. У ацэнцы ўлічвалася тое, што інфляцыя ў Беларусі складае 10,5%, беспрацоўе — 1% і адна з самых высокіх працэнтных ставак — 32%. У выніку Надзея Ермакова ўвайшла ў дзясятку найгоршых старшыняў цэнтрабанкаў. Вышэй за кіраўніцу Нацбанку Беларусі ў рэйтынгу Global Finance апынуўся старшыня цэнтрабанку Паўднёвай Карэі, пасьля яе ідзе калега зь ЮАР.
Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў гэтак камэнтуе адзнаку, якую дала працы Надзеі Ермаковай міжнародная арганізацыя Global Finance:
«Гэта ня ёй адзнака, а нашай эканамічнай сыстэме. У іншых краінах сьвету кіраўнікі цэнтрабанкаў незалежныя ў грашова-крэдытнай палітыцы. У нас жа — так ці інакш залежны. Нашы старшыні Нацбанку нікуды ня могуць падзецца ад той сыстэмы, якая ў нас склалася. Таму добрая Ермакова ці не, — гэта ня столькі пра яе ідзе гаворка, колькі пра тое, якая ў нас сыстэма эканамічная. Але што да Ермаковай, то, на мой погляд, яна робіць максымум таго, што ад яе ўсё ж залежыць. Вось колькі на яе ні ціснулі і ўрад, і Лукашэнка, яна не здаецца і не зьніжае стаўку рэфінансаваньня. Стрымлівае інфляцыю ды іншыя негатыўныя працэсы. Трэба прызнаць, што Нацбанк зараз даволі старанна карыстаецца ўсімі інструмэнтамі грашова-крэдытнай палітыкі. Ён заблякаваў лішнюю масу грошай у банках і на дэпазытах насельніцтва, не дае ёй выйсьці вонкі, каб не было ўсплёску інфляцыі. І адначасова граматна паводзіць сябе з курсам даляра. Таму я б сказаў, што асабіста ў Ермаковай адзнака працы мусіла б быць добрай».
Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў гэтак камэнтуе адзнаку, якую дала працы Надзеі Ермаковай міжнародная арганізацыя Global Finance: