Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярныя казлы


Аляксандар Лукашэнка стрымаў сваё слова. Анансаваныя гучныя адстаўкі адбыліся. Справядлівасьць адноўлена, вінаватыя пакараныя. Як і павінна быць у дзяржаве з строгім, але справядлівым правадыром. Бо цар ня мажа быць у чымсьці вінаватым, ён заўсёды мае рацыю. І калі здараецца непрыемнасьць, то на кол садзяць баяраў. Як і павінна быць ў фэадальнай дзяржаве.

Але штосьці муляе; не дае спакою думка, што нешта тут ня так. Пры больш уважлівым аналізе зьяўляецца адчуваньне, што перад намі разыгрываецца нейкі спэктакль. Што суд зусім не справядлівы. Што знойдзены проста ахвярныя казлы. Што Лукашэнка выкарыстаў скандал з швэдзкімі самалётамі, каб ператасаваць кадры, зыходзячы з зусім іншых меркаваньняў, далёкіх ад ступені віны кіроўных генэралаў.

Ня трэба быць вялікім адмыслоўцам, каб разумець, што ў бесьперашкодным пралёце праз мяжу швэдзкага самалёту найперш вінаватыя вайскоўцы. Дала маху супрацьпаветраная абарона. Таму, здавалася б, першы кандыдат на адстаўку - гэта міністар абароны Юрый Жадобін. Але ён атрымаў толькі папярэджаньне аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.

Адпраўлены ў адстаўку камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёр Дзьмітрый Пахмелкін. Здавалася б, усё правільна. Але зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ён заступіў на сваю пасаду толькі паўгода таму. Да таго ж вядома, што СПА аб’ектыўна зь вялікімі цяжкасьцямі фіксуе аб’екты, якія нізка лятуць. Прычым гэта праблема ня толькі беларускай СПА.

Затое адпраўлены ў адстаўку старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі. Памежнікі ня маюць такіх сродкаў кантролю за паветрам, як вайскоўцы. Яны могуць назіраць за небам хіба што празь біноклі. Але біноклі як сродак кантролю за паветрам у ХХІ стагодзьдзі выглядаюць трохі экзатычна. Тым ня менш кіраўнік памежнага камітэту страціў сваю пасаду.

Адразу згадваецца гісторыя чатырохгадовай даўніны. 4 ліпеня 2008 году ў Менску падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці адбыўся выбух, пацярпела шмат людзей. Падзея набыла вялікі, скандальны рэзананс. Трэба было шукаць вінаватых.

Было відавочна, што найперш вінаватая міліцыя. Менавіта яна адказвала за ахову масавага мерапрыемства. Таксама праваліўся КДБ, функцыяй якога зьяўляецца барацьба з тэрарызмам. З улікам таго, што на сьвяточным канцэрце прысутнічаў Лукашэнка, павінна была трымаць сытуацыю пад кантролем і Служба бясьпекі прэзыдэнта.

Але кіраўнікі ўсіх гэтых ведамстваў захавалі свае пасады. А Лукашэнка нечакана адправіў у адстаўку сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана.

То бок, скарыстаўшыся нагодай, прэзыдэнт пазбавіўся ад чыноўніка, які нечым перастаў задавальняць яго. Цяпер бачна тая ж схема.

Яшчэ адно цікавае назіраньне. Вядома, што Рачкоўскі – чалавек блізкі да Віктара Лукашэнкі, амаль што сябра. Усе пісалі, што ягонае ўзвышэньне сьведчыла пра рост палітычнай вагі старэйшага сына прэзыдэнта, маўляў Віктар ужо сам падбірае кадры ў сілавыя структуры. І на гэтай падставе шмат хто рабіў выснову, што Рачкоўскі – асоба недатыкальная.

А вось жа высьветлілася, што гэта ня так. Што высновы пра вялікую палітычную вагу Віктара трохі перабольшаныя. Палітыку ў краіне, у тым ліку, кадравую, вызнае адзін чалавек – Аляксандр Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG