Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы ўкраінскай мовы пераканалі Януковіча


Акцыя пратэсту ў Кіеве супраць русыфікацыі
Акцыя пратэсту ў Кіеве супраць русыфікацыі

Закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі дапрацуюць і выправяць на працягу месяца. Гэта паабяцаў прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай інтэлігенцыі, якая завяршылася ў ягонай крымскай рэзыдэнцыі.

Як паведаміў Радыё Свабода ўдзельнік сустрэчы, пісьменьнік Дзьмітры Стус, сустрэча доўжылася дзьве гадзіны, і прэзыдэнт «зразумеў, наколькі значную праблему для ўкраінскай мовы ўяўляе гэты законапраект».

«Удзельнікі сустрэчы, сярод якіх і першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, і акадэмік Мікалай Жулінскі, выказалі да гэтага дакумэнту шмат заўвагаў. Як вынік, прэзыдэнт ініцыяваў стварэньне камісіі па дапрацоўцы законапраекту. Паводле яго словаў, падпісаньне закону або адкладуць да верасьня, калі закон будзе дапрацаваны, і толькі пасьля гэтага яго падпіша кіраўнік дзяржавы, ці ж ён набудзе моц бліжэйшым часам, а ў верасьні ў яго ўнясуць неабходныя зьмены», — распавёў Стус.

Па словах пісьменьніка, як менавіта паступіць, прэзыдэнт вырашыць пасьля кансультацыяў зь юрыстамі. Падчас сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што настроены падтрымліваць і разьвіваць ўкраінскую мову.

Раней украінскія СМІ апублікавалі ліст да Віктара Януковіча актора Багдана Ступкі, яшчэ перад яго сьмерцю, і паэта Івана Драча, якія папярэдзілі пра тое, што выйдуць з Гуманітарнай рады пры прэзыдэнце Ўкраіны, калі яна не асудзіць моўны закон. Яны назвалі закон спробай «ўзаконіць русыфікацыю Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG