Арганізатары «плюшавага дэсанту», прадстаўнікі швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total, не чакалі гэтакіх сур’ёзных наступстваў ад праведзенай акцыі.
Так пракамэнтаваў БелаПАН учорашнія адстаўкі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў Томас Мазэці. Ён пілятаваў лёгкаматорны самалёт, які парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі.
«Мы, прызнацца, не чакалі, што ў нашай акцыі будуць такія сур’ёзныя наступствы. Ведаеце, мы зрабілі гэта таму, што любім людзей Беларусі. У вас шмат добрых, адважных журналістаў, і мы проста хацелі выказаць ім нашу падтрымку. Мы ні ў якім разе ня ставілі мэтай падставіць кагосьці пад звальненьне, вымовы. Сэнс нашай акцыі быў у тым, каб паказаць: беларускі народ падтрымліваюць у сьвеце», — сказаў Мазэці.
На яго думку, звольненыя начальнікі «вінаватыя ня больш, чым сам Лукашэнка». «Але кіраўнік Беларусі спрабуе знайсьці кагосьці, на каго можна зваліць віну», — дадаў швэд.
Мазэці яшчэ раз падкрэсьліў, што ўсю неабходную інфармацыю пра беларускую сыстэму СПА ўдзельнікі «плюшавага дэсанту» бязь цяжкасьці знайшлі ў інтэрнэце. «Усё, што нам было трэба, мы адшукалі ў сеціве. У беларускай СПА было зусім няцяжка разабрацца, бо гэта вельмі старая, ня надта добрая сыстэма. Нам было нескладана яе абысьці», — заявіў супрацоўнік Studio Total.
Ён таксама паведаміў, што арганізатары акцыі спрабавалі выйсьці на кантакт зь беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб інфармаваць іх пра свае дзеяньні. «Але яны чамусьці ня хочуць з намі размаўляць. Я ня ведаю, чаму», — сказаў Томас Мазэці.
Самалёт са швэдамі на борце перасек мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня з боку Літвы. Над Івянцом і Менскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзьведзікаў. Адказнасьць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Беларускія вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі факт незаконнага перасячэньня мяжы замежным самалётам, пакуль арганізатары акцыі ня выклалі ў інтэрнэце відэа, якое пацьвярджае яго.
31 ліпеня Лукашэнка вызваліў ад займаных пасадаў старшыню Дзяржпамежкамітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».
Акрамя таго, аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.
КДБ тым часам расьсьледуе крымінальную справу па факце перасячэньня дзяржаўнай мяжы. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую справу, ніякіх камэнтароў КДБ не дае. Паводле неафіцыйных зьвестак, абвінавачаньні прад’яўленыя двум фігурантам. Адзін зь іх — 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў. Другі — Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога швэды — удзельнікі акцыі маглі здымаць жыльлё.
У дачыненьні да Сурапіна ўзбуджаная крымінальная справа паводле часткі 3 артыкула 371 Крымінальнага кодэксу. Ён абвінавачваецца ў «наўмысным спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы, зьдзейсьненаму арганізаванай групай асоб». Башарымаву нібыта ўжо прад’яўлена абвінавачаньне ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы.