Freedom House: сытуацыя ў Беларусі пагоршылася

Сёньня міжнародная дасьледная арганізацыя Freedom House абнародавала сваю штогадовую справаздачу «Транзытныя нацыі» пра стан дэмакратыі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і ў Эўразіі.

У дакумэнце адзначаецца рост антыдэмакратычных тэндэнцый у Вугоршчыне і Ўкраіне, якія могуць распаўсюдзіцца на іншыя краіны рэгіёну. Паводле Freedom House ў 2011 годзе адбылося істотнае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі.

Freedom House вылучае 7 парамэтраў, сярод якіх – стан грамадзянскай супольнасьці, выбарчага працэсу, мэдыяў, узровень карупцыі і іншыя. Ацэнка робяцца па 7-бальнай шкале, 1 бал азначае найлепшае становішча, 7 – найгоршае.

Па выніках 2011 году Freedom House адносіць да паўкансалідаваных дэмакратый у рэгіёне Харватыю, Сэрбію, Чарнагорыю і Македонію, да гібрыдных рэжымаў – Украіну, Грузію і Малдову, да паўкансалідаваных аўтарытарных рэжымаў – Армэнію, да кансалідаваных аўтарытарных рэжымаў – Азэрбайджан, Беларусь, Кіргізстан, Расею, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан. За год ацэнка Беларусі зьнізілася з 6.57 да 6.68 балаў, паводле Freedom House, горшая, чым у Беларусі, сытуацыя толькі ў Туркмэністане і Ўзбэкістане.

Дынаміка рэйтынгу Беларусі паводле Freedom House


2003 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012

6.46

6.54 6.64 6.71 6.68 6.71 6.57 6.5 6.57 6.68

У дакладзе адзначаецца, што стан дэмакратыі ў краінах Эўразіі ці пагоршыўся ці застаўся бязь зьменаў. Асьцерагаючыся пераносу досьведу паўстаньняў у арабскім сьвеце, аўтарытарныя рэжымы ў Беларусі, Азэрбайджане і Казахстане абрынулі рэпрэсіі на незадаволеных. У справаздачы гаворыцца, што ўціск палітычнай апазыцыі ў Беларусі, які распачаўся пасьля ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году, працягваўся ў 2011 годзе. Сотні ўдзельнікаў акцый пратэсту зазналі перасьлед, былі затрыманыя і асуджаныя. Другая хваля рэпрэсій адбылася ў чэрвені і ліпені супраць удзельнікаў бяскрыўных акцый бязмоўных аплядысмэнтаў. Гэтая хваля суправаджалася палітычна матываванымі арыштамі і асуджэньнем вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Паводле Freedom House, у Беларусі за год адбылося пагаршэньне сытуацыі ў опцыях незалежнасьць і якасьць судовай сыстэмы, становішча грамадзянскай супольнасьці і ўзровень карупцыі.

Што тычыцца сытуацыі ў іншых краінах рэгіёну, то паводле Дэвіда Крэмэра, прэзыдэнта Freedom House, «прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан і ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч усталі на шлях разбурэньня сыстэмы стрымліваньня і супрацьвагаў. Яны, здаецца, дамагаюцца «пуцінізацыі» сваіх краін, што выглядае парадаксальным, калі ўлічыць, што ў самой Расеі пуцінізм у значнай ступені дыскрэдытаваны ў мінулым годзе, а простыя расейцы ўсё часьцей імкнуцца дамагацца гарантый падсправаздачнасьці і транспарэнтнасьці ўлады».
У прэс-рэлізе арганізацыі адзначаныя наступныя тэндэнцыі ў рэгіёне:

– У Расіі ашуканскія парлямэнцкія выбары і пэрспэктывы перадвызначанай прэзыдэнцкай улады выклікалі шырокія пратэсты ў сьнежні, але ўлады адмовіліся ад масавых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Тым ня менш, улады працягваюць выкарыстоўваць судовую сыстэму як сродак запалохваньня і перасьледу грамадзянскіх актывістаў.

– Роля грошай у палітыцы і эканамічная ўразьлівасьць сродкаў масавай інфармацыі зьяўляюцца адным з крытэрыяў глыбіні і трываласьці дэмакратыі ў новых краінах ЭЗ. Выклік дэмакратыі пагаршаецца працяглым эканамічным крызісам, паколькі ўрады змагаюцца зь ім непапулярнымі мерамі жорсткай эканоміі.

– Пагаршэньне якасьці і незалежнасьці судовай сыстэмы зьяўляецца праблемай амаль у кожнай транзытнай краіне рэгіёну. У 8 краінах – Альбаніі, Азэрбайджане, Беларусі, Баўгарыі, Вугоршчыне, Казахстане, Расеі і Ўкраіне – назіраецца рэгрэс паводле гэтага паказьніка.


Публікацыі пра папярэднія даклады Freedom House аб стане свабоды ў сьвеце:

http://www.svaboda.org/content/article/24248947.html
http://www.svaboda.org/content/article/2104172.html?s=1
http://www.svaboda.org/content/article/1766212.html
http://www.svaboda.org/content/article/1144777.html
http://www.svaboda.org/PrintView.aspx?Id=753687
http://www.svaboda.org/content/article/771183.html
http://www.svaboda.org/content/article/803566.html