Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня бачу вялікай розьніцы паміж Ткачовым і Пракаповічам»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Што азначае адстаўка галоўнага прыхільніка плянавай эканомікі ў адміністрацыі прэзыдэнта Сяргея Ткачова? Ці можна сказаць, што кіраўніцтва краіны падыходзіць да неабходнасьці большых рынкавых пераўтварэньняў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і былы кіраўнік Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

«Погляды Ткачова засталіся нязьменныя з часоў СССР».

Цыганкоў: Што ўяўлялі эканамічныя погляды Сяргея Ткачова, які быў вядомым прыхільнікам плянавай эканомікі?


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: Выглядае, што ягоныя погляды засталіся нязьменныя з часоў СССР. Ён выхоўваўся на палітэканоміі, якая ніколі на пераймалася тым, як працуе рынкавая эканоміка. Ён быў дагматыкам, які адстойваў плянавыя, адміністратыўныя мэтады кіраваньня эканомікай.


Цыганкоў: Як вядома, Ткачоў нават выказваў ідэю адраджэньня Дзяржпляну. І гэта было выказана не ў 1992 годзе, а зусім нядаўна.


Злотнікаў: На самой справе функцыі плянаваньня ў нас выконвае Міністэрства эканомікі. Дзяржплян зараз немагчымы, ён быў у часы СССР, калі нашаму трактарнаму заводу устанаўліваліся паказчыкі, што адкуль атрымліваць і куды пастаўляць машыны. Зараз гэта немагчыма, бо вакол Беларусі дзяржавы з рынкавай эканомікай. І гэта выдатна гаворыць пра ўзровень сьветапогляду Ткачова


Цыганкоў: Сяргей Ткачоў працаваў у структурах улады ў часе, калі ўжо існавала больш-менш рынкавая рэальнасьць нават у Беларусі. Якія парады даваў Ткачоў кіраўніцтву краіны, наколькі яны супадалі з рэальнасьцю?


«Гэта людзі адной мадэлі.»


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Багданкевіч: Ткачоў і Пракаповіч — перакананыя прыхільнікі адміністратыўна-каманднай эканомікі. Я ня бачу вялікай розьніцы паміж Ткачовым і Пракаповічам. Адзін артадаксальны прыхільнік адміністратыўна-каманднай эканомікі, іншы — больш лібэральны прыхільнік такой эканомікі. Яны былі запрошаныя Лукашэнкам, бо былі блізкія паводле перакананьняў самому кіраўніку дзяржавы.


Цыганкоў: Але ж вы самі ня раз прызнавалі, што Пракаповіч шмат чаму навучыўся падчас знаходжаньня на пасадзе Старшыні Нацбанку.


Багданкевіч: Пракаповіч, сапраўды, у адрозьненьні ад іншых, умее вучыцца. Пракаповіч мае досьвед. Бо па сутнасьці ён галоўны віноўнік таго фінансавага крызісу, які здарыўся ў 2011 годзе. Можа цяпер ён пачне разумець, што нельга проста так друкаваць грошы.


Але я гавару, што гэта людзі адной мадэлі. Прызначэньне Пракаповіча адбылося з-за ягонай асабістай адданасьці Лукашэнку. Але ён дазваляў сябе з рынкавых пазыцыяў крытыкаваць той урад, што быў да Мясьніковіча. Зь іншага боку, ён сёньня вылучае шмат ідэяў, які не зьяўляюцца рынкавымі — кажа пра штучнае зьніжэньне працэнтнай стаўкі, пра тое, што трэба штучна падаграваць попыт.


Цыганкоў: Апошнія месяцы падчас прыняцьця нейкіх эканамічных рашэньняў назіральнікі часам заяўлялі, што адміністрацыя прэзыдэнта перамагла ўрад. Лічылася, што больш рынкавы ўрад процістаіць больш кансэрватыўнай у эканамічных пытаньнях адміністрацыі. Цяпер, калі ў Адміністрацыі эканомікай займаюцца Тур і Пракаповіч — ці можна сказаць, што такога антаганізму больш ня будзе?


«Цяпер не Лукашэнка, а Пракаповіч будзе цяпер аказваць ціск на Нацбанк»



Злотнікаў: Цяжка сказаць. Бо галоўную ролю адыграе сам Лукашэнка. У ягоным атачэньне хапае яшчэ эканамістаў, якія вызнаюць адміністратыўна-камандныя мэтады ў эканоміцы. Гэта лінія ня зломленая.


Але я думаю, што з прыходам Пракаповіча замест Ткачова нейкі зрух у бок рынкавых мэтадаў будзе. Гэта ня будзе лібэральны рынак, бо няма прыватызацыі, няма свабоды цэнаў. Але будзе больш гнуткая і разумная крэдытна-грашовая палітыка.


Апошнім часам Лукашэнка шмат сустракаўся з Старшынёй Нацбанку Ермаковай, і яна відавочна адстойвала жорсткую фінансавую палітыку, больш жорсткую, чым гэта хацелася б прэзыдэнту. Я нагадаю, што Пракаповіч заўсёды быў прыхільнікам больш мяккай крэдытнай палітыкі, прыхільнікам выдачы крэдытаў прадпрыемстваў, друкаваньня грошай дзеля росту эканомікі. Гэтыя памылкі ён зрабіў у 2011 годзе, гэтыя памылкі ён, відаць, мяркуе рабіць і сёлета.


Так што цяпер не Лукашэнка, а Пракаповіч будзе цяпер аказваць ціск на Нацбанк дзеля памякчэньня крэдытнай палітыкі. Пракаповіч будзе больш разумець чым Ткачоў у гэтым працэсе, бо ён больш адукаваны. Але нельга казаць, што з-за гэтых кадравых пераменаў неяк кардынальна зьмянілася беларуская эканамічная палітыка


Цыганкоў: Ці можна сказаць у цэлым, што кіраўніцтва краіны падыходзіць да неабходнасьці большых рынкавых пераўтварэньняў? Варта таксама нагадаць, што Пракаповіч лічыцца прыхільнікам цеснага супрацоўніцтва з МВФ.


Багданкевіч: Гэта не рашэньне праблемы. Калі б вырашылі мяняць мадэль эканамічнага разьвіцьця, трэба было прыцягваць ва ўладу новых людзей, з рынкавым мысьленьнем. Бо няма лёгікі ў прызначэньні Пракаповіча. Калі адбываецца крызіс — тады кіраўнікі, якія вінаватыя ў гэтым, ідуць у адстаўку, ідзе пошук новых шляхоў разьвіцьця, новых праграмаў. А ў нас старыя кадры вяртаюцца да кіраваньня. Трэба кардынальна мяняць падыходы, і пачаць з кадраў. Гэтага не адбылося.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG