Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэр Кромвэл: Лукашэнка ня меў выбару, як прызнаць наш палёт


Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што над Беларусьсю 4 ліпеня незаконна лётаў швэдзкі лёгкаматорны самалёт, і паабяцаў пакараць вайскоўцаў, вінаватых у «галавацяпстве». Як прызнаньне факту палёту можа адбіцца на лёсе затрыманых у гэтай справе журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава?

26 ліпеня на нарадзе аб стане працы па прывядзеньні Ўзброеных сіл і Дзяржпагранкамітэту ў адпаведнасьць з сучаснымі патрабаваньнямі Аляксандар Лукашэнка прызнаў факт палёту над Беларусьсю 4 ліпеня швэдзкага самалёта. Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што «гэты самалёт быў своечасова выяўлены», і выказаў зьдзіўленьне, што палёт своечасова не спынілі.

«Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылка ў сыстэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы?» — задаўся пытаньнем Аляксандар Лукашэнка і паабяцаў у панядзелак, 30 ліпеня, назваць вінаватых і абвясьціць кадравыя рашэньні. Пры гэтым Лукашэнка паведаміў, што ён «не сьпяшаўся з прыняцьцем рашэньня» на просьбу вайскоўцаў дасканала ўсё расьсьледаваць, але зараз, мяркуе кіраўнік краіны, інцыдэнт з самалётам расьсьледаваны дасканала.

Паводле Пэра Кромвэла, кіраўніка швэдкай фірмы «Studio Total», які арганізаваў палёт самалёта над Беларусьсю, у Лукашэнкі не было шансаў не прызнаваць факт палёту, асабліва пасьля арышту людзей. Але ці вызваліць ён тых, хто ў гэтай справе не вінаваты?

Пэр Кромвэл
Пэр Кромвэл
«Яго ўсё больш бянтэжыла, што ён арыштаваў людзей у гэтай справе і ня можа гэта прызнаць для грамадзтва. Таму ў яго не было выбару, як толькі прызнаць у выніку, што адбылося. Але зараз самае галоўнае — што далей будзе з Сурапіным і Башарымавым? Мяркую, сьледчыя не зрабілі сваю справу добрасумленна і прадставілі яму недакладныя зьвесткі пра віну гэтых людзей. Ня маю ўяўленьня, як яны будуць даводзіць у судзе тое, чаго не было, віну гэтага цывільнага хлопца і журналіста, якія нічога не зрабілі дрэннага. Не ўяўляю, якія павінны быць доказы гэтага».

Пэр Кромвэл паведаміў, што дагэтуль ня мае адказу ад беларускіх уладаў на прапанову прыехаць у Беларусь і распавесьці, як удалося падмануць беларускія часткі супрацьпаветранай абароны.

Маці фатографа Антона Сурапіна, які першым зьмясьціў у інтэрнэце фота плюшавых мядзьведзікаў, скінутых са швэдзкага самалёта над Івянцом, спадзяецца, што прызнаньне факту гэтага палёту станоўча адаб’ецца на лёсе яе сына.

Алена Сурапіна
Алена Сурапіна
Алена Сурапіна: «Калі будуць разьбірацца сумленна, то гэта дапаможа Антону, калі ўсё будзе па справядлівасьці. Хай адказваюць тыя, хто сапраўды вінаваты, хто прапусьціў гэты самалёт. А пры чым тут іншыя? Але пэўнай думкі я ня маю. Мне літаральна пазванілі а палове на другую і паведамілі пра гэта, дык я яшчэ „ператраўліваю“ навіну».

Алена Сурапіна паведаміла, што чакае размовы з адвакатам, які мае сёньня наведаць яе сына ў «амэрыканцы».

Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня паводле падазрэньня ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў. Праз 10 дзён яму працягнулі тэрмін затрыманьня, але маці не паведамілі, ці выставілі яму афіцыйнае абвінавачаньне. Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачаньне выставілі, але ад маці гэта хаваюць.

Менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў, які зьбіраўся здаць кватэру швэдам, затрыманы 6 ліпеня. Паводле сваякоў, яму выставілі абвінавачаньне ў спрыяньні групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы. Зараз сваякі Башарымава не кантактуюць з журналістамі.

У КДБ Беларусі па-ранейшаму не камэнтуюць затрыманьне Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG