Новы закон дае расейскай мове афіцыйны статус у 13 з 27 рэгіёнаў краіны. Пры гэтым, украінская застаецца адзінай дзяржаўнай мовай краіны.
Вярхоўная Рада прыняла «моўны закон» 3 ліпеня. Такое рашэньне парлямэнту прывяло да шэрагу акцыяў пратэсту ў розных рэгіёнах Украіны, абумоўленых тым, што закон істотна пашырае сфэру прымяненьня ва Ўкраіне расейскай мовы. Аднак нягледзячы на непрыманьне закону часткай насельніцтва Ўкраіны, 31 ліпеня яго падпісаў сьпікер парлямэнту Ўладзімер Літвін, а 8 жніўня — прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.
7 жніўня Віктар Януковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай інтэлігенцыі паабяцаў, што закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі дапрацуюць і выправяць на працягу месяца.
Як паведаміў Радыё Свабода тады ўдзельнік сустрэчы, пісьменьнік Дзьмітры Стус, прэзыдэнт «зразумеў, наколькі значную праблему для ўкраінскага мовы ўяўляе гэты законапраект і ініцыяваў стварэньне камісіі па дапрацоўцы законапраекту. Паводле яго словаў, падпісаньне закону або адкладуць да верасьня, калі закон будзе дапрацаваны, і толькі пасьля гэтага яго падпіша кіраўнік дзяржавы, ці ж ён набудзе моц бліжэйшым часам, а ў верасьні ў яго ўнясуць неабходныя зьмены».
На наступны дзень пасьля гэтай сустрэчы Віктар Януковіч падпісаў моўны закон.
Акрамя таго, паводле дасьледаваньняў, прыняцьце «моўнага закону» падтрымліваюць 34% апытаных, не падтрымліваюць — 42%.
«Таксама мы спыталі: якая мова, на вашу думку, патрабуе большай абароны на заканадаўчым узроўні? 37% апытаных лічаць, што ўкраінская мова патрабуе большай абароны, толькі 18% — удвая менш — лічаць, што расейская. Яшчэ 34% лічаць, што ніводная з моваў не патрабуе, паколькі яны дастаткова абароненыя. Гэта значыць, Партыя рэгіёнаў зараз фактычна арыентуецца на гэтыя 18%», — канстатуе Аляксей Анцыповіч.